У Кітаі прадстаўлены гістарычныя матэрыялы аб 1-м з'ездзе Сацыялістычнагасаюза моладзі Кітая
На выставе ў горадзе Гуанчжоу /прав. Гуандун, Паўднёвы Кітай/, прысвечанай 1-му з'езду Сацыялістычнага саюза моладзі Кітая, прадстаўлены шэраг гістарычных матэрыялаў, арыгіналы якіх былі знойдзеныя ў Маскве.
У траўні 1922 года ў г. Гуанчжоу адбыўся 1-ы з'езд Сацыялістычнага саюза моладзі Кітая, падчас якога ўпершыню была ўсталяваная структура саюза і зацверджаны марксізм як ідэалагічная аснова аб'яднання. У сувязі з гістарычнымі абставінамі таго перыяду, нямала матэрыялаў, звязаных з гэтым з'ездам, да гэтага часу захоўваліся ў Расіі.
У 2013 годзе група экспертаў з розных раёнаў Кітая адправілася ў Маскву, каб даследаваць архіўныя матэрыялы, якія праліваюць святло на гісторыю з'езда. Эксперты знайшлі ў Расійскім дзяржаўным архіве сацыяльна-палітычнай гісторыі істотную колькасць матэрыялаў, якія адносяцца да перыяду заснавання саюза. На думку даследчыкаў, гэтыя дакументы падалі каштоўныя зыходныя даныя для вывучэння гісторыі Кампартыі Кітая і Камуністычнага саюза моладзі Кітая, асабліва ранніх этапаў іх гістарычнага развіцця.
"Гістарычныя матэрыялы дапамагаюць скласці больш цэласную карціну пачатку і далейшага развіцця ў розных раёнах Кітая моладзевых рухаў, якія праходзілі пад кіраўніцтвам КПК у перыяд да- і пасля з'езду, і атрымаць больш глыбокія веды аб тым, як сфарміравалася камсамольская арганізацыя ў краіне", -- адзначыў эксперт Лю Цзыцзянь. Паводле яго слоў, сістэматычнае вывучэнне каштоўных матэрыялаў, якія захоўваюцца ў Расіі, будзе садзейнічаць культурнаму абмену паміж дзвюма краінамі.