Помнік класіку беларускай літаратуры Янку Купалу адкрылі ў Сіаньскім універсітэце замежных моў
  2019-06-26 17:42:28  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Помнік Янку Купалу ўрачыста адкрылі 25 чэрвеня ў Сіаньскім універсітэце замежных моў, паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Кітаі. Адкрыццё адбылося падчас наведвання Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Кітаі Кірылам Рудым Сіаньскага ўніверсітэта замежных моў у правінцыі Шэньсі. Адбылася сустрэча дыпламата з рэктарам ВНУ Ван Цзюньчжэ, на якой былі абмеркаваны пытанні супрацоўніцтва з беларускімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і рэалізацыя праектаў года адукацыі Беларусі ў Кітаі, уключаючы пашырэнне абменаў сярод прафесарска-выкладчыцкага складу і стварэнне сумеснай магістратуры. Затым у новым корпусе ўніверсітэта адбылася цырымонія адкрыцця другога ў Кітаі помніка беларусу – на гэты раз Песняру - народнаму паэту Янку Купалу. Помнік зроблены вядомым беларускім скульптарам Віктарам Копачам, якога добра ведаюць у творчых колах Кітая па яго актыўным удзеле ў пленэрах і сімпозіумах па скульптуры ў Паднябеснай.

На цырымоніі Кірыл Руды выступіў з вітальнай прамовай, у якой адзначыў важную ролю беларускага Песняра ў развіцці айчыннай і сусветнай літаратуры, у развіцці роднай мовы.

«Янка Купала -- класік сусветнай і беларускай літаратуры, духоўны лідар нацыянальнага адраджэння краіны, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Ён пражыў няпростае жыццё, аднак яго высокія чалавечыя якасці – гуманізм, любоў да свайго народа, радзімы, вернасць ідэі уласнай творчасці – нацыянальнаму і духоўнаму вызваленню, заставаліся нязменнымі і неаспрэчнымі з цягам часу. Янка Купала – прарок беларускага Адраджэння, а яго творчасць – важная вяха ў развіцці роднай мовы і літаратуры, якая па-ранейшаму працягвае знаёміць Кітай і ўвесь свет з беларускай культурай», - адзначыў у сваёй прамове пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды.

Студэнты ўніверсітэта, што вывучаюць беларускую мову як спецыяльнасць, падрыхтавалі творчую праграму, на якой дэкламавалі творы народнага паэта на беларускай і кітайскай мовах. Напрыканцы ўдзельнікі мерапрыемства наведалі выставу, прысвечаную Песняру, падрыхтаваную пры садзейнічанні Дзяржаўнага літаратурнага музея Я. Купалы.

каменціраваць
Мун Чжэ Ін спадзяецца на канкрэтны прагрэс падчас сустрэчы Кім Чэн Ына і Дональда Трампа
фотаздымкі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040