Раман Мышкоўскі, карэспандэнт Беларускай рэдакцыі МРК
Бансай – гэта мастацтва стварэння мініяцюрнага дрэва ў неглыбокім кантэйнеры. Бансай зарадзіўся ў Кітаі больш за 1300 гадоў таму. Першапачаткова гэтым мастацтвам забаўлялі сябе прадстаўнікі шляхты. Мініяцюрныя дрэўцы лічыліся прадметам раскошы і падносіліся як падарункі. Прыкладна ў 1100 годзе будысцкія манахі прынеслі мастацтва бансай у Японію. Японскія аматары прыгожага з задавальненнем прынялі гэты від творчасці і дадалі да яго свае непаўторныя рысы. У іншых краінах свету бансай пачаў распаўсюджвацца толькі ў пачатку 20-га стагоддзя.
Задача бансай заключаецца не толькі ў стварэнні мініяцюры прыроды, але і ў спробах адкрыць штосьці новае ў душы чалавека. Кітайцы разглядаюць сусвет у двух вымярэннях касмічнай энергіі, якія яны называюць "інь" і "ян". У дрэўца бансай гэта касмічная энергія можа быць спасцігнута праз спробы знайсці правільны рытм і абсалютную раўнавагу. Вельмі важным з'яўляецца агульнае адзінства, і ствараючы мініяцюру, вельмі важна ўлічваць вялікую колькасць фактараў – трэба падумаць пра такія рэчы, як кантэйнер, правільнае размяшчэнне дрэўца ў гэтым кантэйнеры, выгляд дрэва, яго памер, форма і колер, а таксама многія іншыя дэталі.
Сярод самых знакамітых вытворцаў бансай у Кітаі ў першую чаргу варта адзначыць батанічны сад у Шанхаі, які сваёй місіяй лічыць захаванне рэдкіх відаў раслін і экалагічную асветую. Кітайцы ж лічаць, што самы прыгожы бансай можна пабачыць у Садзе сціплага чыноўніка (парк Чжоўчжэн, 拙政园) у горадзе Сучжоу правінцыі Цзянсу. У горадзе Ханчжоу правінцыі Чжэцзян знаходзіцца гадавальнік кветак, які змяшчае сад бансай агульнай плошчай больш за 10 тыс. кв. метраў. У гэтым гадавальніку даглядаюць 3500 раслін бансай.
Дрэўца бансай звычайна знаходзіцца асобна, і вакол яго, як правіла, няма іншых раслін і дэкарацый. У многіх дамах у Кітаі ладзяць спецыяльныя месцы для бансай: паліцы, столікі, асобныя нішы. У той жа час некаторыя лічаць дапушчальным наяўнасць якога-небудзь аб'екта, які добра спалучацца з дрэўцам. Як варыянт, на сцяну можна павесіць карціну або бамбукавы скрутак, але так, каб бансай знаходзіўся ўнізе на адлегласці не менш за 30 сантыметраў. Прыгожыя камяні таксама могуць узмацніць агульнае ўражанне ад вашай кампазіцыі. Важным таксама з'яўляецца выбар элементаў афармлення грунту. Вы можаце пасадзіць вакол дрэўца траву ці іншыя непрыкметныя расліны, каб яны «нагадвалі» бамбукавы гай. Платформы пад кантэйнер у Кітаі прынята мяняць некалькі раз за год, як правіла, з надыходам чарговай пары года. - Р -
(фота – Р.Мышкоўскі, парк Чжоўчжэн, г. Сучжоу)