Каментуючы нядаўнія беспадстаўныя абвінавачванні службовай асобы ЗША ў адрас кітайскага грамадскага ладу, афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Хуа Чуньін на прэс-канферэнцыі заявіла, што гісторыя і практыка даказваюць абсалютную правільнасць шляху сацыялізму з кітайскай спецыфікай. Кітай не збіраецца скакаць пад чужую дудку, ён працягне няўхільна прытрымлівацца той дарогі і рухацца ў тым напрамку, якія абраў і вызначыў для сябе сам.
Адзін з журналістаў задаў пытанне: 17 кастрычніка памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША Дэвід Сцілвел, выступаючы ў Цэнтры Вільсана з прамовай пра палітыку ЗША ў дачыненні да КНР, заявіў, што кітайска-амерыканскія адносіны знаходзяцца ў фазе стратэгічнага суперніцтва, ЗША павінны змяніць спосаб зносін з Кітаем і ўсур'ёз падумаць аб такім фактары, як паступовае ідэалагічнае паслабленне. Д. Сцілвел таксама высунуў беспадстаўныя абвінавачванні ў адрас кітайскага грамадскага ладу. Як Вы гэта пракаментуеце?
Хуа Чуньін адзначыла, што кітайскі бок звярнуў увагу на адпаведныя паведамленні. Прамова Д. Сцілвела ў поўнай меры агаліла сур'ёзныя ідэалагічныя забабоны, гегеманізм і двайныя стандарты асобных прадстаўнікоў ЗША.
Хуа Чуньін нагадала, што зусім нядаўна прайшлі ўрачыстасці з нагоды 70-годдзя ўтварэння КНР. Уся міжнародная супольнасць дала высокую ацэнку каласальным поспехам, дасягнутым Кітаем за 70 гадоў, яго значнаму ўнёску ў мір і развіццё ўсяго свету. Кіраўнікі 178 краін, а таксама 36 міжнародных і рэгіянальных арганізацый у рознай форме цёпла павіншавалі Кітай. Гісторыя і практыка даказалі, што шлях сацыялізму з кітайскай спецыфікай абсалютна верны, цалкам адпавядае нацыянальным асаблівасцям Кітая і патрэбам кітайскага народа, а таму карыстаецца яго падтрымкай.
"У Кітая і ЗША розныя гісторыя і культура, грамадскі лад, шлях развіцця, нацыянальныя рэаліі. Бакі не могуць змяніць адзін аднаго. Імкненне амерыканскага боку выправіць лад думак іншых людзей у адпаведнасці з уласнымі жаданнямі першапачаткова памылковае і нерэалізуемае", - падкрэсліла Хуа Чуньін . Паводле яе слоў, Кітай не збіраецца скакаць пад чужую дудку, ён працягне няўхільна прытрымлівацца той дарогі і рухацца ў тым напрамку, якія абраў і вызначыў для сябе сам. Кітайскі бок ніколі не імкнуўся змяніць ЗША, амерыканскі бок таксама не павiнен увесь час спрабаваць змяніць КНР, але павінен навучыцца памяркоўнасці, раўнапраўнаму і паважліваму стаўленню да законнага права на развіццё іншых краін, у тым ліку Кітай.