Сафі Марсо адкрыла 9-ы Пекінскі міжнародны кінафестываль
  2019-04-15 16:56:22  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

13 красавіка адкрыўся 9-ы Пекінскі міжнародны кінафестываль.

Урачыстая цырымонія на гэты раз праходзіла ў студыі 11 Кіна-тэлевізійнай базы сталічнага раёна Хуэйжоу. Прадстаўнікі айчыннай і замежнай індустрыі, рэжысёры, акцёры і прадзюсары сабраліся разам і павіталі фестываль, які на гэты раз адзначыў сваё 9-годдзе. Лічба даволі значная для мерапрыемства, што ўпрешыню стала праходзіць у сталіцы Кітая як альтэрнатыва знакамітаму Шанхайскаму фестывалю, і пакрысе ператвараецца ў значную платформу па супрацоўніцтве ў кінаіндустрыі.

На гэты раз фестываль адкрыла і пажадала яму ўсяго найлепшага сапраўдная зорка французскага і сусветнага кіно Сафі Марсо, якая першая выйшла на ўрачыстую сцэну цырымоніі. Шчыра яна пажадала святу кіно, якое мае свае традыцыі, прыносіць радасць гледачам і прафесіяналам, падзякавала арганізатарў за запрашэнне і выказала найлепшыя пажаданні. З'яўленне Сафі Марсо на сцэне кінастудыі невыпадкова. Яна прывезла на фестываль сваю рэжысёрскую работу «Місіс Мілс», у якой разам з ёй галоўную ролю сыграў П'ер Рышар.

Вялікая ўвага гледачоў прыкавана да барацьбы за прэмію "Храм неба", якая з'яўляецца адной з важных частак урачыстасці.

Аргкамітэт Пекінскага міжнароднага кінафестывалю паведаміў, што на прэстыжную ўзнагароду прэтэндуюць 15 кінакарцін з 20 краін і рэгіёнаў свету, уключаючы кітайскія фільмы "Блукаючая Зямля" (The Wandering Earth) і "Адзінаццатая частка" (The Eleventh Chapter).

Прэмія "Храм неба", заснаваная ў 2013 годзе, заклікана адабраць лепшыя фільмы сусветнага кіно для садзейнічання міжнароднаму супрацоўніцтву ў галіне кінематаграфіі. Як расказала першы намеснік выканаўчага сакратара аргкамітэта Пекінскага міжнароднага кінафестывалю Ван Цзюе, правам удзельнічаць у барацьбе за прэмію "Храм Неба" валодаюць усе работы, прадстаўленыя пасля 1 студзеня 2018 года.

Усяго ў аргкамітэт паступіла 775 карцін з 85 краін і рэгіёнаў свету. Па выніках ўважлівага адбору ў фінал выйшлі 15 фільмаў з 20 краін, у тым ліку 12 замежных і 3 кітайскіх.

Па словах намесніка выканаўчага сакратара аргкамітэта Пекінскага міжнароднага кінафестывалю Сін Бо, для павышэння аўтарытэту ўзнагароды аргкамітэт імкнецца запрасіць у журы прэміі "Храм Неба" самых вядомых кінематаграфістаў у свеце. Па ацэнцы такіх паказчыкаў, як прафесіяналізм і мастацкія дасягненні кандыдатаў, было вызначана 7 чалавек, якія сталі членамі міжнароднай калегіі.

Старшынёй журы стаў вядомы амерыканскі рэжысёр, аўтар знакамітага мультфільма «Кароль Леў» Роб Мінкоф, што неаднаразова браў удзел у фестывалі і быў членам яго міжнароднага журы. Са сцэны ўрачыстасці ён падзякаваў арганізатараў за гонар -- стаць старшынёй журы сёлета і прызнаўся, што яго падарожжа на Усход, якое пачалося дваццаць гадоў таму, восенню 1997 года, па-ранейшаму працягваецца, і падарыла яму сустрэчу з каханай жонкай, магчымасць пазнаёміцца і супрацоўнічаць з Джэкі Чанам, Джэтам Лі, Лі Бін Бін і Лю Юй Фэй. Роб Мінкоф, як старшыня журы, заклікаў выкарыстаць гэту бліскучую магчымасць адсвяткаваць страсць да кіно разам і атрымаць асалоду ад сумеснага падарожжа, якое становіцца добрым мостам для аб'яднання Усходу і Захаду ў будучым.

