Кітай запусціў пілатуемы касмічны карабель "Шэньчжоу-12" у рамках місіі па будаўніцтве касмічнай станцыі
Кітай у чацвер запусціў пілатуемы касмічны карабель "Шэньчжоу-12", які адправіў трох касманаўтаў на асноўны модуль касмічнай станцыі "Цяньхэ" для выканання трохмесячнай місіі.
Касмічны апарат, усталяваны на ракеце-носьбіце "Чанчжэн-2F", запушчаны з касмадрома Цзюцюань на паўночным захадзе Кітая, паведаміла Канцылярыя праграмы пілатуемай касманаўтыкі Кітая.
Гэта сёмы пілатуемы касмічны палёт Кітая і першы ў рамках місіі па будаўніцтве кітайскай касмічнай станцыі. Ён таксама з'яўляецца першым за апошнія пяць гадоў пілатуемым палётам Кітая.
У склад экіпажа ўваходзяць: камандзір Нэ Хайшэн, 56-гадовы дасведчаны касманаўт, які ўдзельнічаў у місіях "Шэньчжоу-6" і "Шэньчжоу-10", 54-гадовы Лю Бамін, які прыняў удзел у місіі "Шэньчжоу-7", і 45-гадовы Тан Хунбо, для якога гэты палёт у космас з'яўляецца першым. Яны, як чакаецца, усталююць новы рэкорд па працягласці пілатуемага касмічнага палёта ў Кітаі, перавысіўшы 33 рэкордных дня знаходжання ў космасе экіпажа карабля "Шэньчжоу-11" у 2016 годзе.
Пасля выхаду на арбіту касмічны карабель "Шэньчжоу-12" ажыццявіць стыкоўку з асноўным модулем касмічнай станцыі "Цяньхэ" і ўтворыць арбітальны комплекс з гэтым модулем і грузавым караблём "Цяньчжоу-2". Касманаўты будуць размешчаны ў асноўным модулі.
Па словах дырэктара Кітайскай пілатуемай касмічнай праграмы Хаа Чуня, іх праца будзе больш складанай у параўнанні з папярэднімі місіямі.
Як паведаміў памочнік дырэктара праграмы Цзі Цімін на прэс-канферэнцыі, якая адбылася на касмадроме Цзюцюань у сераду, члены экіпажа кбудуць выконваць чатыры асноўныя задачы на арбіце.
Па-першае, касманаўты будуць ажыццяўляць аператыўнае кіраванне комплексам асноўнага модуля, у тым ліку ім трэба будзе правесці арбітальныя выпрабаванні асноўнага модуля "Цяньхэ", ажыццявіць праверку функцыянавання сістэм утылізацыі адходаў жыццядзейнасці і жыццезабеспячэння, выпрабаваць і навучыцца эксплуатаваць рабатызаваны маніпулятар.
Па-другое, яны будуць перамяшчаць, збіраць і выпрабоўваць касмічныя скафандры, а таксама зробяць два выхады ў адкрыты космас, падчас якіх выканаюць шэраг заданняў.
Па-трэцяе, яны будуць праводзіць навуковыя эксперыменты і тэхналагічныя выпрабаванні, а таксама праводзіць навукова-папулярныя мерапрыемствы.
Па-чацвёртае, яны будуць падтрымліваць сваё здароўе пры дапамозе штодзённага догляду, фізічных практыкаванняў, а таксама рэгулярнага маніторынгу і ацэнкі стану ўласнага здароўя.