Турызм па-кітайску
  2015-04-28 18:52:57  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Турыстычная галіна Кітая перажывае ўздым: людзі намагаюцца больш падарожнічаць, даведвацца пра нешта новае і забаўляць сябе і сваіх родных і блізкіх. Да таго ж, і фінансавае становішча многіх сем'яў дазваляе праводзіць вольны час больш ярка і разнастайна. Па законах рынку нараджаецца попыт, з'яўляецца і прапанова: таму і мноства новых, і ўжо вопытных кампаній намагаюцца прыдумаць нешта цікавае і незвычайнае, каб захапіць увагу будучага кліента.

Гісторыя парка Бінхай, які знаходзіцца ў 175 км ад Пекіна і 45 кіламетрах ад цэнтра аднаго з буйных гарадоў Кітая Цяньцзіня – яркі таму прыклад. Асноўны яго скарб – савецкі авіяносец «Кіеў», які быў выкуплены шмат гадоў таму, а потым пачаў прымаць наведвальнікаў. З 2011 года прыбытак парка «Біньхай» склаў ужо каля 100 мільёнаў юаняў, а ў 2014 годзе чакаецца падвоіць гэту лічбу, таксама як і колькасць наведвальнікаў да лічбы ў 1,5 млн.чалавек .

На думку Цяньцзіньскай турыстычнай карпарацыі - стваральнікаў парка «Біньхай», патэнцыял у гэтай пляцоўкі ёсць. Многія сем'ямі, разам з дзецьмі прыязджаюць, каб падняцца на карабель, паглядзець на магутныя ракетныя ўстаноўкі, убачыць, як была арганізавана служба ваенных маракоў, якое абсталяванне выкарыстоўвалася, да некаторых прадметаў дакрануцца рукой.

Акрамя таго, на караблі яшчэ маецца і глядацкая зала, дзе праходзяць канцэрты, паказваюцца фокусы і часам праводзяцца імпрэзы. На палубе і ўнутры карабля праходзіць выстава ваенных самалётаў.

Праўда, ёсць адчуванне нейкай штучнасці ад усяго створанага, бо, напрыклад, васкавыя фігуры жанчын у марской форме наўрадці адпавядаюць рэчаіснасці на сапраўдным ваенным караблі, ці некаторыя надпісы на радарах і прыладах унутры авіяносца.

Але цікава, як прадметы побыту канца васьмідзесятых-дзевяностых гадоў 20-га стагоддзя, якія яшчэ можна выкарыстоўваць у побыце, ужо сталі прадметам гісторыі і стаяць пад шклом.

Гаспадары парка не задаволіліся толькі ваеннай часткай гэтага забаўляльнага аб'екта, і ў мінулым годзе пабудавалі непадалёк ад авіяносца рускую вуліцу. Яна пачала дзейнічаць у красавіку гэтага года, і на яе ўскладаюцца вялікія камерцыйныя спадзяванні. І не здарма. Бо тут зроблена ўсё магчымае, каб вуліца захавала сваю славянскую экзатычнасць.

На ёй вас сустракаюць артысты ў нацыянальных касцюмах, якія з танцамі і спевамі паказваюць вам дарогу да карабля ці знаёмяць вас з мясцовымі асаблівасцямі. Дарэчы, спецыяльную каманду запрошаных спевакоў, танцоўшчыкаў, ілюзіяністаў складаюць артысты з Расіі, Украіны і Беларусі. У крамах – і гэта пазіцыя гаспадароў парка – толькі тавары, прывезеныя з Расіі, ці зробленыя тут на месцы рускімі спецыялістамі з рускіх прадуктаў. Гэта і хлеб, і печыва, і квас.

Ёсць тут і традыцыйныя вырабы, як, скажам, матрошка. Гэту раскладную драўляную ляльку спецыяльна была запрошана распісваць у парк мая суразмоўца Таццяна Елісеева з Благавешчанска. Яна зрабіла за тры месяцы ўжо трыццаць калекцый з рознымі матывамі. Ёсць тут і зімнія матрошкі, і летнія. Сустракаюцца ў гэтым сямействе лялек і мужчыны, што ўвогуле, згодна з традыцыяй, вялікая рэдкасць. Таццяна Пятроўна, якая сваёй прыгажосцю і размаітасцю адзення сама крыху нагадвае матрошку, прызналася мне, што цяпер у гэтым рамястве няма такіх ужо дакладных рамак. Таму некаторыя сюжэты для сваіх роспісаў яна знаходзіць і ў інтэрнэце, і натхняецца ўбачаным у жыцці. На маё пытанне, ці адчувае яна сябе тут дарэчы, майстар адказала, што вельмі шмат працуе і з цікавасцю назірае за маленькімі наведвальнікамі парка, захопленымі такой незвычайнай лялькай. Кітайскія гледачы – добразычлівыя і цікаўныя, пераканана Таццяна Елісеева.

Гаспадары парка вырашылі, што вуліцу варта аздобіць не толькі крамамі і рускай «экзотыкай», але і аддаць пляцоўку пад мота-шоу, якое запрасілі праводзіць каскадзёраў са Злучаных Штатаў. Гэтаксама, як і ваеннае шоу на караблі пад назвай «Бура на моры».

Мой суразмоўца, кіраўнік танцавальнай часткі, Дзяніс Камісараў з Валгаграда з упэўненасцю пераконваў мяне, што тут усё, як насамрэч у Маскве ці дзе-небудзь у іншых расійскіх гарадах: « Вельмі падобна, прыязджайце ў Маскву, усё ўбачыце адзін у адзін. Натуральна, увасобіць усе рэальна немагчыма, але яны – малайцы, пастараліся. Тут як на Арбаце - кожны паказвае сваю творчасць».

І такая эклектыка: карабель, ваеннае шоу, мота-шоу і разам руская вуліца ў адным парку – гэта натуральна, на яго думку: «Гэта нельга падзяліць: стаіць наш карабль, пабудавана наша вуліца. Да таго ж, тут можна пакаштаваць макароны па-флоцку – страву, звычайную для карабельнай кухні».

А ўвогуле, і з гэтым нельга не пагадзіцца з маім суразмоўцам з Валгаграда: «Усе людзі павінны сябраваць, а тут якраз усё гэта і адбываецца, нягледзячы на тое, што робіцца зараз ва ўсім свеце, на канфлікты і войны. У парку «Біньхай» працуюць і рускія, і ўкраінцы, і беларусы, і людзі розных нацыянальнасцяў. Тут мы ўсе сябруем, давяраем адно аднаму і дзелімся сваім вопытам, а таксама культурай, мастацтвам і ежай».

І сваім добрым настроем, дадам я. І калі славянская культура праз такія вось турыстычныя аб'екты будзе ўваходзіць у звычайные жаццё кітайцаў і выклікаць іх цікавасць, а разам з тым, і прыемныя адчуванні, то з галоўнай задачай гаспадары парка справіліся.

Вольга Гальпяровіч,

Беларуская служба МРК

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040