Раман Мышкоўскі, карэспандэнт Беларускай рэдакцыі
Лёс беларускага мастака Валерыя Рыбакова спачатку быў падобны да лёсу тысяч маладых людзей, якія не вызначыліся з планамі на будучыню. Адсюль і вучоба ў тэхнічнай ВНУ, і далейшая адпрацоўка па размеркаванні на прадпрыемстве. Пасля звальнення з завода будучы мастак доўга шукаў сябе, мяркуючы, якой справе прысвяціць далейшае жыццё. Нечакана прыгадаліся любімыя ўрокі малявання ў школе, і Валера раптам вырашыў узяцца за пэндзаль і фарбы. Вядома ж, адразу нічога не атрымалася, бо ў яго не было ні прафесійнай падрыхтоўкі, ні досведу. Але вы ведаеце, што сапраўдныя мастакі ніколі не здаюцца, і ў іх ёсць нават сакрэтнае правіла, маўляў, колькасць абавязкова перарасце ў якасць. Так і адбылося: літаральна праз паўгода Валера заўважыў, што ў яго эцюдах нарэшце з'явіўся той самы «правільны» колер. Мастак кажа, што менавіта тады ён і зразумеў прынцыпы малявання, і, адштурхнуўшыся ад іх, нарадзілася творчасць.
Мастак Валерый Рыбакоў
Прагульваючыся разам па Пекіне, мастак прызнаўся мне, што жывапіс для яго падобны да медытацыі: ты адключаеш усе пачуцці, працуеш, потым адыходзіш ад карціны… Калі душу напаўняюць эмоцыі, значыць, праца ўдалася.
На працягу некалькіх гадоў Валера маляваў выключна дзеля задавальнення, але з часам такі «эгаістычны» падыход да сваёй творчасці перастаў яго задавальняць, таму нарадзілася першая выстава, затым другая, трэцяя і гэтак далей. C 2006 года Рыбакоў пачаў выстаўляць свае работы на міжнародных анлайн-выставах жывапісу, што дазволіла гледачам з розных краін пазнаёміцца з творчасцю мастака. На сённяшні дзень яго працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях ва Украіне, ЗША, Францыі, Германіі, Партугаліі, Італіі, Канадзе, Сінгапуры, Аўстраліі, Брунеі, Расіі і іншых краінах. А літаральна некалькі дзён таму некалькі яго карцін назаўжды «прапісаліся» і ў Кітаі.
Гэта карціна застаецца са мной у Пекіне
Валера ўпершыню ў Кітаі, але ён лічыць, што кожны дзень, праведзены ў гэтай краіне, пачынаецца нібы з новай дарогі, якую варта прайсці ад пачатку да канца. І калі яна не становіцца больш доўгай, то шырокай – дакладна! Калі прыязджаеш у Кітай, усе эмоцыі і пачуцці абвастраюцца.
Рыбакоў: -- У Кітай я прыехаў упершыню і прывёз з сабой 57 карцін. У Кітай мяне заўсёды клікала сэрца і душа. Не ведаю чаму, але заўсёды мяне цягнула, і плюс да гэтага мае сябры-кітайцы бачылі мае карціны праз інтэрнэт і захацелі пазнаёміцца з імі ў рэальным жыцці. У паездцы мяне падтрымлівае мой сябар-беларус Юрый, які жыве і працуе зараз у Пекіне. Ён дапамог мне і ў фінансавым, і ў бытавым плане, за што я яму вельмі ўдзячны.
Кар: -- Я бачыў цябе ў грамадскіх месцах у Пекіне ў беларускім нацыянальным строі. Гэта таксама было прадумана загадзя?
Рыбакоў: -- Ідэя з касцюмамі была вельмі спантаннай, але трапнай, бо хацелася паказаць кітайцам беларускі стыль, беларускі быт не толькі ў карцінах, але і ў вопратцы, у манеры насіць яе. Мы звярнуліся па дапамогу ў беларускае пасольства ў Пекіне, там нас гасцінна прынялі і выдалі гэтыя беларускія касцюмы, якія зрабілі вялікі фурор у кітайскай публікі.
