Старэйшая белая ступа Пекіна. Храм Мяаін(7/12)

Published: 2021-07-08 17:34:40
Comment
Share
Share this with Close
Messenger Messenger Pinterest LinkedIn
7/12

Ліпень уступіў у свае правы, а гэта значыць, што ў сталіцы Паднябеснай усталявалася сапраўдная спякота. Пекін напоўнены паркамі, гэта горад з вялікай гісторыяй, што захавалася на вуліцах, у архітэктуры,а таму знайсці трошкі прахалоды ды яшчэ адкрыць для сябе нешта новае можна ў любым накірунку сталіцы. Зусім нядаўна, падарожнічаючы на веласіпедзе па прыгожых, далёкіх ад праспекта вуліцах, я ўбачыла белую вежу, архітэктура якой мне нагадала традыцыйную тыбецкую ступу. У гэтым месцы, амаль у самым цэнтры горада ёсць яшчэ адна знакамітая белая ступа, непадалёку ад гэтай, вядомая як белая Дагаба парка Бэйхай -- адзін з самых запамінальных сімвалаў кітайскай сталіцы.

Стыль пабудовы, праўда, у іх адрозніваецца, ды і ўзрост таксама. Я звярнулася да мясцовых жыхароў і яны мне назвалі імя месца, пра якое я вось так выпадкова даведалася. Храм Белай ступы (白塔寺) або храм Мяаін (妙 应 寺) – так называецца гэты прывабны закуток у самым цэнтры горада на вуліцы Фучэнмэн нэй.

На жаль, патрапіць унутр адразу мне не ўдалося – храм працуе для наведвальнікаў толькі да чатырох трыццаці.

Але вось у наступны ліпеньскі дзень, які выдаўся сапраўды гарачым, я была ўзнагароджана чароўным спакоем сярод шумнага горада і сапраўдным подыхам гісторыі, што лунае тут. Калі толькі ўявіць, што гады будаўніцва гэтага будыйскага храма 1271-1288, што архітэктар быў запрошаны спецыяльна з Непала, што цішыня і спакой тут, у цэнтры падаюцца зусім нерэальнымі, то пачуццё каштоўнасці адкрыцця, якое так раптоўна з вамі здарылася, застанецца надоўга. Мне здавалася, што час прыпыніўся і нібы гуляе з табой у гульню асацыяцый. Па ўспамінах жыхароў старога Пекіна, ды і сведчаннях на фотаздымках у зале музея храма Байтэсы – Белай ступы, яшчэ 60 гадоў таму тут было шумна і шматлюдна. Менавіта на тэрыторыі храма Мяаін і прылеглых да яго вуліцах ладзіліся вялікія храмавыя кірмашы, якія былі неад’емнай часткай святкавання Кітайскага новага года ў Пекіне.

У 50-я гады 20-га стагоддзя, на жаль, такія традыцыі былі скасаваныя, адрадзіліся яны толькі ў 80-я гады, але праходзілі ўжо, на жаль, у іншых месцах. Засталіся толькі ўспаміны ды фотаздымкі з часоў кірмашоў.

Традыцыя ладзіць кірмаш пры храме Белай ступы з'явілася ў перыяд паміж канцом дынастыі Цін і пачаткам Кітайскай рэспублікі (каля 1911 года). Аўтар кнігі «Запіскі аб Старым Пекіне» Ся Жэньху пісаў, што ў канцы дынастыі Цін кірмаш у храме Белай ступы быў адным з чатырох найбуйнейшых у Пекіне і праводзіўся не раз у год на Свята вясны, а кожны месяц чацвёртага і пятага чысла па месяцовым календары.

Ужо перад уваходам у храм размяшчалася мноства гандлёвых намётаў, у якіх прадаюць зацукраваныя ягады глогу на палачцы танхулу і напой з мукі з цукрам чатан. Гандляры прыносілі тавары і ўнутр храма на калясцы або ў каромысле.

На тэрыторыі храма невялікія крамы і гандлёвыя павільёны размяшчаліся ў дварах пад адкрытым небам, і за кожным відам тавара былі замацаваны свае месцы.

