Янтаа – фруктовая зорка
  2015-05-15 17:43:38  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Раман Мышкоўскі, карэспандэнт Беларускай рэдакцыі МРК

Сёння размова пойдзе пра янтаа (阳桃). Французы называюць фрукт carambolier, іспанцы – carambolero, а індыйцы – karamarak, kamaranga. У Беларусі вядома назва «карамбола». Радзіма янтаа – Паўднёва-Усходняя Азія. Расце гэты фрукт у Індыі, Інданэзіі, Малазіі, Шры-Ланцы, на поўдні Кітая і ў іншых краінах. Таксама вырошчваюць карамболу на поўдні Амерыкі і на Гаваях. У Беларусь яе прывозяць пераважна з Бразіліі, Ізраіля і Тайланда.

У Паўднёва-Усходняй Азіі гэты экзатычны фрукт ядуць таксама, як у Еўропе спажываюць яблыкі або агуркі. Дый па смаку ён падобны на нешта сярэдняе паміж яблыкам, агрэстам і агурком. У Еўропе янтаа папулярны дзякуючы, у першую чаргу, сваёй незвычайнай форме. Справа ў тым, што гэты жоўта-зялёны рабрысты фрукт у папярочным разрэзе мае форму зоркі, таму карамболу яшчэ называюць фруктовай зоркай, або «старфрут». Дастаткова парэзаць такую "зорку" ўпоперак, і ўпрыгажэнне для любога святочнага стала гатова!

Кветкі дрэва янтаа

Адна з выдатных якасцяў янтаа – нізкая каларыйнасць: на 100 г фруктовага мякішу прыпадае ўсяго 34-35 ккал. У пладах даволі шмат кальцыю, фосфару, жалеза, натрыю, магнію і калію. Таксама ён утрымлівае шмат вітаміну С, тыяміну, рыбафлавіну, бэта-каратыну і пантатэнавай кіслаты. Пра карысць янтаа для здароўя чалавека вядома не вельмі шмат. Аднак склад пладоў кажа сам за сябе: гэта выдатная крыніца вітамінаў і мінералаў!

Так прарастае семечка янтаа. У адным фрукце такіх семечак усяго дзве-тры штукі

Дрэўца янтаа можна выгадаваць і дома

У Азіі карамболу ўжываюць пры слабым імунітэце, авітамінозе, галаўных болях, ліхаманцы, запорах. Даволі шмат у янтаа і шчаўевай кіслаты. Яна, вядома, таксама карысная для чалавека, аднак людзям з захворваннямі нырак і стрававальнай сістэмы лепш не ўжываць гэты фрукт у вялікай колькасці. А вось у Шры-Ланцы, напрыклад, людзі вельмі ўдала выкарыстоўваюць шчаўевую кіслату, якая змяшчаецца ў янтаа, для вывядзення плям з адзення. Таксама з дапамогай старфрута паліруюць медзь і латунь.

Зеленаватыя плады янтаа

Такія спелыя плады янтаа не купіць у еўрапейскім супермаркеце!

Азіяты цэняць не зусім спелыя, кіславатыя плады, вузкія рэбры якіх выразна падзеленыя. А вось аматарам салодкіх пладоў трэба шукаць светла-жоўтую або жоўта-зялёную карамболу, якая мае мясістыя бакавыя рэбры і цёмна-карычневую палоску на іх. У такіх пладах прысутнічае ледзь прыкметная кіслінка, а пахам яны нагадваюць кветкі язміну.

Апісаць смак янтаа практычна немагчыма, хтосьці параўноўвае яго з агурком і агрэстам, іншыя – з вінаградам і слівай, а некаторыя відавочна адчуваюць смак апельсіна і яблыка. Вядома, лепш за ўсё пакаштаваць гэты дзіўны фрукт і знайсці ў яго смаку нешта сваё. На жаль, у еўрапейскіх супермаркетах нельга знайсці старфрут, які цалкам саспеў на дрэве. Як і некаторую іншую садавіну, яго зрываюць і адпраўляюць яшчэ няспелым, а саспявае янтаа ўжо ў дарозе. Але інакш карамболу проста не давезці. Затое захоўвацца ў халадзільніку яна можа да трох тыдняў. Дарэчы, кітайцы вельмі любяць гатаваць рыбу з «зоркай».

Карысны комплекс складаецца з наступных вітамінаў:

вітамін С – 35-39 мг (чалавечым арганізмам не сінтэзуецца. Аскарбінавая кіслата важная для падтрымання імуннай сістэмы чалавека);

бэта-каратын – 160-720 мг (лепшы прыродны антыаксідант);

вітамін B1 – 0,03-0,05 мг (запасаў гэтага рэчыва ў арганізме няма, таму важна атрымліваць яго з ежай. Вітамін В1 неабходны для нармальнай працы нервовай і стрававальнай сістэмы, карысны для дзяцей);

вітамін В2 – 0,02-0,04 (рыбафлавін, удзельнічае ў працэсе ўтварэння эрытрацытаў, дапамагае рэгуляваць рэпрадуктыўныя функцыі, функцыі шчытападобнай залозы);

вітамін В5 – 0,3-0,4 мг (пантатэнавая кіслата, рэгулюе абмен тлушчаў і вугляводаў). - Р -

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040