Урачыстае адкрыццё 7-га Пекінскага міжнароднага кінафестывалю адбылося на тэрыторыі кінастудыі ў Хуайжоу
  2017-04-17 09:12:25  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

У нядзелю ўвечары на тэрыторыі Дзяржаўнай вытворчай базы China Film Group у Хуайжоу адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця 7-га Пекінскага міжнароднага кінафестывалю. Яркае шоу з у-шу, акрабатамі, танцамі і музычнымі выступленнямі аздабляла прамовы арганізатараў і гасцей цяперашняга форуму. Па чырвонай дарожцы прайшлі заўважныя фігуры кітайскай кінаіндустрыі, зоркі сусветнага кіно.

Эмір Кустырыца, які разам з актрысай Монікай Белучы прадстаўляе ў Пекіне сваю новую работу – "Млечны шлях" у інтэрв'ю нашаму каналу прызнаўся, што вельмі рады бываць у Кітаі. Летась ён быў запрошаны ўзначальваць журы Шанхайскага міжнароднага фестывалю, а цяпер прыехаў у сталіцу Кітая, дзе з задавальненнем назірае за жыццём людзей і гаворыць, што менталітэт кітайцаў яму вельмі блізкі і знаёмы. Эмір Кустурыца таксама сказаў, што ягоныя ўражанні ад краіны, падмацаваныя прачытанымі кнігамі і прагледжаным кітайскім кіно 90-х настолькі яркія, што натхняюць яго думаць аб сумесным праекце і здымаць сваю наступную стужку менавіта ў Паднябеснай. Прынамсі пра гэта ён абвясціў у сваёй прамове са сцэны ўрачыстай цырымоніі.

У конкурснай праграме сёлетняга Пекінскага міжнароднага кінафестывалю прадстаўлены 15 стужак з 17 краін свету. Прыкметна тое, што сярод гэтых работ ёсць фільмы сумеснай вытворчасці, у тым ліку, і з Кітаем. Іран, Грузія, Канада, Францыя, Італія, Чэхія, Аўстрыя, Румынія, Люксембург і Нідэрланды, Расія, Іспанія, Японія, Фінляндыя і КНР пакажуць стужкі сваіх краін на міжнародным конкурсе. Журы яго сёлета ўзначальвае двойчы ўладальнік Залатой пальмавай галіны Канскага кінафестывалю, прэміі "Оскар" за лепшы фільм на замежнай мове, дацкі рэжысёр Білі Огуст. Яго з Кітаем звязвае цяпер многае, у тым ліку, і новая карціна "Кітайская ўдава", прэм'ера якой чакаецца летам гэтага года. У інтэрв'ю ён сказаў, што фільмы конкурсу ў Пекіне будзе глядзець з адкрытым сэрцам і судзіць іх шчыра, як дзіця. "Я вельмі рад такой магчымасці – быць у журы і глядзець усе гэтыя карціны, таму што ў мяне ажываюць уласныя ўспаміны пра тое, як я пачынаў сваю кар'еру. Я быў у журы Шанхайскага кінафестывалю 6 гадоў таму, меў цудоўны вопыт, а цяпер упершыню ў Пекіне і з адкрытым сэрцам чакаю новых уражанняў. Сапраўды, зараз так шмат карцін здымаецца, каб зарабіць хуткія грошы, ад чаго губляецца якасць выказвання аўтараў. На фестывалях можна ўбачыць крыху іншае кіно, таму і запрашаецца журы, каб вызначыць і абмеркаваць стан сучаснай кінаіндустрыі і аддаць належнае тым, хто ў яе прыходзіць", - адзначыў Білі Огуст.

У склад міжнароднага журы таксама ўваходзяць італьянскі прадзюсар і рэжысёр Паула дэль Брока, ягоны калега з Румыніі Раду Жуд, рэжысёр з Ганконга Мабэль Чэун, французскі акцёр Жан Рэно, яго калега з Кітая Цзян Вэнлі і амерыканскі рэжысёр анімацыйных фільмаў Роб Мінкоф. Канчатковае рашэнне і імёны пераможцаў будуць агучаны на ўрачыстай цырымоніі закрыцця 23 красавіка.

Вольга Гальпяровіч,

Беларуская служба МРК

 

 

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040