«Я спадзяюся, што мы зможам правесці перамовы з калегамі з Беларусі, каб пазнаёміцца з прадукцыяй краіны, прасоўваць нашы тавары і дамагчыся супрацоўніцтва», -- сказаў прадстаўнік кітайскага вытворцы арганічных угнаенняў Лю Ішэн, агледзеўшы розныя віды азотных угнаенняў у беларускім нацыянальным павільёне на 30-м Кітайскім ланьчжоўскім гандлёва-інвестыцыйным кірмашы ў Ланьчжоў правінцыі Ганьсу.
Кірмаш праходзіў з 6 па 10 ліпеня 2024 года ў горадзе Ланьчжоў. Ад Беларусі ў кірмашы прыняла ўдзел дэлегацыя Гродзенскай вобласці ў складзе прадстаўнікоў больш як 10 прадпрыемстваў з эканамічных паркаў, сфер вытворчасці сельгаспрадукцыі, харчавання і ўгнаенняў.
У апошнія гады на рынак правінцыі Ганьсу з Беларусі паступае ўсё больш сельскагаспадарчай прадукцыі, такой як ялавічына і малочныя прадукты, пры гэтым у адваротны бок расце экспарт электрамеханічнай прадукцыі, садавіны і агародніны.
У 2007 годзе правінцыя Ганьсу і Гродзенская вобласць устанавілі пабрацімскія адносіны і ў двухбаковым гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве пачаўся перыяд хуткага развіцця. Шэраг прадпрыемстваў правінцыі Ганьсу сталі рэзідэнтамі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» і актыўна вядуць гандлёвае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва з Гродзенскай вобласцю. У 2015 годзе Беларусь стала ганаровым госцем Кітайскага ланьчжоўскага гандлёва-інвестыцыйнага кірмашу.
«Міжрэгіянальныя абмены становяцца новым пунктам росту кітайска-беларускага супрацоўніцтва. Колькасць гарадоў-пабрацімаў паміж дзвюма краінамі няўхільна расце. Праз такія платформы, як Ланьчжоўскі гандлёва-інвестыцыйны кірмаш і Выстава кітайскіх тавараў і паслуг /Беларусь/, паглыбляюцца міжрэгіянальныя абмены і ўмацоўваецца двухбаковае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва», -- заявіла навуковы супрацоўнік Інстытута Расіі, Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Акадэміі грамадскіх навук Кітая Чжан Яньлу.
На кірмашы мытная лагістычная кампанія «Увэй» падпісала дамову аб супрацоўніцтве з РУП «Белмытнясэрвіс». Абодва бакі пагадзіліся ўзяць на сябе вядучую ролю ў стварэнні транснацыянальнай вытворча-збытавай кампаніі і далейшым адкрыцці праз Беларусь грузавых шляхоў з Кітая ў Еўропу і з Кітая ў Расію і назад.
Арганізатарамі кірмашу выступілі народны ўрад правінцыі Ганьсу сумесна з 11 структурамі. У мерапрыемстве «Сумеснае выкарыстанне магчымасцяў, агульнае імкненне да развіцця і росквіту» ўзяло ўдзел больш за 2,2 тыс. кітайскіх і замежных прадпрыемстваў.