Турцыя сутыкнецца з амерыканскімі санкцыямі ЗША, калі яна атрымае расійскія зенітныя ракетныя сістэмы / ЗРС / С-400. Пра гэта заявіла ў сераду на брыфінгу афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнта ЗША Морган Артагус.
"Мы гатовыя ўзаемадзейнічаць з турэцкім урадам, аднак наша пазіцыя застаецца ранейшай: Турцыя сутыкнецца з вельмі рэальнымі і вельмі негатыўнымі наступствамі, калі яна завершыць пастаўку С-400", - сказала яна.
Наступствы ўключаюць прыпыненне закупак F-35 і ўдзелу турэцкай прамысловасці ў праграме па гэтым знішчальніку, а таксама магчымасць прымянення закона аб санкцыях CAATSA, адзначыла яна.
"Гэта вельмі сур'ёзна, гэта вельмі рэальна, і я думаю, што наша пазіцыя застаецца цалкам паслядоўнай", - дадала яна.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у той жа дзень абмеркаваў пытанне С-400 па тэлефоне са сваім турэцкім калегам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.
Дырэктар прэс-службы прэзідэнта Турцыі Фахрэцін Алтун заявіў у "Твітэры", што падчас тэлефоннай размовы Р. Т. Эрдаган зноў прапанаваў стварыць сумесную турэцка-амерыканскую працоўную групу па пытанні куплі Анкарой расійскіх ЗРС.