Пекінскія аквапейзажы
  2016-09-28 15:30:54  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Раман Мышкоўскі, карэспандэнт Беларускай рэдакцыі МРК

Акварыумістыка – цудоўнае хобі для дарослых і дзяцей. Няма лепшага спосабу зняць стрэс, як проста назіраць за пярэстымі і актыўнымі рыбкамі, якія, здаецца, ужо пачынаюць пазнаваць вас па голасе. Аднойчы Сальвадор Далі, подводзячы вынікі ўласнага жыцця ў творчасці, адзначыў, што жывапіс вышэйшы за ўсе мастацтвы, бо ён звяртаецца да самага высакароднага і боскага з нашых органаў – вока. І паколькі рыбкі не спяваюць, а маўклівыя па сваёй прыродзе расліны пад вадой лістотай не шумяць, можна смела сцвярджаць, што афармленне акварыумаў – гэта мастацтва, і звернута яно таксама да нашага вока.

Як і ў любым мастацтве, у афармленні акварыумаў можна вылучыць пэўныя стылі. Найбольш вядомы і модны стварыў японскі дызайнер Такасі Амана. Прадуманыя да дасканаласці кампазіцыі Амана будуюцца не толькі на вытанчаным падборы раслін, істотную ролю ў «мастацкім творы» адыгрываюць таксама карчагі, камяні, рэльеф, але… толькі не рыбы! У прынцыпе, у творах Такасі Амана ўсё прыгожа і без іх, бо ўсходняя халодная сузіральнасць не патрабуе руху – сад камянёў, напрыклад, жыве сваім жыццём і без жывых істот. Расліны, вядома ж, жывыя, але ва ўмовах амаль нерухомай вады акварыума яны статычныя, як і ўся кампазіцыя ў цэлым. Апрача таго, яна яшчэ і звышгарманічная: ніводзін элемент не супярэчыць іншаму, усё ўзаемазвязана і ўсё падпарадкавана агульнай задуме. Рыбы тут не патрэбны, хіба што маларухомыя – дасканаласць статыкі не патрабуе руху.

Дух Усходу – сузіранне нерухомасці. Таму цалкам зразумела, што ўсходнія аквапейзажы становяцца ўсё больш папулярнымі ў свеце. У Кітаі ў апошнія два-тры дзесяцігоддзі акварыумнае мастацтва выйшла на новы віток развіцця. Гэта натуральна, бо менавіта Кітай лічыцца родапачынальнікам акварыумістыкі, даўшы свету знакамітую і непаўторную ў сваёй прыгажосці «залатую рыбку». Міжнародныя конкурсы па дызайне аквапейзажаў збіраюць аматараў з усяго свету. У 2013 годзе ў Кітаі праўшоў найбуйнейшы такі форум, які прыняў 2100 канкурсантаў з 60 краін. Конкурсныя работы, безумоўна, адрозніваюцца ад звычайных ландшафтаў, якiя ствараюцца ў хатніх умовах. Але сапраўдныя аматары акварыумістыкі могуць сабе дазволіць трымаць «конкурсныя» акварыумы і ва ўласных кватэрах. Чаго не зробіш дзеля сапраўднай прыгажосці!? - Р -

(фота – Р.Мышкоўскі, МРК)

Мой акварыум, зусім не дасканалы, але ўсё роўна прыгожы.

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040