Прагрэс у кіраванні дзяржавай на аснове закона
  2018-02-01 17:29:25  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Пасля XVIII з'езда КПК у 2012 годзе цэнтральны ўрад высунуў буйны стратэгічны план мадэрнізацыі сістэмы дзяржаўнага кіравання, галоўным прынцыпам якога з'яўлялася кіраванне краінай на аснове закона. Дзеянні Кітая ў заканадаўчай сферы ў асноўным абапіраліся на рашэнне 4-га пленума ЦК КПК 18-га склікання адносна кіравання краінай на аснове закона. Гэта рашэнне мела для КНР эпахальнае значэнне, бо яно ўзняло прававую сістэму Кітая на беспрэцэдэнтна новую вышыню, на доўгатэрміновыя мэты заканадаўчага будаўніцтва ў краіне. Для рэалізацыі гэтых мэт трэба было выканаць шэраг асноўных задач. У прыватнасці, патрабавалася абнавіць «Агульныя палажэнні грамадзянскага права», бо пасля прыняцця ў 1986 годзе яны мелі толькі абагульняючы характар. Па заканчэнні амаль 40 гадоў рэалізацыі палітыкі рэформ і адкрытасці многія з гэтых высноў ужо не адпавядалі сучасным рэаліям, таму патрабавалася больш сістэмнае рэгуляванне базавых грамадзянскіх праваадносін у новых умовах рынкавай эканомікі. Гэта адзін з самых важных законаў дзяржаўнага заканадаўства ў Кітаі за апошнія гады. Ён афіцыйна ўступіў у сілу 1 кастрычніка 2017 года. У далейшым, апроч агульных прынцыпаў грамадзянскага права, будзе паступова ўдасканальвацца яго канкрэтны змест. У бліжэйшыя год-два будзе завершана работа па стварэнні сістэмы грамадзянскага кодэкса сацыялізму з кітайскай спецыфікай, што вельмі важна для прававога рэгулявання кітайскай рынкавай эканомікі і сацыяльнага жыцця ў краіне.

Апроч грамадзянскага заканадаўства назіраюцца сур'ёзныя змены ў іншых важных галінах сацыяльнага права. Напрыклад, быў распрацаваны «Закон аб дабрачыннай дзейнасці», які з юрыдычнага боку рэгулюе дабрачынную дзейнасць ва ўмовах рынкавай эканомікі, а таксама ўлічвае імклівае развіццё магчымасцяў інтэрнэту. Гэты закон адлюстроўвае звычаі ўзаемадапамогі ў традыцыйным кітайскім грамадстве і вызначае асноўныя правілы ў гэтай сферы.

Яшчэ адна найважнейшая сфера – нацыянальная бяспека. У апошнія гады, асабліва пасля змены глабальнай ролі Кітая, пытанні дзяржбяспекі набываюць асаблівую важнасць. Гэта патрабуе ўмацавання дзяржаўнага суверэнітэту і абароны нацыянальных інтарэсаў шляхам заканадаўчых мер. Да таго ж не так даўно ў краіне быў прыняты шэраг асноўных законаў, якія тычацца нацыянальнай бяспекі. Напрыклад, законы аб нацыянальнай бяспецы, аб барацьбе са шпіёнскай дзейнасцю, аб барацьбе з тэрарызмам паступова фарміруюць прававую сістэму нацыянальнай бяспекі, якая павінна эфектыўна абараняць суверэнныя інтарэсы Кітая ў галіне бяспекі, забяспечваючы мір і стабільнасць у краіне, а таксама баронячы дзяржаўныя інтарэсы на міжнароднай арэне.

Апроч асноўных законаў пастаянна абнаўляліся і ўдасканальваліся і іншыя законы. Напрыклад, новае «Заканадаўчае права» і новы «Адміністрацыйны працэсуальны кодэкс», а таксама закон «Аб народанасельніцтве і планавай нараджальнасці», у якім была замацавана палітыка двух дзяцей. У ходзе сацыяльна-эканамічнага развіцця ўрад перагледзеў прынцыпы дэмаграфічнай палітыкі, каб адаптаваць працэс развіцця насельніцтва да рэалій сучаснага эканамічнага грамадства і дзяржаўнай стратэгіі інтэрнацыяналізацыі. Такім чынам, у нацыянальным заканадаўстве адлюстроўваюцца сацыяльныя патрэбы насельніцтва.

