Навагодні зварот старшыні КНР Сі Цзіньпіна
  2019-12-31 19:32:46  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

(31 снежня 2019 года)

Паважаныя таварышы, сябры, шаноўнае спадарства!

Неўзабаве прыйдзе 2020 год. Знаходзячыся ў Пекіне, нашай сталіцы, я хачу накіраваць усім шчырыя віншаванні з Новым годам!

Па выніках 2019 года, дзякуючы ўпартай працы і цвёрдаму руху наперад, праліўшы сто патоў, мы сабралі выдатны ўраджай. Стабільна і паступальна рухалася высакаякаснае развіццё. ВУП нашай краіны, паводле прагнозаў, наблізіцца да 100 трыльёнаў юаняў, перавысіўшы паказчык у 10 тысяч долараў на душу насельніцтва. Быў дасягнуты вызначальны прагрэс у трох ключавых напрамках барацьбы. У паскораным парадку прасоўваюцца працэсы ўзгодненага развіцця раёна Пекін-Цяньцзінь-Хэбэй, фарміравання эканамічнага пояса ракі Янцзы, будаўніцтва раёна «Вялікага заліва» Гуандун-Сянган-Аамэнь і інтэграцыйнага развіцця дэльты ракі Янцзы. Абарона экалагічнага асяроддзя ў басейне ракі Хуанхэ і забеспячэнне высакаякаснага развіцця носяць стратэгічны характар. Па ўсёй краіне з-за рысы беднасці выведзены 340 паветаў і 10 мільёнаў прадстаўнікоў малазабяспечаных слаёў насельніцтва. Модуль «Чан'э-4» здзейсніў мяккую пасадку на адваротным баку Месяца -- упершыню ў гісторыі чалавецтва. Паспяхова запушчана на арбіту ўжо трэцяя ракета-носьбіт «Чанчжэн-5». Завяршылася першае плаванне ледакола «Сюелун-2» да Паўднёвага полюса. Фарміраванне спадарожнікавай навігацыйнай сістэмы «Бэйдоу» уступіла ў завяршальны этап. У паскораным парадку ў краіне запушчана ў камерцыйную эксплуатацыю сетка 5G. Пекінскі міжнародны аэрапорт «Дасін» раскінуў, нібы птушка, свае вялікія крылы… Усе гэтыя дасягненні былі атрыманы дзякуючы сілам і працы, прыкладзеным усімі працаўнікамі новай эпохі, яны прадэманстравалі кітайскі стыль і дзяржаўную моц КНР.

На працягу года новы імпульс развіццю надавала палітыка рэформаў і адкрытасці. Цалкам завяршыліся рэформы ў партыйных і дзяржаўных структурах. Адкрыта новая партыя пілотных зон свабоднага гандлю і новы раён у рамках эксперыментальнай зоны свабоднага гандлю ў Шанхаі. Запушчана спецыяльная сэрвісная пляцоўка для забеспячэння сферы навукова-тэхналагічных інавацый. Агульны аб'ём зніжэння падаткаў і збораў перавысіў два трыльёны юаняў. Павысілася частка падаходнага падатку, якая не абкладаецца. Знізіліся кошты жыццёва неабходных насельніцтву медыцынскіх прэпаратаў. Павышэнне хуткасці інтэрнэту і зніжэнне выдаткаў на яго выкарыстанне сталі гарантыяй больш вольнага анлайн-доступу. Правядзенне года па палягчэнні нагрузкі дапамагло кадрам ніжэйшага звяна працаваць больш эфектыўна. Змены ў лепшы бок назіраліся паўсюль, у розных кутках краіны.

