Прыгажосць навідавоку: магнолія – сімвал жаноцкасці і пяшчоты(15/15)

Published: 2021-03-29 18:23:50
Comment
Share
Share this with Close
Messenger Messenger Pinterest LinkedIn
15/15

Заканчваецца сакавік, а гэта значыць, вясна і яе краскі пачынаюць упрыгожваць чарговы адрэзак часу 2021 года. Вядома, што кожная пара, кожнае імгненне – неацэнныя, а таму і ў мяне за 11 гадоў склалася свая традыцыя, якой я чакаю з нецярпеннем – наведваць парк міжнароднай скульптуры, што на захадзе Пекіна і атрымліваць асалоду ад магноліі. Відовішча сапраўды неверагоднае па пяшчоце, па кволасці і імклівасці часу, на яго адведзенага. Менавіта гэты момант з кветкамі на дрэвах, зробленых, здаецца, ці то з паперы, ці то з вытанчанай парцэляны, вельмі хутка пралятае. Не паспееш азірнуцца, а ўжо кветкі страцілі свае пялётскі, і на дрэвах з’явілася першая лістота.

У Кітаі магнолія, расце галоўным чынам у цэнтральнай частцы краіны. Кветкі яе прыцягваюць высакароднай прыгажосцю і моцным прыемным пахам. У Танскую эпоху яе любілі вырошчваць у двары перад домам. У сцюдзёную пару на дрэвах магноліі утвараюцца вялікія белыя або далікатна-бэзавыя бутоны, якія раскрываюцца ранняй вясной, яшчэ да з'яўлення лісця. Асабліва прыгожыя кветкі белай магноліі, якія нагадваюць нефрытавыя вазачкі, вырабленыя дзівоснай рукой прыроды.

Да гэтага трэба яшчэ дадаць, што магнолія з'яўляецца і на палотнах кітайскага жывапісу, які цалкам базуецца на сімвалах. Ніводнае адлюстраванне ў ім – выпадковае. Усё мае значэнне і перадае пэўныя пачуцці, прадуманыя і закадзіраваныя пасланні ад мастака да гледача.

У гэтым выпадку магнолія – не выключэнне. Магнолія -- сімвал прыгажосці, жаноцкасці, зачаравання і пяшчоты.

Акрамя таго, яна ўвасабляе сямейнае шчасце. У старажытнасці толькі імператарам і членам імператарскай сям'і дазвалялася вырошчваць магноліі.

Дарэчы, цікава, што магноліі ружовага колеру маюць больш моцны пах, а белыя – вытанчаны і салодкі. Таму асалода і здзіўленне не толькі бачыць гэтае неверагоднае стварэнне прыроды – вытанчаныя кветкі на дрэве без лістоты, але і адчуваць гэты водар. З вясной вас!


Вольга Гальпяровіч

каменціраваць