Больш за сотню кітайскіх дзяцей прымае на аздараўленне беларускі лагер "Зубраня"
  2018-08-16 18:27:10  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Сёлета ў другі раз з 2015 года па запрашэнні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі кітайскія школьнікі наведваюць краіну для аздараўлення і знаёмства з культурай і гісторыяй дзяржавы. Мне давялося пабываць у аэрапорце і правадзіць чарговую групу школьнікаў на чале з іх настаўнікамі ў Мінск. Прамым рэйсам упершыню дзеці адпраўляліся ў пакуль не знаёмую, але цікавую краіну, ад сустрэчы з якой яны чакаюць самага рознага. Вось якія адказы мне далі і на што спадзяюцца школьнікі.

Вучань эксперыментальнай школы пры Пекінскім педагагічным універсітэце, Лю Вэй адзначыў, што ён вельмі рады прыняць удзел у паездцы пекінскіх дзяцей у Беларусь. "У мяне вялікія чаканні ў дачыненні да Беларусі. Я глядзеў шмат матэрыялаў, фотаздымкаў, якія даслалі нам тыя аднакласнікі, што ўжо прыбылі ў вашу краіну. Відаць, што цяпер у Беларусі добрае надвор'е, выдатная інфраструктура. Сам я цікаўлюся гісторыяй, таму вельмі хачу наведаць музеі і гістарычныя месцы.

Хоу Цзюнчы працягвае: «У мяне таксама вялікія чаканні ў дачыненні да паездкі ў Мінск. Наколькі мне вядома, гісторыя сталіцы Беларусі доўгая і цікавая. У час Вялікай Айчыннай вайны Беларусь і Мінск мелі адмысловае стратэгічнае значэнне. Таму мне вельмі цікава больш даведацца пра ўдзел Беларусі ў Вялікай Айчыннай вайне, пра яе ўклад у перамогу ».

Вучаніца эксперыментальнай школы пры Пекінскім педагагічным універсітэце, Чжаа Цайнін, якую праважала маці, прызналася: «Раней я зусім мала ведала пра гэту краіну, таму зараз знаходжуся ў прадчуванні знаёмства з Беларуссю. Кажуць, у вашай краіне -- прыгожыя людзі, прыгожыя месцы, прыгожая прырода. З нецярпеннем чакаю сустрэчы з Беларуссю ».

Яе аднакласнік Ауян Яфэй таксама вельмі рады паездцы ў Беларусь. "Лічу, што гэта вельмі добрая магчымасць пазнаёміцца з культурай і традыцыямі вашай краіны. Наколькі мне вядома, у Беларусі вялікая тэрыторыя пакрыта лясамі, шмат чыстых азёр і рэк. Акрамя таго, Беларусь адыграла важную ролю ў час Вялікай Айчыннай вайны, у цяперашні час з'яўляецца важным транспартным вузлом Еўропы. Вельмі хачу адчуць прыгажосць вашай прыроды, культуры і традыцый ".

Вучань эксперыментальнай школы пры Пекінскім педагагічным універсітэце, Ван Чжэнбан на завяршэнне нашай размовы дадаў: «Мне вельмі цікавыя славутасці Беларусі. Ваша культура адрозніваецца ад усходняй культуры. У Беларусі зусім іншая архітэктура, ёсць замкі, цэрквы. Акрамя таго, у вас прыгожая прырода, і азёр у Кітаі не так шмат, як у Беларусі. Вельмі спадзяюся пазнаёміцца з вашай прыродай, культурай, традыцыйнай кухняй ».

Групу дзяцей суправаджалі бацькі і настаўнікі.

Супрацоўнік міжнароднага аддзела Міністэрства адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі, Чжаа Вэй таксама адказаў на мае пытанні. Аднагалосна ўсе суразмоўцы сцвярджалі, што вельмі рады прыняць удзел у праекце аздараўлення кітайскіх дзяцей у Беларусі.

"Мы ведаем, што Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка ў лісце, адрасаваным Старшыні КНР Сі Цзіньпіну, запрасіў кітайскіх дзяцей у Беларусь. Мяркую, што дадзены праект найлепшым чынам адлюстроўвае дружалюбныя адносіны паміж нашымі дзяржавамі. Нашы дзеці знаходзяцца ў прадчуванні паездкі ў Беларусь. Спадзяемся, што ў будучыні больш беларускіх педагогаў і вучняў змогуць наведаць Кітай.

Гэта першы візіт у Беларусь для мяне і дзяцей. Мы часта супрацоўнічаем з калегамі з Амерыкі, Японіі, Канады, таму падарожжы для нас – заўсёды радасць.

Беларусь актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», з'яўляецца яго вузлавой платформай. Спадзяюся, што Беларусь і Кітай будуць таксама актыўна развіваць супрацоўніцтва ў розных галінах: адукацыі, ахове здароўя, навукі і г.д.

Мае калегі і сябры расказвалі шмат цікавага пра вашу краіну, спадзяюся пазнаёміцца з культурай, традыцыямі Беларусі, наведаць замкі, музеі, гістарычныя месцы і славутасці ", - сказаў Чжаа Вэй.

А ўжо на наступны дзень каля Мінска ў беларускім дзіцячым лагеры "Зубраня" сустракалі больш за 100 дзяцей з Кітая, што прыехалі на аздараўленне. Прывітанне атрымалася гасцінным з традыцыйным караваем, песнямі і танцамі ў выкананні дзіцячых творчых калектываў.

Наперадзе дзятву чакае цікавая і насычаная праграма - вечар беларуска-кітайскай дружбы, фестываль мастацтваў, квэсты, вогнішча дружбы, майстар-клас "Нацыянальны сувенір", заняткі фізкультурай, спартыўныя спаборніцтвы. Дзятва будзе знаходзіцца ў Беларусі да 27 жніўня. Па прызначэннях лекараў ім прапануюць медыцынскія аздараўленчыя працэдуры (кіслародны кактэйль, іглічна-жамчужныя ванны, ароматэрапію, аэраіонатэрапію, апаратны масаж, бескантактавы масаж). Акрамя таго, госці стануць удзельнікамі праекта "Роўны навучае роўнага", дзе пазнаёмяць са сваёй культурай юных беларусаў. Не расчаруе кітайскіх школьнікаў і іх настаўнікаў культурна-гістарычная праграма, якая прадугледжвае экскурсіі па цікавых мясцінах Беларусі - паездкі ў Мірскі і Нясвіжскі замкі, Мінск, па Нарачанскім краі, у вучэбна-экскурсійны цэнтр старадаўняй бытавой культуры беларусаў XIX стагоддзя "Хутар Неслуч".

З 2015 года ў цэнтры летам працуе профільны атрад па вывучэнні кітайскай мовы, удзельнікі з якога возьмуць удзел у сумесных мерапрыемствах.

Вольга Гальпяровіч,

Беларуская служба МРК

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040