Раман Мышкоўскі, карэспандэнт Беларускай рэдакцыі МРК
Дракон у кітайскай міфалогіі і культуры – сімвал добрага пачатку "ян" (у адрозненне ад дракона еўрапейскага) і кітайскай нацыі ў цэлым. Гэты сімвал трывала асацыіруецца са стыхіяй вады. У гонар дракона праходзіць штогадовы Фестываль лодак-драконаў.
Амаль 2000 гадоў таму Цюй Юань, вялікі паэт і воін, скончыў жыццё самагубствам у рацэ ў знак пратэсту супраць палітычнай карупцыі. У памяць аб гэтай ахвяры людзі пачалі ладзіць гонкі на лодках-драконах. З таго часу гэта забава стала асноўнай часткай кітайскай культуры, якая ўвасабляе патрыятызм і цэласнасць.
Старажытнае напісанне іерогліфа "лун" (дракон)
Кітайскі дракон на паштовай марцы (1910 г.)
Паводле кітайскіх павер'яў дракон жыве ў рэках, азёрах і морах, але ён здольны таксама і лётаць. Раннюю сістэматызацыю «ведаў» пра драконаў, з крытычным заключэннем, выканаў Ван Чун (1 ст. н.э.) у трактаце «Лунхэн». Вонкава кітайскага дракона апісваюць праз пэўныя падабенствы: галава вярблюда, рогі аленя, палымяныя вочы, шыя змяі, луска карпа (лусак мае быць 81 або 117), кіпцюры арла, лапы тыгра і вушы каровы. На верхавіне галавы драконаў знаходзіцца іх найгалоўная прыналежнасць – гуз, дзякуючы якому яны могуць лётаць без крылаў. Аднак той гуз на малюнках можна ўбачыць вельмі рэдка.
Самкі кітайскіх драконаў адкладаюць яйкі, але маленькія драконы вылупляюцца з іх толькі праз тысячу гадоў. Іх нараджэнне суправаджаецца разгулам стыхіі: магутнымі метэарытнымі "дажджамі", навальніцамі і буйным градам. Драконы могуць мяняць свае формы, у тым ліку прымаць чалавечае аблічча.
Як цар жывёл, Дракон служыў сімвалам імператарскай улады. Паводле кітайскага міфа, Жоўты імператар на зыходзе жыцця ператварыўся ў дракона і ўзняўся ў нябёсы. У сапраўднага імператара павінна быць радзімка ў выглядзе дракона. Імператарскі трон многіх дынастый называўся тронам Дракона. У часы дынастыі Цін дракон упрыгожваў дзяржаўны сцяг. За нашэнне адзення з выявамі дракона звычайны чалавек падлягаў смяротнаму пакаранню.
Дзевяць сыноў дракона
Да XVI стагоддзя кітайскія аўтары аб'ядналі некалькіх фантастычных стварэнняў пад агульнай назвай «Дзевяць сыноў дракона». Існуе некалькі варыянтаў гэтага спісу. Па адной традыцыі, прадстаўленай у кнізе «Шэн'ань вайцзі» паэта Ян Шэня (1488-1559), сыны дракона, у парадку старшынства, пералічваюцца наступным чынам:
Бісі (赑屃)
Бісі вельмі дужы, таму на яго ставяць стэлы.
Чывэнь (螭吻)
Чывэнь любіць глытаць, і таму яго змяшчаюць на канцах вільчака даху, каб ён праглынаў усе дрэнныя павевы. Чывэнь – вельмі папулярны элемент архітэктурнага дэкору Кітая
Пулаа (蒲牢)
Пулаа любіць крычаць, і таму да яго чапляюць званы.
Біань (狴犴)
Біань – магутны, ён любіць закон і паважае правапарадак, таму яго змяшчаюць над турэмнай брамай.
Тааце (饕餮)
Тааце – загадкавая старажытная пачвара, якая вельмі любіць паесці, і чыя маска з'яўляецца на сасудах для ахвярапрынашэнняў дынастый Шан і Чжоу.
Гунфу (蚣蝮)
Гунфу любіць ваду, і таму яго змяшчаюць на апорах мастоў, ля крыніц.
Яцзы (睚眦)
Яцзы – драпежны звер, які любіць забіваць, і таму ім упрыгожана дзяржальна халоднай зброі.
Суаньні (狻猊)
Суаньні любіць сядзець, і таму яго звычайна змяшчаюць ля ног Буды.
Цзяату (椒图)
Цзяату падобны да марской ракавіны і не любіць, каб яго турбавалі. Таму Цзяяту змяшчаюць на дзвярныя ручкі або ганак.
Фестываль лодак-драконаў адзначаецца ў пяты дзень пятага месяца (па месячным календары), гэта значыць летам. Сёлета пачатак свята прыпадае на 20 чэрвеня. Разам з кітайскім Новым годам і святам Сярэдзіны восені Фестываль лодак-драконаў – адно з трох галоўных святаў у Кітаі.
Самая яркая падзея Фестывалю лодак-драконаў – азартныя гонкі на лодках, у якіх каманды вяслуюць з усіх сіл у рытме ўдараў барабанаў, якія ёсць на кожнай лодцы. Гэта маляўнічая традыцыя працягваецца бесперапынна на працягу стагоддзяў. Свята стала настолькі папулярным, што яго адзначае кітайская дыяспара нават у ЗША.
Самая папулярная страва падчас фестывалю – цунцзы, такія канверцікі з трысняговага лісця, у якія раней клалі толькі рыс. (Зараз там можа быць што заўгодна.) Як я ужо адзначаў, увесь гэты перапалох праводзіцца ў памяць аб добрым чалавеку, вялікім дзяржаўным дзеячы, паэце і патрыёце, якога звалі Цюй Юань. Жыў ён яшчэ ў тыя часы, калі не было адзінай кітайскай дзяржавы, напісаў вялікую колькасць выдатных вершаў, якія кітайцы любяць і дагэтуль. Даведаўшыся пра ўварванне ў межы роднай краіны войскаў варожай дзяржавы Цінь і захоп імі сталіцы, Цюй Юань дапісаў чарговы верш і пакончыў з сабой, утапіўшыся ў рацэ. А было гэта ажно ў 278 годзе да н.э. Кітайцы шануюць памяць Цюй Юаня і дагэтуль.
Што ні кажы, а нягледзячы на сумны падтэкст, свята праходзіць вельмі маляўніча і весела. - Р -