Кітай заклікаў дзяржавы-члены ШАС да ўмацавання супрацоўніцтва ў сферы бяспекі
Член Дзяржсавету КНР, міністр грамадскай бяспекі Чжаа Кэчжы 23 чэрвеня заклікаў дзяржавы-члены Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ўзмацняць стратэгічнае ўзаемадзеянне, а таксама працягваць умацоўваць кансенсус па пабудове супольнасці адзінага лёсу ў сферы бяспекі.
Такую заяву Чжаа Кэчжы зрабіў на 16-м пасяджэнні сакратароў Саветаў бяспекі дзяржаў-членаў ШАС, якое адбылося ў рэжыме відэасувязі.
Ён заклікаў усе бакі ўзгадняць пазіцыі па Афганістане, спрыяць упарадкаванаму вываду замежных узброеных сіл з гэтай краіны, кіруючыся адказным падыходам, падтрымліваць усе бакі ў Афганістане ў дасягненні палітычнага пагаднення, прымальнага для ўсіх у рамках працэсу, які ажыццяўляецца "самімі афганцамі і пад іх кіраўніцтвам", а таксама сумесна прасоўваць працэс нацыянальнага прымірэння ў краіне.
Усім бакам варта процідзейнічаць палітыцы унілатэралізму, супрацьстаяць вонкаваму ўмяшанню, абараняць міжнародную сістэму, ядром якой з'яўляецца ААН, і сусветны парадак, заснаваны на міжнародным праве, а таксама агульнымі намаганнямі падтрымліваць гармонію і спакой у рэгіёне, сказаў Чжаа Кэчжы.
Ён заклікаў усе бакі змагацца з транснацыянальнай злачыннасцю, умацоўваць прагматычнае супрацоўніцтва ў барацьбе з "трыма сіламі зла" / тэрарызм, экстрэмізм і сепаратызм /, вытворчасцю і абаротам наркотыкаў, махлярствам у сферы тэлекамунікацый і інтэрнэту, трансгранічнымі азартнымі гульнямі і злачынствамі, звязанымі з эпідэміямі, а таксама сумесна абараняць законныя правы і інтарэсы народаў усіх краін.
Міністр таксама заклікаў усе бакі ўзмацняць абарону інфармацыі, забяспечваць бяспеку даных і актыўна будаваць супольнасць адзінага лёсу ў кіберпрасторы, якая будзе мірнай, бяспечнай, адкрытай, сумеснай і спарадкаванай.