 

Сярод іншых членаў журы - рэжысёры Сільвіё Каёсі (Чылі), Цаа Баапін (КНР), Сяргей Дварцавы (Расія), Маджыд Маджыдзі (Іран), Сайман Уэст (Вялікабрытанія), актрыса Лю Цзялін (Сянган ). Дарэчы, для расійскага члена журы, лаўрэата Канскага кінфестывалю і ўладальніка гран-пры фестывалю ў Котбусе, (Германія) рэжысёра Сяргея Дварцавога, прыезд у Кітай – чаканая і цікавая падзея. Упершыню ён завітаў у Паднябесную на фестываль «Аднаго пояса і аднаго шляху», які праводзіўся летасць у Ціньдаа. Пекін для яго – новы горад і вялікае адкрыццё. У нашым інтэрв'ю рэжысёр выказаў удзячнасць і радасць з нагоды магчымасці яшчэ раз звярнуцца да кітайскай культуры і гісторыі.

- Кітай для мяне заўсёды цікавы, асабліва калі прыязджаеш сюды і больш пазнаеш гэтую краіну. Таму што тут пераплецена гісторыя: такое мінулае і сапраўднае, што для таго, каб добра ўсё гэта даведацца, трэба прыязджаць сюды часцей. Мне вельмі шкада, што я так рэдка бываю тут, і ўпершыню прыехаў толькі ў мінулым годзе. Але цяпер для мяне склалася выдатная магчымасць бліжэй пазнаёміцца і з кітайскімі акцёрамі, і з рэжысёрамі, і з фільмамі. Тым больш, у працы над карцінай «Айка» у мяне склалася выдатнае супрацоўніцтва з двума маімі кітайскімі ко-прадзюсарамі. Мне спадабалася, і мы будзем і далей супрацоўнічаць.

- А як кітайскія партнёры дапамаглі ў ажыццяўленні вашага праекта, што стаў такім паспяховым і цяжкім адначасова? Складаным па тэме, якую фільм «Айка» закранае, і паспяховым з пункту гледжання колькасці ўзнагарод, ім атрыманых на розных кінафестывалях.

-- Фактычна, маім ко-прадзюсарам удалося выратаваць гэтую карціну. Калі яны ўключыліся ў праект, фільм быў на стадыі завяршэння, але мы спыніліся, у нас не хапала грошай, была складаная сітуацыя, доўгія здымкі. Мы нават не ведалі, што рабіць, таму што мы не маглі завяршыць. Луна Ван і Джу Лі выратавалі нашу карціну. Убачыўшы ў Астане частку майго фільма, яны адразу пагадзіліся падтрымаць карціну. Праца была зроблена дакладна, яны вельмі надзейныя, у мяне засталіся самыя лепшыя ўражанні. Я далей буду з імі працаваць. І магчыма, я нават хацеў бы ў Кітаі нешта здымаць. Пакуль рана пра гэта казаць, але ў будучыні, магчыма.

- Што вы чакаеце ад працы на кінафестывалі ў Пекіне. У вас у міжнародным журы склалася нядрэнная кампанія, багата рэжысёраў і некалькі акцёраў. Ці чакаюць вас адкрыцці, па-вашаму?

-- Адна з пераваг працы на фестывалі гэта тое, што ты сустракаеш сваіх калегаў па журы. Звычайна там працуюць людзі адборныя, асобы цікавыя. І вось гэта для мяне важна, таму што ты маеш зносіны на высокім узроўні, і менавіта гэтыя дыскусіі - неабходныя. Часам абмеркаванні настолькі цікавыя, як і самі фільмы. Мне прыемна заўсёды менавіта з гэтага пункту гледжання ўдзельнічаць у журы, таму што сустракаеш незвычайных і таленавітых людзей.

Фільм адкрыцця фестывалю -- кітайска-казахстанскі праект "Кампазітар", які быў падтрыманы на ўзроўні кіраўнікоў дзвюх дзяржаў, а на закрыцці фестывалю 20 красавіка выйдзе ў пракат індыйская камедыя "Нуль".

Вольга Гальпяровіч, Беларуская служба МРК

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040