Кар: -- Валера, якая твая праграма наведвання Кітая?
Рыбакоў: -- Маршрут наведвання Пекіна і яго ваколіц не быў падрабязна прадуманы. Уласна кажучы, куды вяло сэрца, туды і ехалі, глядзелі, але цікавых мясцін апынулася настолькі шмат у сталіцы і за яе межамі, што тых дзён, якія я правёў у Кітаі, мне было мала. Таму хочацца верыць, што гэта не апошні мой прыезд у Пекін і ў Кітай.
Кар: -- Усе турысты, прыязджаючы ў Кітай, едуць на Вялікую кітайскую сцяну. Гэта абавязковы элемент экскурсійнай праграмы. Табе было цікава пабываць на Сцяне?
Рыбакоў: -- Мне было цікава пабываць на Сцяне адназначна! Але я хацеў наведаць той участак, дзе мала турыстаў, каб убачыць і адчуць – галоўнае, адчуць – тую спрадвечнасць, той стан, а не новабудоўлю. І мой сябар арганізаваў паездку за Пекін на неадноўлены ўчастак Сцены. Гэтай паездкай я быў уражаны, захоплены, нават можна сказаць натхнёны. Я пашкадаваў, што не ўзяў з сабой палатно, каб там пачаць маляваць. Думаю, гэта ўсё не за гарамі.
Кар: -- Я ўсё ж зараз гутару не з турыстам, а з мастаком, які прыехаў у Кітай, прывёз свае працы, і мне цікава даведацца, як кітайцы ставяцца да твайго жывапісу? Што яны кажуць, якія ў іх уражанні?
Рыбакоў: -- Мая першая сустрэча і першыя эмоцыі і зваротная сувязь здарыліся на майстар-класе жывапісу, дзе я пісаў карціну ў звыклай для сябе тэхніцы. І што я заўважыў: падыходзілі як мастакі, так і вучні-кітайцы. І самая цікавая зваротная сувязь была ад хлопца, які ўсклікнуў: «Вось бы мне так маляваць!» Мастаку большага і не трэба. Гэтага дастаткова. І вось яшчэ адзін важны момант майго падарожжа па Кітаю: адбылося адкрыццё невялікай выставы ў павеце Тайгу правінцыі Шаньсі – мясцовая школа набыла шмат маіх работ для класаў жывапісу. І там гэтыя работы будуць знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі.
Кар: -- Дзеці – незвычайныя гледачы. Адрозніваюцца ацэнкі творчасці дзяцей ад ацэнак дарослых?
Рыбакоў: -- Самая сумленная ацэнка – гэта ацэнка дзяцей. Дарослы можа дзесьці прамаўчаць, схітраваць нават, але дзіця выдасць усё як ёсць. Таму ўдвая прыемна, што дзеці падыходзілі, цікавіліся, нават дапамагалі мне арганізоўваць выставу, фатаграфавалі ўсё. Я на сто адсоткаў задаволены вынікам. І бачачы душэўны водгук дзяцей і дарослых, я задаволены.
Кар: -- Тэхніка, у якой ты працуеш, даволі незвычайная, але мяне радуе, што ў тваіх карцінах вельмі шмат святла і сонца. Таксама я заўважыў, што амаль на кожнай тваёй працы ёсць дарогі: вялікая дарога, маленькая, скрыжаванне ці нават лясная сцежка. І ў мяне раптам паўстала асацыяцыя тваіх карцін з сучаснай палітыкай Кітая, які зараз імкліва прасоўвае ініцыятыву адраджэння Вялікага шаўковага шляху. Магчыма, мне проста хочацца звязаць твае працы з гэтай ініцыятывай, а можа быць, яны ўжо даўно звязаны?
