Два вечары запар, 3 і 4 траўня, балет Вялікага тэатра Беларусі на сцэне Нацыянальнага цэнтра выканальніцкіх мастацтваў у Пекіне (Кітай) прадстаўляў балет А. Хачатурана «Спартак» у пастаноўцы В. Елізар'ева.
  2019-05-07 17:29:06  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

У Паднябеснай даўно ўжо ведаюць ўзровень беларускага балета - неаднаразова Вялікі тэатр прыязджаў у гэтую цудоўную краіну. Пляцоўка Нацыянальнага цэнтра выканальніцкіх мастацтваў таксама знаёмая беларускім артыстам: два гады таму, у мае 2017-га, у рамках Дзён культуры Беларусі ў Кітаі тэатр паказваў балет П. Чайкоўскага "Лебядзінае возера".

На гэты раз беларускі калектыў паказаў кітайскім гледачам іншую знакавую пастаноўку – балет "Спартак" на музыку Арама Хачатурана ў пастаноўцы харэографа -- знакамітага Валянціна Елізар'ева.

У балеце «Спартак» прымаюць удзел каля 50 артыстаў. Менавіта яны расказалі гісторыю самага вядомага паўстання супраць Рыма – правадыром якога быў высакародны фракіец Спартак, імя якога жыве ў стагоддзях.

Галоўныя партыі - Спартака, Фрыгіі і Краса - 3 і 4 мая на сцэне Нацыянальнага цэнтра выканальніцкіх мастацтваў у Пекіне выканалі бліскучыя вядучыя салісты Вялікага тэатра Беларусі: народная артыстка Ірына Яромкіна, заслужаныя артысты краіны Алег Яромкін і Канстанцін Геронік, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Яна Штанге, Ігар Аношка і Ягор Азаркевіч.

Калі гэты спектакль з'явіўся на сцэне Вялікага тэатра Беларусі ў далёкім 1980 годзе, у Мінск сталі прыязджаць прыхільнікі балета з усёй прасторы вялізнага Савецкага Саюза - убачыць гэты шэдэўр, створаны сапраўднымі Майстрамі: кампазітарам Арамам Хачатуранам, харэографам Валянцінам Елізар'евым, дырыжорам Яраславам Вашчаком і мастаком Яўгенам Лысікам. За дзесяцігоддзі свайго існавання гэты балет пакарыў практычна ўвесь свет. Беларускім артыстам апладзіравалі гледачы Еўропы і Азіі - у Вялікабрытаніі, Бельгіі, Францыі, Швейцарыі, Галандыі, Іспаніі, Італіі, Партугаліі, Грэцыі, Польшчы, Расіі, Літве, Эстоніі, Малдове, Егіпце, Сірыі, Тайландзе, Сінгапуры, Індыі, Турцыі, Паўднёвай Карэі, Індыі, на Кіпры і ў іншых краінах.

3 і 4 траўня жыхары і госці Пекіна ўбачылі легендарны балет А. Хачатурана «Спартак», які ў 2018-м набыў другое жыццё, менавіта ў гэтым годзе пачалося існаванне спектакля ў фармаце аднаўлення. (Над новай рэдакцыяй працаваў сам харэограф-пастаноўшчык - мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі, народны артыст СССР і Беларусі, прафесар Валянцін Елізар'еў.)

На сёння існуюць дзесяткі версій балета «Спартак», але толькі нешматлікія з іх могуць лічыцца легендарнымі. Беларуская пастаноўка Елізар'ева, без ілжывай сціпласці, адна з такіх. Гэта сапраўды знакавы для сусветнага балета твор неверагоднай духоўнай сілы, вяршыня сапраўднага мастацтва - пышнае палатно, якое спалучае традыцыі класічнага балета, яркі, аўтарскі – елізар'еўскі - харэаграфічны почырк, глыбокае філасофскае асэнсаванне жыцця і яго каштоўнасцяў, галоўнай з якіх абвяшчаецца Любоў.

Прыхільнікі танца ў Пекіне ацанілі творчасць беларускага балета, а Валянцін Елізар'еў паабяцаў хутка вярнуцца зноў, каб працаваць на Міжнародным балетным конкурсе, арганізаваным Вялікім тэатрам Кітая ў ліпені.

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040