У канцэртнай зале «Beijing Concert Hall» сталіцы Кітая выступленнем артыстаў Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята» ўрачыста адкрыюцца Дні культуры Беларусі.
У іх праграме таксама -- выступленне оперных салістаў і танцораў балета і выстава работ беларускай мастачкі з Гродна Марыны Эльяшэвіч, якая працуе ў стылі гохуа. Экспазіцыя адкрыецца ў Кітайскім музеі маці і дзіця.
Беларускую дэлегацыю ўзначальвае намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік. Мерапрыемства, якое праходзіць напярэдадні дзяржаўнага візіту Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь, з'яўляецца лепшым пацвярджэннем таму, што беларуска-кітайскія адносіны як на афіцыйным узроўні, так і ў сферы культурнага і гуманітарнага абмену з кожным годам мацнеюць і пашыраюцца.
Культурнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем у поўнай меры адпавядае ўзроўню адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства і ўключае ў сябе ў якасці адной з самых важных форм узаемадзеяння ўзаемнае правядзенне Дзён нацыянальных культур.
Сёлета мерапрыемства арганізавана Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам культуры Кітайскай Народнай Рэспублікі пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Кітаі.
Працягнуцца Дні культуры Беларусі ў Кітаі да 13 мая 2015 г.