Цзе Цзытуй і Свята халоднай ежы
  2014-05-05 14:35:25  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

У 636 годзе да н.э. Чун'эр нарэшце стаў кіраўніком княства Цзінь, прыняўшы імя Вэньгун. Ён узнагародзіў тытуламі і высокімі чынамі ўсіх, хто многія гады падзяляў з ім цяжкае выгнанне. Але ў гэты спіс не быў уключаны Цзе Цзытуй, які выратаваў яго ад галоднай смерці. Чун'эр быў вядомы сваёй дабрынёй, як жа ён мог забыцца на чалавека, які выратаваў яму жыццё?

 

Паводле падання, пасля ўступлення Чун'эра на княскі пасад, Цзе Цзытуй адмовіўся ад тытула, вярнуўся ў родныя мясціны і жыў пустэльнікам у гарах Мяньшань. У перыяд Чуньцю гэтыя горы былі аддаленым месцам, цяжкадаступнай і небяспечнай мясцовасцю. Цзе Цзытуй і яго старая маці з'ехалі з квітнеючай, густанаселенай і заможнай сталіцы. Неўзабаве пра гэта даведаўся Чун'эр. Княству шмат чаго трэба было аднаўляць і адбудоўваць, і быў неабходны менавіта такі чалавек, як Цзе Цзытуй. Вось чаму новы кіраўнік царства адправіўся ў горы Мяньшань на яго пошукі. Князь добра ведаў, з якой павагай Цзе Цзытуй ставіўся да сваёй маці, а яшчэ ён ведаў, як добра пустэльнік ведаў гэтыя горы. І калі лес запалымнее агнём, Цзе Цзытуй абавязкова вынесе і ўратуе з агню сваю старую маці. Разважаючы такім чынам, князь вырашыў падпаліць лес з трох бакоў. Па загадзе князя горны лес падпалілі. Стаяла вельмі сухое надвор'е, і пажар ахапіў сотні гектараў. Разгараўся ён усё мацней, але з палаючага лесу так ніхто і не выйшаў. Праз тры дні кіраўнік Чун'эр зноў падняўся ў горы, але ён знайшоў там толькі абпаленыя рэшткі Цзе Цзытуя і яго маці – яны абодва загінулі ў агні.

 

У кітайскай гісторыі ёсць два рэальныя чалавекі, у гонар якіх і сёння адзначаюць святы. Адзін з іх – паэт Цюй Юань. Штогод 5-га чысла 5-га месяца па месячным календары кітайцы ладзяць спаборніцтвы на лодках-драконах у памяць аб легендарным паэце, загінуўшым, калі радзіму захапілі ворагі. І другі герой – Цзе Цзытуй. Паводле падання, кіраўнік Вэньгун у знак смутку загадаў ва ўсім княстве патушыць агонь у агменях, а ў дзень гібелі Цзе Цзытуя штогод сталі адзначаць дзень "халоднай ежы". З часам Свята халоднай ежы стала традыцыйным. Узяўшы з сабой халодную ежу, са свежымі галінкамі таполі або вярбы цэлыя сем'і падымаюцца па дарозе, па якой калісьці ішоў у горы Цзе Цзытуй. Тут знаходзіцца невялікі пагорак, які мясцовыя жыхары лічаць магілай Цзе Цзытуя. Кажуць, што тут захаваны рэшткі адзення загінуўшага, знойдзенага пасля пажару.

 

На магіле Цзе Цзытуя прынята пакідаць вярбовыя вянкі – сімвал памяці і смутку.    - Р -

 

(паводле інтэрнэт-выданняў)


1 2 3 4
Спасылкі па тэме
каменціраваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040