СААЗ рэкамендуе краінам без панікі рыхтавацца да распаўсюджвання амікрон-штаму

2021-12-06 13:10:42
Comment
Share
Share this with Close
Messenger Messenger Pinterest LinkedIn

Павялічыць ахоп вакцынацыі, рыхтаваць сістэмы аховы здароўя і ўстрымацца ад панікі. Такія рэкамендацыі СААЗ на фоне распаўсюджвання амікрон-штаму каронавіруса. Ступені яго заразнасці і небяспекі, нагадваюць эксперты, усё яшчэ невядомая - на сёння даступныя толькі папярэднія даныя. Каб паскорыць працэс іх збору, група спецыялістаў СААЗ адправілася ў паўднёваафрыканскую правінцыю Гаўтэнг.

Шлях ад трохсот да трох тысяч новых выпадкаў за дзень у ПАР прайшлі менш чым за тыдзень. Рэзкі рост захворвання звязваюць з распаўсюджваннем амікрон-штаму. Ступень яго небяспекі па-ранейшаму невядома, аднак урачы адзначаюць, што ў бальніцы зараз трапляе ўсё больш дзяцей - прычым неабавязкова ў цяжкім стане.

Спецыяліст Нацыянальнага інстытута інфекцыйных захворванняў ПАР Васіла Джасат заявіла: “Ёсць верагоднасць, што пацыентаў зараз шпіталізуюць у якасці меры засцярогі, пакуль ёсць вольныя ложкі. З-за гэтага ў шпіталі трапляе больш дзяцей, якіх раней не прынялі б з-за неадпаведнасці крытэрыям”.

У ПАР таксама адзначаюць, што цяперашняя ўспышка характарызуецца вялікай колькасцю заражэнняў сярод людзей, якія ўжо перахварэлі.

Мішэль Грум, галоўны эпідэміёлаг Нацыянальнага інстытута інфекцыйных захворванняў Паўднёвай Афрыкі, адзначыла: “Мяркуючы па папярэдніх даных, гэты штам больш заразны, а таксама здольны абыходзіць імунітэт. Але ўсё гэта не кажа пра тое, што “амікрон” выклікае больш цяжкае цячэнне хваробы”.

З-за рэзкага росту захворвання ў краіне асцерагаюцца жорсткага лакдаўна на снежаньскія святы. Улады, зрэшты, пакуль не спяшаюцца ўводзіць новыя захады.

Міністр аховы здароўя ПАР Джо Фахла заявіў: “Мы ўсё яшчэ можам паспяхова правесці святочны сезон. У нас усё яшчэ ёсць шанец пазбегнуць уводу сур'ёзных абмежаванняў. Для гэтага мы проста павінны прытрымлівацца базавых эпідэміялагічных рэкамендацый, а таксама больш актыўна вакцыніраваць усіх, хто старэйшы за 12 гадоў”.

З-за "амікрона" ў пунктах вакцынацыі па ўсёй краіне пачалі выстройвацца чэргі.

У СААЗ зазначаюць, што дзякуючы хуткай рэакцыі ПАР і Батсваны ў іншых краін з'явіліся ўсе магчымасці падрыхтавацца да амікрон-штаму. У арганізацыі мяркуюць, што ўжо праз некалькі тыдняў ён распаўсюдзіцца паўсюль, аднак сустракаць яго лепш без панікі і ў поўным узбраенні - з адладжанай сістэмай тэсціравання, свабоднымі бальніцамі і вакцыніраваным насельніцтвам.

Related stories

ПАДЗЯЛІЦЦА

ПАПУЛЯРНЫЯ