У адыходзячым годзе была праведзена паэтапная рэформа арміі краіны. Народная армія прадэманстравала новае аблічча ў якасці ўзброеных сілаў з жалезнай сілай волі ў новую эпоху. Прайшоў ваенны парад у гонар 70-годдзя ўтварэння КНР. Урачыста адзначаны 70-ы дзень нараджэння ВМС і ВПС НВАК. Поспехам увянчаліся 7-я Сусветныя вайсковыя гульні. Першы авіяносец кітайскай вытворчасці афіцыйна ўвайшоў у склад ВМС НВАК. Нашы салдаты заўсёды былі і застаюцца непахіснай сцяной у справе адстойвання інтарэсаў Радзімы. Давайце выкажам нашу павагу і пашану адданым абаронцам хатняга ачага!

Самая незабыўная падзея 2019 года – урачыстасці ў гонар 70-годдзя ўтварэння КНР. Мы захоплены бліскучымі дасягненнямі краіны за 70 гадоў, узрушаны сіламі патрыятызму. Магутныя ваенныя парады, радасныя народныя шэсці -- плошча Цяньаньмэнь ператварылася ў мора радасці. Краіна зазіхацела, апрануўшыся ў яркія чырвоныя колеры шчасця. На тварах людзей расквітнелі ўсмешкі гонару, на вуліцах спяваюць песню «Я і мая Радзіма». Патрыятычныя пачуцці кранаюць нас да слёз, патрыятычны дух -- гэта хрыбет нацыі. Усё гэта падахвочвае нас да руху наперад, дапамагае ў барацьбе за краіну ў новую эпоху, надае нам бясконцую сілу.

За мінулы год я пабываў у розных месцах. Перад маім поглядам паўстала грандыёзнае будаўніцтва новага раёна Сюн'ань, порт Цяньцзіня, ажыўленыя тэмпы фарміравання дапаможнага цэнтра Пекіна, выдатныя стэпы Унутранай Манголіі, абноўлены Хэсійскі калідор з тысячагадовай гісторыяй, велічная Хуанхэ з дзевяццю лукавінамі, квітнеючыя берагі ракі Хуанпу... Я, прытрымліваючыся шляху кітайскай рэвалюцыі, выхоўваю сваю волю да першапачатковай мэты. З Юйду правінцыі Цзянсу, дзе сабралася і пачала свой Вялікі паход Чырвоная армія, да рэвалюцыйнага музея ў Чырвоным раёне «Эюйвань» павета Сін'сянь правінцыі Хэнань, ад Помніка Чырвонай арміі заходняй лініі ў Гаатай правінцыі Ганьсу -- да памятнага рэвалюцыйнага месца Сяньшань пад Пекінам. У кожным падобным месцы я адчуваю хваляванне, але галоўная думка ў тым, што першапачатковая мэта і місія -- гэта невычэрпная сіла, якая рухае Вялікі паход у новую эпоху.

Я абавязкова наведваю простых жыхароў, гутару з імі. Яны сказалі мне шмат цёплых слоў, якія я заўсёды захоўваю ў сэрцы. Людзі нацыянальнасці дулун з Гуншаня правінцыі Юньнань, жыхары воласці Сядан павета Шаўнін правінцыі Фуцзянь, усе салдаты «Брыгады імя Ван Цзе», студэнты класа «чэмпіёнаў-аспірантаў» Пекінскага спартыўнага ўніверсітэта, дзеці і пажылыя дабраахвотнікі з Аамэня -- усе яны напісалі мне лісты. Я ў адказ ухваліў дасягнутыя імі поспехі і выказаў шчырыя пажаданні дабрабыту.

За мінулы год многія людзі і справы ўзрушылі нас. Чжан Фуцін, які ніколі не выстаўляў свае подзвігі, пры гэтым ніколі не забываўся на сваю першапачатковую мэту; Хуан Вэньсю, якая паклала сваё жыццё на барацьбу з галечай; 31 храбрэц з Мулі правінцыі Сычуань, якія аддалі свае жыцці, каб патушыць лясны пажар; Ду Фуго, які аддаў здароўе дзеля выратавання свайго калегі; валейбалісткі Кітая, якія выйгралі Чэмпіянат свету 11-ю перамогамі запар. І яшчэ многія невядомыя героі, якія прысвяцілі сябе розным годным справам. Гэтыя простыя людзі ўпісалі свае жыцці ў гісторыю.

