"Шаўковы шлях 21-га стагоддзя": у цэнтры ўвагі – Беларусь
  2016-12-22 14:50:47  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Раман Мышкоўскі, карэспандэнт Беларускай рэдакцыі

У гісторыі развіцця чалавецтва не існавала лакальных цывілізацый. Дасягненні адных этнасаў пераходзілі да іншых, і гэты ланцужок узаемаабмену культур будзе працягвацца да таго часу, пакуль будзе існаваць чалавецтва. Імкненне людзей да зносін і абмену сваімі здабыткамі гісторыя прасочвае ўжо шмат тысячагоддзяў. Вялікі шаўковы шлях – адно з найбольш значных дасягненняў сусветнай цывілізацыі. Разгалінаваныя сеткі дарог-караванаў перасякалі Еўропу і Aзію ад Міжземнамор'я да Кітая і служылі важным сродкам не толькі гандлёвых сувязяў, але і культурна-эканамічным мостам паміж Усходам і Захадам, мостам, які злучаў народы ў іх імкненні да міру і супрацоўніцтва.

Прайшло ўжо больш за два гады з таго моманту, як урад Кітая даў старт ініцыятыве адраджэння Вялікага шаўковага шляху, каб злучыць камунікацыямі і шляхамі гандлю Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён з Еўропай і Блізкім Усходам. Адной з вырашальных краін Шаўковага шляху 21-га стагоддзя павінна стаць Рэспубліка Беларусь. Беларусь і Кітай ужо даўно звязаны моцнымі сяброўскімі адносінамі, і каб іх развіваць, беларускі ўрад робіць многае. Узмацненне кааперацыі з Паднябеснай – важны знешнепалітычны прыярытэт Беларусі, Кітай афіцыйна ўваходзіць у лік пяці галоўных эканамічных партнёраў краіны. Паступова нарастае тавараабарот паміж дзвюма краінамі, і таму натуральна, што маштабны праект Кітая па адраджэнні Вялікага шаўковага шляху горача падтрыманы беларускім урадам. Пратакол аб адпаведным партнёрстве падпісалі кіраўнікі Мінэканомікі Беларусі і Міністэрства камерцыі КНР у апошнім квартале 2014 года.

Найбольш важным момантам на беларускім адрэзку Шаўковага шляху 21-га стагоддзя становіцца сумесны прамысловы парк дзвюх краін «Вялікі камень», які кіраўнік Кітая Сі Цзіньпін на сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам назваў «жамчужынай» Шаўковага шляху. Апрача таго што Беларусь даўно гандлюе з Кітаем, яе геаграфічнае становішча – надзвычай выгаднае, і яно дапаможа злучыць гандлёвыя шляхі Паднябеснай з еўрапейскімі краінамі, Расіяй, а таксама з краінамі Чорнага і Балтыйскага мораў. Кітаю гэтыя маршруты надзвычай важныя, і ён будзе ўкладаць інвестыцыі ў іх развіццё.

На фота: удзельнікі з Беларусі і Кітая на семінары ў Пекіне "Будаўніцтва "пояса і шляху" і беларуска-кітайскае супрацоўніцтва"

Днямі ў Пекіне прайшоў семінар, у якім прынялі ўдзел спецыялісты з міністэрстваў і ведамстваў Беларусі і Інстытута вывучэння Расіі, Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Кітайскай акадэміі грамадскіх навук. Тэма семінара – "Будаўніцтва "пояса і шляху" і беларуска-кітайскае супрацоўніцтва". Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што двухбаковыя беларуска-кітайскія сувязі цікавыя як Беларусі, так і Кітаю.

Я запытаўся ў намесніка дырэктара Беларуска-кітайскага аналітычнага цэнтра развіцця Дзмітрыя Белякова, наколькі менавіта наша краіна цікавая Кітаю як вектар ініцыятывы па адраджэнні Вялікага шаўковага шляху? «Кітай дэманструе вельмі вялікую цікавасць да Беларусі, наша краіна – важны лагістычны пункт на шляху руху кітайскай прадукцыі ў Еўропу, бо еўрапейскія краіны – магутная прадукцыйная сіла і рынак збыту для кітайскіх тавараў. Беларусь вельмі ўдала ўбудоўваецца сёння ў гэту канцэпцыю, і нам трэба скарыстацца сітуацыяй», – адзначыў мой суразмоўца.

