У сталіцы Кітая адкрыўся 6-ы Пекінскі Міжнародны кінафестываль
  2016-04-18 17:55:57  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

6-ы Пекінскі міжнародны кінафестываль праходзіць у Пекіне з 16 па 23 красавіка. У ім прымаюць удзел больш за 2,3 тысячы кінафільмаў са 105 краін і рэгіёнаў свету. Усяго ў рамках фестывалю запланавана каля тысячы кінасеансаў, якія будуць праходзіць у 25 кінатэатрах кітайскай сталіцы і пяці ўніверсітэтах.

Аматарам кіно прадастаўляецца цудоўная магчымасць убачыць велізарную колькасць замежных і айчынных фільмаў у сталіцы Паднябеснай, якія будуць паказаны толькі аднойчы, а таксама пагаварыць аб развіцці кінаіндустрыі ў Кітаі, аб сумеснай вытворчасці з іншымі краінамі і аб многім іншым.

Сёлета, мабыць, самай яркай асобай фестывалю стала вядомая актрыса, лаўрэат прэміі «Оскар» Наталі Портман. Яна прывезла ў Пекін свой рэжысёрскі дэбют, карціну "Аповесць пра каханне і цемру" (A Tale of Love and Darkness).

У аснову сюжэту карціны лёг аднайменны аўтабіяграфічны твор вядомага ізраільскага пісьменьніка Амоса Оза, у якім ён узгадвае сваё дзяцінства ў Ерусаліме ў другой палове 40-х гадоў мінулага стагоддзя.

Знакамітая актрыса не толькі выступіла пастаноўшчыкам фільма, яна таксама напісала сцэнар да праекту і сыграла ў ім ролю псіхічнахворай маці галоўнага героя — Фані Оз. Здымкі карціны праходзілі ў Ерусаліме і Тэль-Авіве. Да гэтага часу рэжысерскі вопыт галівудскай зоркі абмяжоўваўся стварэннем кароткаметражнага фільма «Ева» і ўдзелам у рэжысёрскай камандзе стужкі «Нью-Ёрк, я люблю цябе». Абедзве гэтыя працы датуюцца 2008 годам. Кампанію акторцы на здымачнай пляцоўцы стужкі склалі Шыра Хаас, Макрам Хуры, Нета Рыскін і Джылад Кахана.

Сусветная прэм'ера "Аповесць пра каханне і цемру" адбылася ў маі на Канскім кінафестывалі, але крытыкай праца была прынятая халаднавата. Аднак гэта не засмуціла Наталі Портман. Яе праца была паказана на кінафестывалі ў Таронта, а цяпер пры ўдзеле аўтара і ў Пекіне.

Наталі Портман прайшла па чырвонай дарожцы падчас урачыстага адкрыцця фестывалю, яна прызналася, што для яе – вялікі гонар прадставіць ў Азіі на пляцоўцы Пекінскага фестывалю прэм'еру сваёй стужкі і паўдзельнічаць у форуме па сумеснай кітайска-замежнай вытворчасці. Актрыса сказала, што яна неаднойчы была ўжо ў Паднябеснай у якасці турысткі, а таксама здымалася для Dior. На фестываль Наталі Портман прыехала ўпершыню, і вельмі ўсхвалявана.

"Натуральна, кітайскае кіно вельмі моцнае. Можна ўзгадаць стужкі Чжана Імоу альбо акцёрскія работы Тоні Люна, які паходзіць з Ганконгу і творчасць якога я ацэньваю вельмі высока. Я бы з задавальненнем супрацоўнічала з кітайскімі кінематаграфістамі," – сказала актрыса і выказала спадзяванне, што яе рэжысёрскі дэбют, дзе закранаюцца адносіны паміж маці і сынам, не пакіне раўнадушнай мясцовую публіку.

Разам з Наталі Портман па чырвонай дарожцы прайшлі вядомыя азіяцкія акцёры і рэжысёры. Ганаровымі гасцямі фестывалю сталі таксама знакаміты аўстрыйскі акцёр Крыстафер Вальц і італьянскі рэжысёр Джузэпэ Тарнаторэ.

У конкурснай праграме сёлета прадстаўлена 15 стужак з Польшчы, Расіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Аргентыны, Германіі, Францыі, Даніі, Румыніі, Грузіі, Канады і Кітая, які паказвае дзве працы. З'явіцца сёлета і ўжо знаёмы па леташнім фестывалі рэжысёр Сяргей Макрыцкі. Пасля паспяховага ўдзелу стужкі «Бітва за Севастопаль» і атрыманых узнагарод, новы расійскі фільм Сяргея Макрыцкага "Я – настаўнік" увайшоў у асноўны конкурс VI Пекінскага міжнароднага кінафестывалю.

Нагадаю, што летась выканаўца галоўнай ролі стужкі «Бітва за Севастопаль» Юлія Перэсільд атрымала прыз за лепшую жаночую ролю.

Новая праца рэжысера зноў звяртаецца да ваеннай тэмы.

У фільме дзеянне адбываецца ў гады Вялікай Айчыннай вайны на савецкай тэрыторыі, акупаванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Жыць у складаных ваенных умовах простаму сельскаму настаўніку Паўлу Зубаву (Аляксандр Каўтунец) дапамагае каханне і сям'я, вера ў свой абавязак – вучыць дзяцей, і ўсе роўна, пры якой уладзе. Але чарада падзей у корані мяняе яго жыцце, вяртаючы ў рэальны свет, дзе ідзе вайна, дзе вораг дэманструе сапраўдны твар, дзе немагчыма бяздзейнічаць, застаючыся ў баку. У карціне таксама здымаліся Юлія Перэсільд, Андрэй Смалякоў, Барыс Каморзін, Філіп Рэйнгардт і іншыя.

Міжнароднае журы сёлета ўзначальвае галівудскі рэжысёр і прадзюсар Брэт Ратнэр. У склад яго таксама ўваходзіць баснійскі рэжысёр, лаўрэат кінафестывалю ў Берліне Даніс Танавіч, рэжысёр з Ганконга Тэдзі Чэн, нямецкі рэжысер, аўтар карцін «Жыццё іншых» і «Турыст» Фларыян Хенкель фон Донэрсмарк, румынскі рэжысёр Карнэліу Парумбою, японскі рэжысёр Яхіра Такіта і кітайская актрыса Сю Цін. Рашэнне прафесійных суддзяў стане вядома 23 красавіка падчас урачыстага закрыцця кінафестывалю.

Вольга Гальпяровіч,

Беларуская служба МРК

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040