◆ Лясы:
Плошча лясоў у Кітаі складае 158 млн. 940 тыс. га. Яны займаюць 16,55% ад агульнай тэрыторыі краіны, што значна ніжэй за сярэднесусветны паказчык, роўны 30,8%. Лясныя масівы, у асноўным, канцэнтруюцца на паўночным усходзе і паўднёвым захадзе Кітая. Усходнія раўніны, якія адрозніваюцца густым насельніцтвам і развітой эканомікай, а таксама шырокія паўночна-заходнія раёны пакутуюць ад вострага недахопу лясоў.
У Кітаі налічваецца мноства відаў парод дрэў, у тым ліку больш за 2800 відаў высокаствольнікаў. Да ліку каштоўных спецыфічных кітайскіх парод адносяцца: гінка, кітайская піхта і г.д. На працягу апошніх гадоў у Кітаі праводзяцца буйнамаштабныя лесанасаджэнні ў мэтах абароны навакольнага асяроддзя і задавальнення эканамічных патрэб. У цяперашні час Кітай з'яўляецца краінай з самай шырокай прасторай штучных лесанасаджэнняў у свеце. Іх плошча складае 33 млн. 790 тыс. га.
Асноўныя лясныя раёны Кітая: самы буйны паўночна-заходні лясны раён ахоплівае Вялікі і Малы Хінган і горы Чанбайшань. Паўднёва-заходні лясны раён, другі па велічыні, ахоплівае горы Хэндуань, яго тэрыторыя распасціраецца ў раёне на стыку правінцый Сычуань, Юньнань і Тыбету, а таксама ахоплівае паўднёвыя схілы Гімалаяў у паўднёва-ўсходняй частцы Тыбету, у лукавіне ракі Ялун Цзангпо. Паўднёва-ўсходні лясны раён, самы важны раён штучных лесанасаджэнняў, ахоплівае шырокую тэрыторыю на поўдні Цілінскіх гор і ракі Хуайхэ, на ўсходзе Юньнань-Гуйчжоўскага плато. Акрамя таго, у Кітаі існуе велізарная тэрыторыя лесаахоўнай паласы. Напрыклад, працягласць лесаахоўнай паласы, якая ахоплівае паўночна-ўсходнюю, паўночную і паўночна-заходнюю часткі краіны, складае больш за 7000 км. Агульная плошча лесапаласы - прыкладна 260 млн. га. або чвэрць кантынентальнай тэрыторыі Кітая. Гэтыя раёны лесаахоўнай паласы называюць «Найбуйнейшым экалагічным аб'ектам ва ўсім свеце».