На фота: намеснік дырэктара Беларуска-кітайскага аналітычнага цэнтра развіцця Д.Белякоў і дырэктар Інстытута вывучэння Расіі, Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Кітайскай акадэміі грамадскіх навук, прафесар Лі Юнцюань

Карэспандэнт: -- Дэлегацыя з Беларусі знаходзілася ў Кітаі два тыдні, і мне зараз хацелася б, каб вы падзяліліся сваімі асабістымі ўражаннямі пра тое, як, напрыклад, кітайцы ставяцца да розных ініцыятыў, што зыходзяць ад іншых краін, і, у прыватнасці, да беларускіх ініцыятыў? Наша краіна такая маленькая, і на першы погляд можа скласціся ўражанне, што яна і не ў стане прапанаваць Кітаю нічога вартага – Кітаю, у якога ёсць абсалютна ўсё: рэсурсы, карысныя выкапні, мора, горы і рэкі, інтэлектуальны патэнцыял і высокія тэхналогіі, незлічоная колькасць працоўных рук…

Д.Белякоў: -- Калі казаць аб праектах, якія Беларусь можа рэалізаваць на тэрыторыі Кітая, то гэта найперш інавацыйныя праекты, новы погляд на звычайныя рэчы ў галіне высокіх тэхналогій. Перад Кітаем стаіць, на самой справе, вялікая колькасць пытанняў. Напрыклад, у іх актыўна развіваецца «зялёная эканоміка», і Беларусі ёсць што прапанаваць. Беларусь таксама цвёрда стаіць на нагах у галіне IT-тэхналогій. Я мяркую, што пры правільным падыходзе і з дапамогай нашага Цэнтра беларускія і кітайскія IT-кампаніі змогуць знайсці адзін аднаго. Вы ж разумееце, што мы моцна адрозніваемся ад кітайцаў не толькі ў культуры, але і ў нязначных дробязях. Але з такіх вось дробязяў складаецца ўсё, і таму трэба дакладна разумець, як правільна беларускаму бізнесу развівацца ў Кітаі.

Кар: -- Для таго каб працаваць з Кітаем, з кітайскімі інвестарамі, патрэбны падрыхтаваныя кадры. Мне вось цікава: ці з'явіліся такія людзі ў Беларусі як раз у сувязі з развіццём і нарошчваннем беларуска-кітайскіх адносін? Вы знаёмы з такімі спецыялістамі, якія добра ведаюць Кітай, кітайскую мову, кітайскіх інвестараў – тых беларусаў, якія разумеюць і прадбачаць дынаміку развіцця адносін паміж нашымі краінамі?

Белякоў: -- Гісторыі адносін незалежнай Беларусі з Кітаем у студзені будучага года споўніцца 25 гадоў. За гэты час у нашай краіне падрыхтаваны шэраг спецыялістаў, якія ведаюць кітайскую мову. Гэта ўжо першы крок на шляху збліжэння нашых краін. І ёсць сумесныя кампаніі, якія паспяхова развіваюцца і ў Кітаі, і ў Беларусі. Безумоўна, спецыялісты ёсць, але іх усё роўна мала. Вялікую ролю ў падрыхтоўцы сапраўдных прафесіяналаў адыгрываюць Інстытуты Канфуцыя ў Беларусі. І як аб'яднальнік усіх спецыялістаў, якія могуць кваліфікавана дапамагчы беларускаму бізнесу выйсці на кітайскі рынак, а кітайскаму бізнесу – на беларускі, акумуляваць навуковы патэнцыял на ўзаемавыгадных умовах, быў створаны Беларуска-кітайскі аналітычны цэнтр развіцця. Я мяркую, што гэты механізм выгадны абодвум бакам, бо ён дазваляе без перашкод і непатрэбных пасрэднікаў наўпрост мець зносіны адзін з адным з дапамогай нашага Цэнтра.

Кар: -- Якая галоўная задача стаіць перад вамі на сапраўдны момант?

Белякоў: -- Беларуска-кітайскі аналітычны цэнтр развіцця вельмі малады. 29 верасня бягучага года было падпісана пагадненне, а ўжо 7 кастрычніка прынята рашэнне Акадэміі навук Беларусі аб стварэнні нашага Цэнтра на яе тэрыторыі. У нас адбываецца цесны кантакт з Кітайскай акадэміяй грамадскіх навук і з Інстытутам вывучэння Расіі, Усходняй Еўропы і Азіі. Мы з імі вельмі шчыльна супрацоўнічаем, каб як мага хутчэй выбудаваць структуру нашага аналітычнага цэнтра. Ён ужо створаны, у нас працуюць пяць чалавек, але мы будзем пашырацца ў залежнасці ад праектаў.

Кар: -- Беларуска-кітайскі аналітычны цэнтр развіцця сёння генеруе ідэі, шукае партнёраў, распрацоўвае праекты «пад ключ»... Я правільна ўсё кажу?

