Раман Мышкоўскі, карэспандэнт Беларускай рэдакцыі МРК
Першыя звесткі аб з'яўленні веера ў Кітаі адносяцца да глыбокай старажытнасці. Да нас дайшлі малюнкі, на якіх мы бачым своеасаблівыя махалы з драўлянай ручкай і пер'ем.
Веер-махала
У 6-м стагоддзі вееры-махалы падаравалі японскаму імператару, і яны настолькі там прыжыліся, што неўзабаве ўся шляхта карысталася гэтым вытанчаным прадметам. Японскія майстры мянялі і ўдасканальвалі форму веера і стварылі ў выніку веер "сэнсу" з драўляных дошчачак, якія складваюцца ў гармонік. І вось у 988 годзе ўжо японскія манахі паднеслі імператару дынастыі Паўночная Сун два вееры ў выглядзе кажана і дваццаць іншых маляўнічых складаных веераў.
Асаблівага росквіту майстэрства вырабу веераў у Кітаі прыпадае на 14-18 стагоддзі, на часы праўлення дынастый Мін і Цін. Вееры вырабляліся са слановай косці, бамбуку, духмянага сандалавага дрэва, фарфору, нефрыту і ўпрыгожваліся незвычайна тонкай разьбой. А ў якасці палотнаў выкарыстоўвалі шоўк, упрыгожаны творамі вядомых мастакоў і каліграфаў.
На папярэдніх двух фотаздымках – мужчынскія вееры, вырабленыя з сандалавага дрэва і паперы. Гэта адзіны захаваны від веера, якім карыстаюцца сёння мужчыны.
Веер са слановай косці
Сярод вучонай публікі асабліва цаніліся вееры з адмысловай чорнай і белай паперы, якія неслі адвечную сімволіку Кітая – інь і ян. У палацы Гугун у Пекіне захоўваецца каштоўны экспанат: веер пятага імператара дынастыі Мін Чжу Чжанцзі (朱瞻基, 1425-1435 гг.). З абодвух бакоў веер упрыгожваюць цудоўныя карціны "Чытаць кнігу пад сасной" і "Любавацца кветкамі ў цені вярбы". Яго вышыня – 60 сантыметраў, а шырыня – паўтара метры.
Веер з выявамі персанажаў Пекінскай оперы – сучасны варыянт, які любяць купляць замежныя турысты
Дзесьці ў сярэдзіне 16-га стагоддзя партугальскія купцы завезлі веер з Кітая ў Еўропу, дзе ён пачаў сваё пераможнае шэсце. Цінскі імператар Гаацзун падараваў Англіі 240 веераў незвычайнай прыгажосці. З Кітая былі запрошаны 300 майстроў для арганізацыі вытворчасці веераў ў Англіі.
У нашы дні, мабыць, толькі ў Кітаі і Японіі захоўваецца культура веера. У кітайскай правінцыі Шаньдун нават праводзіцца адмысловае свята веера, якое прыпадае на канец лістапада. - Р -