Можна ўявіць, як тут было ажыўлена і весела. Ды і зараз вакол храма ёсць шмат маленькіх крамаў, дзе можна набыць усё тое, што традыцыйна было на кірмашах. Але вярнуся да самой ступы. Гісторыя яе вельмі цікавая і даўняя. З’явілася яна ў гэтым месцы ў 1271 годзе, у перыяд дынастыі Юань, а адкрылася ў 1279. Вышыня яе – амаль 51 метр, а плошча -- 810 квадратных метраў. Была пабудавана яна спецыяльна запрошаным архітэктарам з Непала Арніка ў стылі ламаісцкай пагады. Дарэчы яму тут усталяваны помнік. Гэты майстар у свой час спрабаваў найбольш яскрава прадставіць Кітаю непальскую культуру. Прыехаўшы ў 1260 у Панябесную, на працягу 40 гадоў ён зрабіў вельмі шмат: заснаваў мастацкую школу, якая паўплывала на многія наступныя пакаленні, пабудаваў 9 манастыроў і 3 вялікія дагабы, вырабляў і размалёўваў скульптуры. Арніка ўнёс вялікі ўклад у мастацтва і адносіны паміж Непалам і Кітаем.

На тэрыторыі храма размешчаны дзве вялікія залы - Зала Нябесных цароў і Зала Чароўнай жамчужыны- люстэрка душы, а таксама званіца і Барабанная вежа.

Пагада складаецца з трох частак: п'едэстала, асноўнай часткі ў форме перавернутай чашы і шпіля. Фундамент шпіля мае форму кветкі лотаса. У верхняй яго частцы знаходзіцца вялікі бронзавы навес, па краях якога размешчаны статуі Буды і званы. З зямлі гэта нагадвае вялізны парасон з махрамі.

Яна стала першай белай ступай у тыбецкім стылі на тэрыторыі Кітая і да гэтага часу на яе арыентуюцца ў гэтай частцы горада: яе імем названы суседнія завулкі і аўтобусныя прыпынкі, і нават сетка аптэк традыцыйнай кітайскай медыцыны выкарыстала яе малюнак для свайго лагатыпа. Храм Мяаін некалькі разоў рэстаўраваўся, бо Таншаньскі землятрус прынёс значныя разбурэнні. Вярхушка пагады пакасілася, месцамі высыпалася цэгла з мура. Таму ў 1978 годзе былі праведзены маштабныя аднаўленчыя і рэстаўрацыйныя працы, падчас якіх былі знойдзеныя таксама многія схаваныя раней каштоўнасці. Пасля рэстаўрацыі праходзілі яшчэ некалькі разоў, апошні - у 2013-2015 гадах, а ў снежні 2015 храм Белай ступы ў раёне Січэн зноў адкрыўся для наведвальнікаў.

Зараз тут нешматлюдна, ціха і велічна. У кожнай з залаў ёсць статуі Буды, сюды прыходзяць памаліцца і пахадзіць вакол Белай дагабы – гэта нясе ачышчэнне і спакой. Я бачыла адну пару, якая абыходзіла вакол некалькі разоў са складзенымі ля сэрца рукамі. А яшчэ тут ёсць невялічкі музей, дзе можна ўбачыць каштоўнасці, знойдзеныя падчас рэстаўрацыі. Некаторым з іх – сапраўды шмат стагоддзяў. На інтэрактыўнай выставе, на вялікім экране можна даведацца і пра этапы рэстаўрацыі, і пра некаторыя дэталі з гісторыі храма Мяаін.

Увогуле, мяне не пакідала дзіўнае адчуванне павеваў часу і спакою прама ў сэрцы сталіцы, дзе звычайна шматлюдна. Храм Мяаін – не самы папулярны маршрут у турыстаў, якіх, трэба сказаць, у Кітаі значна меней, чым раней, у сувязі з пандэміяй. Але прыгажосць Белай ступы, яе выгляд, узвышанасць над мітуснёй прывабліваюць сапраўды і дораць атмасферу зачаравання і сузірання. Я заўважыла тут і дрэвы магноліі, якія ўвясну робяць Мяаін больш рамантычным і узвышаным. За гадзіну свайго шпацыру па тэрыторыі храма і вакол Белай ступы, у маёй галаве не спыняліся словы ўдзячнасці выпадку – знайсці такі незвычайны фрагмент старажытнай гісторыі сталіцы Паднябеснай і нібы дакрануцца да тых часоў, калі Кітай быў загадкавай краінай імператараў, адкрыццяў, кірмашоў і добразычлівых людзей у незвычайнай вопратцы. На развітанне я паабяцаля зноў вярнуцца сюды і знайсці кавярню на тэрасе, з якой бы адкрываўся від на Белую ступу і хутуны вакол, каб пападарожнічаць у часе. Засталося толькі выканаць абяцанне. А для вас, шаноўныя чытачы, вось адрас гэтага чароўнага месца: 171 Fucheng Men Nei Dajie

Рэжым працы храма: 09: 00-16: 30 кожны дзень

Кошт квітка: 20 юаняў

Вольга Гальпяровіч

каменціраваць