У 2019 годзе Кітай працягнуў запрашаць свет у сяброўскія абдымкі. Мы арганізавалі 2-гі Форум высокага ўзроўню па міжнародным супрацоўніцтве «Адзін пояс і адзін шлях», Міжнародную садоўніцкую выставу ў прыгарадзе сталіцы, міжкультурны дыялог Азіі, Кітайскую міжнародную імпартную ЭКСПА – усе яны прадэманстравалі свету цывілізаваны, адкрыты і інклюзіўны Кітай. Я правёў сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў многіх краін, падзяліўся прапановамі, паглыбіў дружбу і паразуменне. Яшчэ некалькі краін усталявалі дыпламатычныя адносіны з Кітаем – зараз колькасць краін, з якімі ў Кітая наладжаны дыпламатычныя адносіны, дасягнула 180. У нас ёсць сябры па ўсім свеце!

2020-ы – гэта год, які мае вельмі важнае значэнне. Мы павінны канчаткова выканаць задачу па поўнай пабудове сярэднезаможнага грамадства. Надыходзячы год таксама з'яўляецца годам атрымання выключнай перамогі над беднасцю ў краіне. Мы павінны прыкладаць сумесныя намаганні для пераадолення існуючых і патэнцыяльных цяжкасцей і праблем, заклаўшы максімальна трывалую аснову для перамогі ў справе скарачэння беднасці. Мы павінны імкнуцца да таго, каб маламаёмаснае вясковае насельніцтва і эканамічна неразвітыя паветы краіны былі цалкам выведзены з-за рысы беднасці.

Некалькі дзён таму я прыняў удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 20-й гадавіне вяртання Спецыяльнага адміністрацыйнага раёна Аамэнь пад юрысдыкцыю Кітая. Я вельмі ганаруся дынамічным развіццём раёна і яго сацыяльнай стабільнасцю. Дасягнутыя ў Аамэне поспехі пераконваюць, што канцэпцыя «адна дзяржава, два лады» цалкам адпавядае рэаліям раёна і карыстаецца вялікай падтрымкай мясцовага насельніцтва. На працягу апошніх некалькіх месяцаў сітуацыя ў Сянгане выклікала сур'ёзную заклапочанасць шырокай грамадскасці. Без гарманічных і стабільных сацыяльна-эканамічных умоў не можа быць і гаворкі пра паспяховае жыццё. Шчыра жадаю аднаўлення парадку ў Сянгане, а яго жыхарам -- усяго самага найлепшага! Дасягненне росквіту і стабільнасці ў Сянгане – агульныя спадзяванні сянганскіх суайчыннікаў і жаданне ўсяго народа краіны.

Гістарычнае развіццё – як шырокая рака, дзе не заўсёды пануе ціша. Бывае, што і хвалі ўздымаюцца. Мы не баімся ніякіх цяжкасцей і заўсёды поўныя рашучасці іх пераадолець. Кітай будзе няўхільна ісці па шляху мірнага развіцця і прыкладаць намаганні па абароне міру ва ўсім свеце і садзейнічанні сумеснаму развіццю. Мы будзем працаваць разам з народамі ўсіх краін і рэгіёнаў свету для сумеснага будаўніцтва «Аднаго пояса і аднаго шляху» і пабудовы супольнасці адзінага лёсу чалавецтва і больш прыгожай будучыні.

У гэты момант многія з вас знаходзяцца на сваіх працоўных месцах, на сваёй пасадзе або дзяжурстве. Вы ўпарта працуеце дзеля захавання бяспекі ў краіне. Дзякую за гэта ўсім вам!

Давайце прыкладаць сумесныя намаганні, цэнячы кожную хвіліну, кожную секунду! Давайце разам сустрэнем новы 2020 год!

Віншую ўсіх з Новым годам!

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040