Сянганскі спявак і кампазітар Фан Датун
  2016-01-19 11:21:37  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Раман Мышкоўскі, карэспандэнт Беларускай рэдакцыі МРК


Фан Датун (方大同) нарадзіўся ў ЗША ў амерыканскай сям'і кітайскага паходжання. Яго бацька ўсё жыццё пражыў у Сан-Францыска і вельмі марыў, каб сын вывучаў кітайскую культуру. Праз шэсць гадоў пасля нараджэння хлопчыка сям'я пераехала спачатку ў Гуанчжоу, а пасля – у Сянган.

У 15 гадоў Фан Датун самастойна навучыўся іграць на гітары, а ў 18 – на фартэп'яна. Тады ж ён і пачаў пісаць першыя песні і адсылаць дэма-запісы розым музычным прадзюсарам. Неўзабаве кампанія "Warner Music Hong Kong" запрасіла маладога спевака і кампазітара да сябе – так пачалася музычная кар'ера Фан Датуна, які на сцэне і ў студыйных альбомах па-за межамі кантынентальнай часткі Кітая называе сябе выключна Халіл Фонг.

У дадатак да ўласных песень, Халіл Фонг пісаў музыку і для іншых выканаўцаў. Сёння ў яго аўтарскай "скарбонцы" – суперзоркі з Сянгана і Тайваня Ізан Чан, Фіёна Сіт, Эндзі Лау, Джэкі Чан, Чжан Хуэймэй... Яго кар'ера і папулярнасць настолькі вырасла, што кампанія "Warner Music Taiwan" таксама выпусціла ўсе яго альбомы на Тайване.



Халіл выпусціў свой дэбютны альбом "The Soulboy" 18 верасня 2005 года. Гэты альбом выйграў вялікую колькасць узнагарод, адна з галоўных – сярэбраная ўзнагарода ў намінацыі "New Male Artist at Commercial Radio". Наступны альбом – "This Love" – пабачыў свет у снежні 2006 года. Дарэчы, з гэтым альбомам здарылася цікавая гісторыя. Яго загаловачная кампазіцыя "Love Love Love" даволі доўгі час заставалася непрынятай слухачамі – яна, калі можна так сказаць, ціха спала, а набыла сапраўднае прызнанне толькі пасля выхаду трэцяга альбома "Wonderland". Стыль музыкі "Wonderland" адрозніваецца ад папярэдніх двух альбомаў: павольныя балады саступілі месца больш энергічнай музыцы.


Чацвёрты альбом Халіла "Orange Moon" – гэта балады пра каханне. Ён быў выпушчаны ў снежні 2008 года. У адным з інтерв'ю спявак адзначаў, што гэты альбом алюстроўвае яго сапраўдныя пачуцці на той момант, таму і музыка атрымалася больш рамантычнай.



Халіл Фонг выпусціў альбом кавераў "Timeless" у жніўні 2009 года, дзе праспяваў песні розных выканаўцаў, якія, паводле яго слоў, паўплывалі на яго музыку. А ў красавіку 2011-га з'явілася яшчэ адна пласцінка, якая называецца "15". Назва альбома зразумелая: спявак навучыўся іграць на гітары менавіта ў гэтым узросце, у 15 гадоў з'явіліся і першыя яго "сур'ёзныя" песні. Загаловачная кампазіцыя "Нарэшце" прасвечана лепшаму сябру да дня яго ўступлення ў шлюб.


Сучаснае жыццё Халіла насычана студыйнай работай, стварэннем новых шлягераў, удзелам у тэлепраграмах, канцэртнай дзейнасцю. Яго першы канцэртны тур "Khalil Fong Soulboy Lights Up 2013" прайшоў у лістападзе 2013 года ў Сянгане ў "Hong Kong Coliseum" і доўжыўся ажно тры дні! Спявак выканаў свае лепшыя хіты і прадставіў публіцы два творы, які пазней ўвайшлі ў яго на сённяшні дзень апошні альбом "Dangerous World", выпушчаны ў пачатку 2014-га. Слухаем гэтыя два трэкі і чакаем ад таленавітага спевака і кампазітара з Сянгана новых твораў! - Р -



каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040