Рыбакоў: -- Каля васьмі гадоў таму ў мяне быў пераломны перыяд у жыцці, і менавіта тады я пачаў задаваць сабе пытанні: чаму я прыйшоў на гэтую зямлю, якая ў мяне місія, які ў мяне шлях жыццёвы, з чым ён звязаны, для каго малюю? І я пачаў актыўна шукаць адказы, якім шляхам ісці мне далей. Я доўга разважаў пра гэта, шмат маляваў. Разважаючы і гледзячы на свае карціны мінулых гадоў, я зразумеў, што мае палотны распавядалі больш, чым я сам мог ведаць; яны паказвалі мой шлях, і вось гэты шлях клікаў мяне менавіта ў Кітай. Кітай – гэта як лакмусавая паперка, Кітай правярае чалавека, ён выяўляе скрытыя магчымасці, моцныя і слабыя бакі. Тут досыць магутная энергетыка, бо культура краіны старажытная, і яна перадавалася з пакалення ў пакаленне. Былі ў маёй карціне свету гэтакія «белыя плямы», нібы пазлы ў дзіцячым канструктары, якія дзесьці згубіліся. І з вялікімі спадзяваннямі я прыехаў менавіта ў Кітай, каб уся карціна майго свету склалася.
Кар: -- Дарэчы, вельмі многія прыязджаюць у Кітай, мяркуючы, што ён дапаможа ім адказаць на нейкія пытанні, вось як і ты! Ты вяртаешся праз некалькі дзён у Беларусь – што ў цябе на сэрцы?
Рыбакоў: -- Гэта сапраўды так. Я вяртаюся ў Беларусь з вельмі лёгкім сэрцам, бо я знайшоў практычна ўсе адказы на пытанні, якія даўно раздзіралі маё сэрца і не давалі спакойна спаць па начах. Але хочацца вярнуцца. Яшчэ не з'ехаўшы з Кітая, мне ўжо хочацца вярнуцца назад, бо тут столькі ўсяго натхняльнага, зачаравальнага! Гуляючы па горадзе Тайгу, я ўбачыў настолькі старыя будынкі, што, дакранаючыся да іх, адразу пачынаеш адчуваць неверагоднай сілы энергетыку, і яна літаральна паглынае цябе! Гэта ўсё складана перадаць словамі. Спадзяюся, я змагу перадаць гэта ў сваіх карцінах. Гэты мой візіт даволі кароткі, але прага пошуку ў мяне ўжо нарадзілася і расце. Я адкрыў новыя гарызонты, з'явіліся новыя думкі, новыя мастацкія ідэі, новыя жаданні і памкненні. Я заўважыў розніцу ў падыходах да жыцця ў нас і ў кітайцаў. Мне гэта цікава, бо я пачаў глядзець на жыццё іншымі вачамі.
Кар: -- Калі ў цябе паўстане жаданне напісаць кітайскую дарогу, яна будзе выканана тымі ж фарбамі, што і беларуская?
Рыбакоў: -- Кітайская тэма ў маім жывапісу пачалася яшчэ да паездкі сюды. Я напісаў чатыры вялікія карціны «Уяўленні пра Кітай». І я спадзяюся, што напішу яшчэ серыю, каб параўнаць адчуванні «да» і «пасля». Я не ведаю, што на іх будзе намалявана. Я не магу не пісаць – калі не малюю тыдзень-два, я нібы расліна без вады. Кажу пра гэта так упэўнена, бо я правяраў свае пачуцці і эмоцыі, калі не было магчымасці займацца жывапісам. У мяне яшчэ ўсё наперадзе!
Валерый Рыбакоў – яркі, самабытны мастак, творчасць якога заснавана на спалучэнні разнастайных стыляў і напрамкаў выяўленчага мастацтва: яго жывапісная манера блізкая да мастацтва рэалізму; адкрытыя колеры яго работ, якія перадаюць радасць жыцця, характэрныя для імпрэсіянізму; непасрэднае ўспрыманне навакольнага свету – ад наіўнага мастацтва.
Зараз у творчасці Валерыя Рыбакова пераважае пейзаж. Прырода стала вельмі надзвычай сугучнай унутранаму светаўспрыманню мастака, таму яго працы арганічныя і прапушчаны «праз сябе». - Р -