Новае «Заканадаўчае права», якое тычыцца пашырэння мясцовай заканадаўчай улады, фактычна спрыяе таму, каб мясцовыя заканадаўчыя органы лепш рэагавалі на справы на месцах, каб прававая сістэма ахапіла кожны рэгіён краіны. Новы адміністрацыйны працэсуальны закон надае больш увагі абароне інтарэсаў праціўнікаў адміністрацыйнай сістэмы, для якіх раней было вельмі складана падаваць адміністрацыйныя іскі.

У кантэксце ўсебаковага паглыблення рэформ у Кітаі надаюць значную ўвагу змене, адмене і тлумачэнням тых ці іншых законаў. У прыватнасці, у 2014 годзе былі ўнесены праўкі ў «Закон аб ахове навакольнага асяроддзя», зрабіўшы яго самым строгім законам у гэтай галіне ў гісторыі Кітая. У рэдакцыі «Закона аб прадухіленні забруджвання атмасферы» ад 2015 года была значна павышана мера пакарання за супрацьзаконныя дзеянні ў гэтай сферы. Некаторыя састарэлыя законы былі зусім адменены. Напрыклад, Пастаянны камітэт УСНП прыняў рашэнне аб адмене прававых норм адносна «перавыхавання цяжкасцю», бо яны ўжо не адпавядаюць прынцыпам абароны правоў чалавека і патрэбам палітычнага развіцця дзяржавы.

Усебаковае прасоўванне кіравання краінай на аснове законаў цесна звязана з абаронай і заахвочваннем сацыяльнай справядлівасці. Таму ў даным кантэксце нельга забывацца і пра судовую дзейнасць, якая павінна забяспечваць справядлівасць, абараняць законныя правы і інтарэсы народа. У апошнія гады судовая рэформа КНР была сканцэнтравана на тым, як павысіць грамадскае пачуццё справядлівасці ў судовым працэсе і як павысіць давер да правасуддзя. У рэформе інстытуцыйных механізмаў падкрэслівалася неабходнасць забеспячэння адкрытасці пры ўзбуджэнні судовых спраў, каб стварыць максімальныя інстытуцыйныя магчымасці для вырашэння сацыяльных спрэчак. Таксама варта адзначыць, што ў апошнія гады падчас судовых разглядаў было значна менш выпадкаў умяшальніцтва кіраўніцтва, сфабрыкаваных спраў і памылковых прысудаў. У судаводстве прыкметна павысілася эфектыўнасць разгляду скаргаў насельніцтва, што садзейнічае заспакаенню масавых хваляванняў.

Актыўна прасоўваецца праца і ў іншых сферах заканадаўства. У прыватнасці, пасля вылучэння міжнароднай ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», стварэння Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый і інш. кітайскае заканадаўства паступова пачынае набываць транснацыянальны, глабальны характар і ўжо не можа разглядацца з пункту гледжання выключна ўнутрыдзяржаўнага права КНР.

ХIX з'езд КПК стаў важным этапам у справе пабудовы палітычнай сістэмы і прававой сістэмы Кітая. На гэтым з'ездзе былі падагулены вынікі палітычных і сацыяльных рэформ, накіраваных на кіраванне дзяржавай на аснове закона, якія пачаліся пасля XVIII з'езда КПК, а таксама акрэслены напрамак будучага развіцця. У прыватнасці, у сваім дакладзе Сі Цзіньпін падкрэсліў неабходнасць працягваць выконваць прынцып вяршэнства закона ў дзяржаўным кіраванні, забяспечваць кіраўніцтва КПК ва ўсіх аспектах кіравання дзяржавай, удасканальваць сацыялістычную сістэму заканадаўства з кітайскай спецыфікай, паглыбляць рэформу судовай сістэмы, развіваць прававую культуру і ўдасканальваць маральныя асновы ўсёй нацыі. - Р -

(Аўтар: Аляксандр Нікалішын)

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040