Кітайская міжнародная імпартная выстава / China International Import Expo, CIIE / пройдзе ў Шанхаі з 5 па 10 лістапада. На агульнай плошчы больш за 240 тыс. кв. м будуць прадстаўлены прадпрыемствы з больш чым 130 краін і рэгіёнаў свету. У рамках CIIE таксама адбудуцца міжнародны гандлёвы форум "Хунцяа", галіновыя семінары, прэзентацыі новай прадукцыі і г.д.
Украіна будзе прадстаўлена на выставе 19 кампаніямі і Нацыянальным стэндам. Распрацоўкай канцэпцыі і дызайну стэнда займаўся Офіс па прасоўванні экспарту, створаны пры Міністэрстве эканамічнага развіцця і гандлю.
"Для Украіны удзел у першай Кітайскай міжнароднай імпартнай выставе / China International Import Expo, CIIE / - гэта магчымасць паказаць свой гандлёвы, інвестыцыйны і турыстычны патэнцыял, а для ўкраінскага бізнэсу - гэта магчымасць заявіць пра сябе ў прысутнасці інвестараў і выйсці на адзін з найбуйнейшых рынкаў свету", - заявіла ў інтэрв'ю кар. Сіньхуа кіраўнік Офіса па прасоўванні экспарту Мар'яна Каганяк.
"Нацыянальны стэнд будзе засяроджаны на магчымасцях, якія Украіна прапануе кітайскім інвестарам у галіне інвестыцый, харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, індустрыялізацыі, машынабудавання, крэатыўных індустрый, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, турызму і адукацыі", - адзначыла М. Каганяк. Паводле яе слоў, для Украіны важна прадставіць на CIIE розныя галіны, каб прадэманстраваць "усю палітру сучасных украінскіх ідэй, прадуктаў і распрацовак".
У рамках CIIE ў Кітай таксама накіруецца буйная ўкраінская бізнес-дэлегацыя ў складзе каля 200 чалавек. Яна наведае выставу, прыме ўдзел у дзелавых мерапрыемствах у Шанхаі і Пекіне і правядзе сустрэчы з прадстаўнікамі гандлёва-прамысловых колаў КНР.