У індустрыяльным парку "Вялікі камень" адкрыўся Кітайска-беларускі інавацыйны цэнтр навукова-тэхнічных дасягненняў

2020-12-24 16:55:31
Comment
Share
Share this with Close
Messenger Messenger Pinterest LinkedIn

У сераду ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" урачыста адкрыўся Кітайска-беларускі інавацыйны цэнтр навукова-тэхнічных дасягненняў. Яго адкрыццё будзе актыўна спрыяць стварэнню платформы навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі камень".

Пяціпавярховы будынак агульнай плошчай каля 19 тыс. кв. метраў быў пабудаваны за кошт кітайскай тэхніка-эканамічнай дапамогі. У ім размешчаны цэнтр прамежкавых выпрабаванняў і дробнасерыйнай вытворчасці навукова-тэхнічных дасягненняў, цэнтр дэманстрацыі навукова-тэхнічных дасягненняў, цэнтр перадачы правоў уласнасці, цэнтр камерцыялізацыі навукова-тэхнічных дасягненняў, цэнтр па працы бізнес-інкубатара, цэнтр па кіраванні кампаній з венчурным капіталам, цэнтр тэсціравання праграмнага забеспячэння і правядзення апаратурных тэстаў, прыкладны навукова-даследчы цэнтр, цэнтр аўтсорсінгу праграмнага забеспячэння, тэхнічныя памяшканні, зона грамадскага харчавання, а таксама знешнія камплектуючыя будынкі.

Кіраўнік адміністрацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі камень" Аляксандр Ярашэнка назваў адкрыты ў той дзень цэнтр ключавым і сістэмаўтваральным праектам для парку. «Цэнтр задумваўся як пляцоўка, каб даць штуршок развіццю стартапаў, праектаў, якія могуць прайсці шлях ад ідэі да камерцыйнага ўвасаблення", - растлумачыў ён.

Як стала вядома, ужо ўтвораны пул фінансавых удзельнікаў, якія дапамогуць стартапам. Акрамя таго, яны змогуць разлічваць на кансалтынгавую, юрыдычную, бухгалтарскую падтрымку. Аднак каб стаць суб'ектам інавацыйнай дзейнасці ў новым цэнтры, трэба будзе прайсці конкурсны адбор. Суб'ектам інавацыйнай дзейнасці будуць прадастаўлены ільготы, аналагічныя тым, якія ёсць у рэзідэнтаў парку. Праз два гады пры паспяховай рэалізацыі праекта яны змогуць стаць рэзідэнтамі "Вялікага каменя".

Генеральны дырэктар СЗАТ "Кампанія па развіцці індустрыяльнага парку" Янь Ган лічыць адкрыццё гэтага цэнтра гістарычнай вяхой. "Гэта першы цэнтр супрацоўніцтва ў галіне навукова-тэхнічных дасягненняў, які быў пабудаваны за мяжой за кошт кітайскай тэхніка-эканамічнай дапамогі. Гэта азначае, што Кітай падымаецца на яшчэ больш высокі ўзровень у галіне навукова-тэхнічнага і навукова-даследчага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі" , - адзначыў ён.

Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Се Сяаюн на цырымоніі адкрыцця інавацыйнага цэнтра навукова-тэхнічных дасягненняў адзначыў яго важнасць для развіцця навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва індустрыяльнага парку.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Круты назваў адкрыты Кітайска-беларускі цэнтр супрацоўніцтва ў галіне навукова-тэхнічных дасягненняў вельмі важным і знакавым аб'ектам. "З 68 рэзідэнтаў парку, якія на сёння зарэгістраваныя, 12 тычацца менавіта сферы навукі, інавацый, новых, абсалютна ўнікальных распрацовак. Гэта амаль 20 працэнтаў. Калі б у структуры інвестыцый нашай эканомікі выконвалася такая прапорцыя, я думаю, мы мелі б зусім іншую аддачу і іншую якасць інвестыцыйнага працэсу ў краіне. Парк ствараўся для рэалізацыі праектаў пераважна пятага і шостага ўкладаў, самых найноўшых распрацовак і інавацый, і ён выконвае сваю місію ", - сказаў ён.

Паводле яго слоў, падчас другога этапа развіцця парку і асваення тэрыторыі ў 850 гектараў тут плануецца стварыць разумны горад - экалагічны, з нестандартнымі рашэннямі, укараненнем перадавых інавацый у сферы тэлекамунікацый, інфармацыйных, мабільных, беспілотных тэхналогій, штучнага інтэлекту, квантавых вылічэнняў.

Каментуючы значэнне развіцця "Вялікага каменя" для ўзаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю, Се Сяаюн адзначыў, што Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк з'яўляецца найбуйнейшай замежнай зонай развіцця Кітая з высокім узроўнем супрацоўніцтва, а таксама ўзорным праектам супрацоўніцтва Кітая і Беларусі па будаўніцтве ініцыятывы "Пояс і шлях".

Се Сяаюн падкрэсліў, што пасольства КНР у Беларусі гатова сумесна з адпаведнымі беларускімі ведамствамі актыўна працаваць над рэалізацыяй важных дамоўленасцяў, дасягнутых кіраўнікамі дзвюх краін па будаўніцтве і развіцці індустрыяльнага парку, і прыкласці ўсе намаганні для ператварэння яго ў міжнародны прамысловы і навукова-тэхнічны горад з поўнай інфраструктурай, выдатным экалагічным асяроддзем, трывалым прамысловым кластарам і перадавым тэхналагічным узроўнем.

Related stories

ПАДЗЯЛІЦЦА

ПАПУЛЯРНЫЯ