Сямэньскі ўніверсітэт – калыска адукацыі ў Паўднёва-Усходняй Азіі
  2015-05-27 17:22:06  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Наступны год для навучальнай установы, на тэрыторыі якой на працягу тыдня я жыла, - асаблівы. Сямэньскі ўніверсітэт адзначыць сваё 95-годдзе. Наогул, як прызнаюцца выкладчыкі і студэнты ВНУ, тут кожны год - значны і непаўторны. Усе, хто прыязджае вучыцца або працаваць ва ўніверсітэт, сцвярджаюць, што галоўныя словы, якія яго характарызуюць - прыгажосць і ўтульнасць. Пра гэта старанна клапоціцца кіраўніцтва ВНУ. Пра гэта паклапацілася і прырода, стварыўшы маляўнічыя куткі з пальмамі, рознымі дрэвамі, кустамі і кветкамі, азёры і схілы гор, паміж якімі знаходзіцца гэтая жамчужына горада.

Гісторыя Сямэньскага ўніверсітэта - унікальная. Створаны ён быў як прыватная навучальная ўстанова ў 1921 годзе вядомым мецэнатам Чэнь Цзягэнам. Эмігрант і выбітны патрыёт краіны Tan Kah Kee, як яго тут называюць на міньнаньскай мове, задумаў стварыць універсітэт, каб выхоўваць адукаваных і падрыхтаваных да жыцця маладых людзей. Выкарыстоўваючы выдатнае геаграфічнае становішча горада, што знаходзіцца па суседству з Тайванем, Чэнь Цзягэн увасобіў сваю мару ў рэальнасць. Шлях быў няпростым: здарылася нават так, што ён вымушаны быў прадаць свае апартаменты, нягледзячы на нязгоду сям'і, каб падтрымаць уласную навучальную ўстанову. Праз гады Сямэньскі ўніверсітэт стаў дзяржаўным. Прынцыпы ж яго застаюцца нязменнымі - працягваць сваю палітыку адной з самых прэстыжных ВНУ краіны, арыентаванай на міжнародны аўтарытэт.

У інтэрв'ю нашаму каналу рэктар Сямэньскага ўніверсітэта Чжу Чуншы прызнаўся, што для ВНУ вельмі важна падтрымліваць як навуковы, даследчы аўтарытэт, так і міжнародныя кантакты. Гонарам тут лічаць стварэнне 16 Інстытутаў Канфуцыя, якія прапагандуюць у розных краінах кітайскую мову і культуру. Праўда, панаракаў рэктар, не хапае выкладчыкаў высокага класа.

У склад універсітэта ўваходзяць 27 інстытутаў з 76 аддзяленнямі, а таксама 10 навукова-даследчых інстытутаў. У цяперашні час ва ўніверсітэце навучаюцца звыш 30000 студэнтаў, сярод якіх каля трох тысяч - замежных, працуюць каля 2000 выкладчыкаў, з якіх 1300 маюць навуковае званне прафесара цi дацэнта. У складзе навукоўцаў універсітэта лічацца 22 акадэміка Акадэміі Навук КНР. Аспірантаў тут рыхтуюць па 17 спецыяльнасцях, дактароў па 14 спецыяльнасцях.

Універсітэт супрацоўнічае з больш за 100 замежнымі ВНУ, сярод якіх і МДУ, і Інстытут дружбы народаў, і Санкт-Пецярбургскі універсітэт, і Універсітэт Нью-Кассела, навучальныя ўстановы Паўднёва-Усходняй Азіі. У Малайзіі нават знаходзіцца філіял Сямэньскага ўніверсітэта. Ён уваходзіць у дваццатку значных і прэстыжных ВНУ краіны.

Мяне ўразіла, з якой клопатам і цеплынёй тут ставяцца да студэнтаў. Ім даюцца магчымасці для раскрыцця таленту, для творчасці. Рэктар універсітэта Чжу Чуншы прызнаўся, што яго ўласны вопыт навучання за мяжой - у Бялградзе і ў ЗША дапамог зразумець правілы і стандарты адукацыі ў свеце. Таму кіраўніцтва ВНУ галоўнай сваёй задачай на перспектыву бачыць падтрымку талерантнасці і разумення іншых культур. Ва ўніверсітэце створаны выдатныя ўмовы і для замежных, і для айчынных студэнтаў. Тут клапоцяцца практычна па-сямейнаму пра лёс выпускнікоў, навучэнцаў і абітурыентаў. І галоўнае, планка адукацыі трымаецца на самым высокім узроўні.

На сустрэчы ў інстытуце міжнародных адносін прафесар Чжан Біву, вядучы курс аб знешняй палітыцы Кітая, распавёў, а потым і паказаў на сваіх занятках, наколькі зацікаўлены выкладчыкі ВНУ ў тым, каб студэнты думалі самастойна і выказвалі сваё меркаванне, хай нават па самых вострых пытаннях.

Студэнты факультэта рускай мовы, які быў створаны ў 1952 годзе, распавядаюць, што любяць літаратуру і чытаюць вершы Блока, Пушкіна, творы Чэхава і Гогаля, а таксама «50 адценняў шэрага» ў перакладзе на рускую мову.

Шпацыруючы па велізарнай тэрыторыі аднаго з трох кампусаў універсітэта, мяне не пакідала жаданне зноў стаць студэнткай і прыехаць вучыцца менавіта сюды. Бо хіба велізарны стадыён, самы вялікі на тэрыторыі кітайскіх ВНУ, пляцоўка для гольфа або студэнцкі тэатр, у якім ўвечары падчас фестывалю паказваюць спектакль «Маналогі вагіны» не доказ таго, што тут цэняць маладосць, дзёрзкасць і свабоду творчага выказвання?

Вечар наш завяршыўся шпацырам па яшчэ адной славутасці кампуса універсітэта - тунэлі, распісаным графіці. Па ім ездзяць толькі ровары. У тунэлі ёсць кафэ, дзе можна напісать запісачкі з пажаданнямі або ўражаннямі пра момант, і перанесці прынт з любімымі графіці на майку, пакінуўшы, такім чынам, памяць пра сябе і пра гэта незвычайнае месца. Тут таксама знаходзяцца і творчыя лабараторыі, дзе студэнты па сваёй волі затрымліваюцца да поўначы, выпрабоўваючы робатаў, самалёты з дыстанцыйным кіраваннем і ствараючы ўсякія машыны з незвычайнымі функцыямі. Мне сапраўды спадабаўся гэты дух маладосці і студэнцтва, які на кожным кроку прыкметны ў Сямэньскім універсітэце. І так захацелася абавязкова вярнуцца да сваіх студэнцкіх гадоў і адчуць сябе часткай гэтай вялікага і займальнага ўніверсітэцкага жыцця, якое з такой любоўю ствараюць у Сямэні.

Вольга Гальпяровіч,

Беларуская служба МРК

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040