Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч прэзентавала сваю кнігу «Час сэканд-хэнд» у перакладзе на кітайскую мову і атрымала ўзнагароды ад літаратараў Паднябеснай
  2016-08-26 18:32:29  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Амаль тыдзень першы лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры з Беларусі, вядомая пісьменніца Святлана Алексіевіч знаходзіцца ў Кітаі. Падчас гэтага візіту ў КНР аўтар знакамітых кніг «У вайны не жаночы твар», «Чарнобыльская малітва», «Цынкавыя хлопчыкі» прэзентуе для кітайскіх чытачоў сваю апошнюю работу «Час сэканд-хэнд».

Нашаму каналу Святлана Алексіевіч прызналася, што ўражана Кітаем, які яна ўпершыню наведвала 25 гадоў таму ў складзе дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў. Кітай становіцца адным з сусветных лідараў і зараз, на думку пісьменніцы, Еўропа і Амерыка павінны шукаць новыя канцэпцыі развіцця. Падчас сваёй сустрэчы з дыпламатамі Беларусі, даследчыкамі яе творчасці, беларускімі чытачамі Святлана Алексіевіч разважала пра лёс «маленькага чалавека» - героя яе кніг. Галасы гэтых людзей ствараюць з фрагментаў сваіх асабістых вельмі кранальных, а часам жорсткіх гісторый панараму часу, «саборны раман», як гэты жанр называў знакаміты аўтар дакументальнай прозы Алесь Адамовіч. Менавіта гэтага пісьменніка з Беларусі, які ў суаўтарстве з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам напісаў кнігу-памяць «Я з вогненнай вёскі», Святлана Алексіевіч называе сваім настаўнікам. Пра гэта яна згадвае на кожнай сустрычы ў розных краінах свету. Казала яна пра карані сваёй творчасці і падчас сустрэчы ў Пасольстве Беларусі, і падчас узнагароджання яе чарговай літаратурнай прэміяй на Пекінскім кніжным кірмашы.

«Тут у Кітаі бачна, што патэнцыял краіны вельмі магутны, і адчуваецца зусім іншая сістэма мышлення. Нават у размове са сваім перакладчыкам я ў гэтым пераканалася. Былі выпадкі, калі мы не маглі зразумець адно аднаго менавіта з прычыны таго, што ён належыць частцы калектыўнага розуму і не бярэ на сябе пэўную асобную функцыю. У мяне не так шмат часу, але назіраць за гэтым тут было вельмі цікава. У Шанхаі, каб падпісаць новую кнігу «Час сэканд-хэнд» да мяне выстраілася доўгая чарга кітайцаў розных пакаленняў, каля тысячы чалавек, а я задавалася пытаннем, ну чаму менавіта гэты твор зараз пераклалі? Аказалася, што пытанні камунізму, сацыялізму як мінулага і як нечага, што можна мадэрнізіраваць на сучасны лад, выклікаюць увагу. І калі ў нас усё ідзе зверху, то тут, мне здаецца, прыслухоўваюцца да масавай свядомасці, якая ідзе знізу. На маю думку, у гэтай краіне больш прагрэсіўнае грамадства. Мяне ўражвае, як так адбылося ўсяго толькі за 25 гадоў. У Кітаі я адчула зусім іншы рух часу, і я вырашыла для сябе, што як толькі ў мяне будзе больш вольнага часу, я падрабязней пачытаю пра Кітай, Сінгапур, Карэю, каб разабрацца ў гэтым азіяцкім феномене».

У Паднябеснай Светлане Алексіевіч уручылі тры літаратурныя прэміі. Пісьменніца атрымала прэмію Шанхайскага кніжнага кірмашу, узнагароду Пекінскага кніжнага кірмашу і прэмію Вэньцзінь, якая лічыцца найважнейшай літаратурнай узнагародай у КНР. Падчас візіту ў краіну пісьменніца сустрэлася з кітайскімі літаратарамі, у тым ліку з нобелеўскім лаўрэатам Мо Янем. Святлана Алексіевіч — першы лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў гісторыі Рэспублікі Беларусь. Нобелеўскі камітэт прысудзіў пісьменніцы прэмію "за яе шматгалосныя творы — манумент пакут і мужнасці ў наш час".

Вольга Гальпяровіч,

Беларуская служба МРК

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040