Каманда навукоўцаў тэлескопа FAST атрымала новыя даныя аб умовах зараджэння касмічных свяцілаў

2022-01-07 13:54:05
Comment
Share
Share this with Close
Messenger Messenger Pinterest LinkedIn

Каманда навукоўцаў сферычнага радыётэлескопа FAST, таксама вядомага як "Нябеснае вока Кітая", змагла вымераць дакладную напружанасць магнітнага поля ў далёкім малекулярным воблаку. Гэта вобласць міжзоркавай прасторы, дзе фарміруюцца новыя зоркі. Вынікі даследавання апублікаваны ў апошнім выпуску навуковага часопіса "Nature". І гэта толькі адно з адкрыццяў звышадчувальнага кітайскага радыётэлескопа за апошні час.

FAST або «Нябеснае вока» - гэта найбуйнейшы ў сваім класе сферычны тэлескоп з апертурай 500 метраў. Яго адчувальнасць удвая вышэй, чым у абсерваторыі Арэсіба ў Пуэрта-Рыка. Новыя атрыманыя FAST даныя дазволілі міжнароднай групе навукоўцаў на чале з прафесарам Лі Дзі і доктарам Ван Пэй з Нацыянальнай астранамічнай абсерваторыі Кітайскай акадэміі навук кінуць выклік класічным тэорыям зоркаўтварэння.

Галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра эксплуатацыі і распрацовак радыётэлескопа FAST Лі Дзі ўпэўнены: "Цяпер з дапамогай FAST мы можам эксперыментаваць з інавацыйнымі метадамі, такімі як метад высокачашчыннага самапаглынання".

Каманда FAST дабілася дакладнага выяўлення эфекту Зеемана, гэта значыць прасачыла расшчапленне спектральнай лініі ў прысутнасці магнітнага поля. Вынік паказвае, што малекулярныя аблокі ў міжзоркавай прасторы дасягаюць крытычнай кропкі і калапсуюць у зоркі нашмат раней, чым лічылася раней. Да гэтага камандзе FAST атрымалася зафіксаваць рэкордную колькасць хуткіх радыёўсплёскаў - 1652 магутных сігналаў паступілі з глыбокага космасу на працягу 47-мі дзён. Гэтыя ўспышкі доўжацца тысячныя долі секунды і пры гэтым нясуць энергію, якую Сонца выдзяляе за некалькі дзён ці месяцаў. Паходжанне хуткіх радыёўсплёскаў хвалюе астраномаў усяго свету, і магчымасці FAST адкрываюць захапляльныя перспектывы сумеснага даследавання глыбокага космасу.

Малодшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай астранамічнай абсерваторыі Кітайскай акадэміі навук Ван Пэй кажа: "Касмічны тэлескоп Джэймса Уэба, які стартаваў у канцы снежня, FAST і іншыя тэлескопы змогуць праводзіць сумесныя назіранні. Гэта, безумоўна, трэнд будучыні, паколькі яны дапаўняюць адзін аднаго".

Калі ў першыя гады працы ў кітайскіх вучоных быў прыярытэт на карыстанне FAST, то з вясны мінулага года радыётэлескоп адкрыты для сумесных міжнародных праектаў. Таксама кіраўніцтва тэлескопа адвяло 1% часу назірання, гэта каля 50 гадзін за год, для вучняў пачатковых і сярэдніх школ. Магчыма, сярод іх будуць тыя, каму трэба будзе ў хуткім часе прывесці кітайскую радыёастраномію да лідарства ў свеце.

Related stories

ПАДЗЯЛІЦЦА

ПАПУЛЯРНЫЯ