Старшыня КНР Сі Цзіньпін правёў тэлефонную размову з прэзідэнтам Егіпта Абдэлем Фатахам ас-Сісі. Сі Цзіньпін адзначыў, што эпідэмія праявілася ў многіх краінах свету. Факты чарговы раз пераканалі, што чалавецтва ўяўляе сабой супольнасць адзінага лёсу, і ўсе краіны свету павінны згуртавацца і ўзаемадзейнічаць, каб агульнымі намаганнямі рэагаваць на сітуацыю. Ён сказаў, што Кітай гатовы працаваць з усімі краінамі, каб умацоўваць міжнароднае супрацоўніцтва ў барацьбе з эпідэміяй, разам рэагаваць на сумесныя пагрозы і выклікі, абараняць глабальную бяспеку ў галіне грамадскай аховы здароўя.
Пасля ўспышкі эпідэміі, адзначыў Сі Цзіньпін, егіпецкі бок адразу ж выказаў падтрымку Кітаю, што адлюстравала глыбокія сяброўскія пачуцці паміж дзвюма краінамі і высокі ўзровень кітайска-егіпецкіх адносін усеабдымнага стратэгічнага партнёрства. Паводле яго слоў, зараз Егіпет таксама сутыкаецца з неадкладнай задачай па барацьбе з эпідэміяй, таму кітайскі бок гатовы своечасова дзяліцца з Егіптам звязанай з эпідэміяй інфармацыяй, вопытам у галіне прафілактыкі, супрацьэпідэмічнага кантролю і аказання медыцынскай дапамогі і вынікамі медыцынскіх даследаванняў, а таксама прадастаўляць егіпецкаму боку рэчы медыцынскага прызначэння, аказваць падтрымку ў працы па прафілактыцы і супрацьэпідэмічным кантролі, каб сумеснымі намаганнямі нанесці ўдар па эпідэміі.
Сі Цзіньпін выказаў упэўненасць, што сумесная барацьба з эпідэміяй паглыбіць традыцыйнае сяброўства паміж Кітаем і Егіптам. Кітай надае вялікае значэнне развіццю двухбаковых адносін, а таксама выказвае гатоўнасць разам з егіпецкім бокам паглыбляць прагматычнае супрацоўніцтва ва ўсіх галінах, ператвараючы кітайска-егіпецкія адносіны ў наглядны ўзор будаўніцтва кітайска-арабскай і кітайска-афрыканскай супольнасці адзінага лёсу.
А.Ф. ас-Сісі заявіў, што Кітай дамогся актыўнага прагрэсу ў барацьбе з эпідэміяй. Паводле яго слоў, егіпецкі бок цвёрда перакананы ў тым, што Кітай зможа атрымаць перамогу над эпідэміяй. Егіпет выказвае падзяку кітайскаму боку за падтрымку і дапамогу, а таксама верыць, што пры дапамозе сумеснай барацьбы з эпідэміяй адносіны паміж дзвюма краінамі стануць яшчэ больш моцнымі, адзначыў А.Ф. ас-Сісі. Ён сказаў, што надае вялікае значэнне двухбаковым адносінам і гатовы працаваць разам з кітайскім бокам, каб садзейнічаць узаемавыгаднаму супрацоўніцтву ва ўсіх сферах і актывізаваць аносіны і каардынацыю дзейнасці ў міжнародных справах.