Белякоў: -- Цэнтр малады, а планы нашы – амбіцыйныя. Асноўная задача Цэнтра – экспертнае інфармацыйна-аналітычнае суправаджэнне работы Беларуска-кітайскага міжурадавага Камітэта па супрацоўніцтве. Гэта і ўзаемадзеянне з экспертнай супольнасцю і дзелавымі коламі Кітая па пытаннях развіцця і супрацоўніцтва з нашай краінай, а таксама кансультаванне дзяржорганаў, прыватных арганізацый, прадпрыемстваў і кампаній у Беларусі і ў Кітаі па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва: як лепш выбудаваць і зрабіць паспяховым бізнес. Гэта яшчэ і распрацоўка перспектыўных напрамкаў, вы ўсё правільна адзначылі. Наш цэнтр выступае з пэўнымі ініцыятывамі, падае канцэпцыі пілотных праектаў і праекты іх рэалізацыі, уключаючы экспертнае суправаджэнне праектаў. Цэнтр удзельнічае і арганізуе навукова-практычныя канферэнцыі, "круглыя сталы", семінары. Сёння вельмі важна, каб дзве культуры знайшлі кропкі судакранання, тады мы будзем цалкам давяраць адзін аднаму.

Кар: -- Гаворачы аб развіцці беларуска-кітайскіх адносін, натуральна, нельга не сказаць некалькі слоў пра вельмі важны прект, які рэалізуецца на тэрыторыі нашай краіны – Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Хто сёння ў гэтым праекце больш зацікаўлены?

Белякоў: -- Абодва бакі вельмі зацікаўлены ў паспяховай рэалізацыі праекта. Гэта самы маштабны праект Кітая падобнага тыпу за мяжой, таму Кітай вельмі зацікаўлены, каб праект стаў паспяховым. Хачу адзначыць, што ўжо добраўпарадкавана стартавая пляцоўка парку, гатовы ўсе камунікацыі. Усяго ў Парку налічваецца восем рэзідэнтаў, і больш за 50 кампаній з Кітая і Еўропы заключылі пагадненні аб намерах у нашым Парку.

Кар: -- Я хачу адзначыць вось што: хоць Кітай і лічыцца краінай з эканомікай, што развіваецца, усё ж такі гэта краіна імкліва крочыць наперад і вельмі хутка багацее. І выбудоўваючы адносіны з рознымі краінамі, Кітай, як інвестар, прад'яўляе вельмі высокія патрабаванні да сваіх партнёраў. Рэспубліка Беларусь адпавядае гэтым патрабаванням?

Белякоў: -- Так, Кітай прад'яўляе высокія патрабаванні да сваіх партнёраў. Гэта шырокае кола пытанняў, і на іх трэба даваць кваліфікаваны адказ па ўсіх вектарах супрацоўніцтва. Мы прыкладаем вялікія намаганні, каб адпавядаць патрабаванням кітайскага боку, і па некаторых галінах нават перакрываем усталяваную планку. Перспектывы нашы, як і сам Кітай – бязмежныя. Усё залежыць ад пісьменнага падыходу і правільнай падачы як інфармацыі, так і дзелавых прапаноў. Тут вельмі важна знайсці сваю нішу на гэтым рынку, а таксама вызначыцца, як правільна падаць свае паслугі і свае тавары. Гэта галоўнае пытанне. Можна казаць, што кітайскі рынак прыме ўсё, але на самой справе гэта не так. У Кітаі дзейнічае найвышэйшая канкурэнцыя, таму трэба прапаноўваць нешта новае, ведаць, як Кітай успрымае прапановы. Ва ўсіх дробязях патрэбны прафесійны падыход.

Глабалізацыя, якая ператварылася ў адну з вядучых тэндэнцый сусветнага развіцця на рубяжы 20-21 стагоддзяў, аказвае ўсё больш глыбокае ўздзеянне на сацыяльна-эканамічную, палітычную і іншыя сферы жыцця чалавецтва, у тым ліку на характар міжнароднага жыцця. Рухавіком глабалізацыйных працэсаў, якія імкліва інтэгруюць капітал, тэхналогіі, паслугі і інфармацыю, з'яўляецца сусветны гандаль. Тэндэнцыям глабальнага развіцця адпавядае праект адраджэння Шаўковага шляху, які прадугледжвае стварэнне новых магчымасцяў для развіцця гандлёвых адносін паміж Азіяй і Еўропай, аб'яднанне намаганняў вялікай колькасці краін з розным узроўнем эканамічнага развіцця і сваім палітычным укладам. Адраджэнне Вялікага шаўковага шляху – гэта аднаўленне тысячагадовага дыялогу цывілізацый. - Р -

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040