Брытанскі навуковы часопіс Nature на трох анлайн-платформах прынёс прабачэнні за выкарыстанне тэрмінаў "кітайскі вірус" і "ўханьскі вірус".
"З нашага боку было няправільным рабіць гэта. Мы прыносім прабачэнні", -- напісала рэдкалегія часопіса ў артыкуле "Неабходна спыніць стыгматызацыі ў сувязі з каранавірусам". У сваёй публікацыі прадстаўнікі часопіса адзначылі, што са з'яўленнем віруса Сусветная арганізацыя аховы здароўя актыўна заклікала міжнародную супольнасць не звязваць захворванне з Уханем -- горадам, у якім адбылася ўспышка віруса. Аднак многія сусветныя СМІ ігнаравалі гэту рэкамендацыю, паддаючыся агульнай тэндэнцыі. Аўтары таксама асудзілі палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, якія да гэтага часу працягваюць увязваць Кітай і COVID-19.
Артыкул выклікаў абмеркаванні ў інтэрнэт-супольнасці. Большасць карыстальнікаў выказаліся за тое, што ва ўсім свеце варта спыніць стыгматызацыі па каранавірусе.