Ван І правёў тэлефонную размову з кіраўніком МЗС Рэспублікі Карэя Чон Ый Енам
Член Дзяржсавету КНР, міністр замежных спраў Ван І 9 чэрвеня правёў тэлефонную размову з міністрам замежных спраў Рэспублікі Карэя Чон Ый Енам.
Ван І адзначыў, што пад кіраўніцтвам лідараў дзвюх дзяржаў адносіны паміж Кітаем і РК у цэлым развіваюцца паспяхова. Міжнародная і рэгіянальная абстаноўка апошнім часам мяняюцца вельмі імкліва, у сувязі з чым Кітаю і РК, будучы партнёрамі па стратэгічным супрацоўніцтве, варта своечасова ўзмацняць камунікацыю, падкрэсліў міністр. Ён таксама нагадаў, што ў наступным годзе адзначаецца 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі, таму бакам варта сумесна шанаваць назапашаныя дасягненні ў галіне супрацоўніцтва, а таксама ствараць спрыяльную атмасферу і неабходныя ўмовы для далейшага ўстойлівага развіцця міждзяржаўных адносін.
Ван І сказаў, што бакі павінны і далей выкарыстоўваць механізм сумеснай прафілактыкі і кантролю эпідэміі COVID-19 і "экспрэс-калідор", каб прадухіляць трансгранічнае распаўсюджванне віруса і забяспечваць перамяшчэнне неабходных кадраў. Паводле яго слоў, бакам таксама трэба паскорыць другі этап перамоў па пагадненні аб свабодным гандлі паміж Кітаем і РК, нарошчваць супрацоўніцтва ў галіне высокіх тэхналогій і новых галін прамысловасці, паглыбляць высакаякаснае і інтэграванае развіццё дзвюх дзяржаў.
Чон Ый Ен, у сваю чаргу, адзначыў, што РК, будучы суседам Кітая, надае павышаную ўвагу развіццю двухбаковых адносін стратэгічнага супрацоўніцтва і партнёрства, выконвае прынцып аднаго Кітая. Паводле яго слоў, РК гатовая разам з Кітаем паглыбляць палітычны ўзаемадавер, умацоўваць супрацоўніцтва ў розных галінах, каб яшчэ больш узбагаціць і прыўнесці рухаючую сілу ў двухбаковыя адносіны і накіраваць яшчэ больш пазітыўных сігналаў напярэдадні 30-й гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі.
Чон Ый Ен таксама выказаў зацікаўленасць паўднёвакарэйскага боку ў паляпшэнні адносін па лініі Поўнач - Поўдзень і садзейнічанні мірнаму працэсу на Карэйскім паўвостраве. Паводле яго слоў, ён спадзяецца, што кітайскі бок працягне адыгрываць важную канструктыўную ролю ў пытанні Карэйскага паўвострава.
Ван І, са свайго боку, выказаў падтрымку кітайскага боку ў паляпшэнні адносін па лініі Поўнач - Поўдзень і гатоўнасць прыкладаць намаганні для змякчэння напружанасці на Карэйскім паўвостраве. - Р -