Нефрытавы востраў і Белая Дагаба парку Бэйхай
  2017-03-21 14:27:46  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

На захад ад Забароненага горада ў Пекіне размешчаны ланцуг азёр: Бэйхай, Чжунхай і Наньхай. У мінулым гэта былі імператарскія сады, дзе насельнікі Забароненага горада адпачывалі і атрымлівалі асалоду ад прыгажосці прыроды. Парк Бэйхай разам з Забароненым горадам, паркамі Цзіншань і Чжуннаньхай уваходзіць у пералік найстарэйшых і найбольш добра захаваных імператарскіх садоў Пекіна і ўсяго Кітая ў цэлым. Тэрыторыю вакол азёр Чжунхай і Наньхай зараз займаюць рэзідэнцыі вышэйшых органаў кіравання КНР, за што квартал Чжуннаньхай нярэдка называюць «новым Забароненым горадам».

Парк Бэйхай закладзены лянскім імператарам Хуэйтунам у 10-м стагоддзі. Яньцзін, як у той час называўся Пекін, выконваў функцыі другой сталіцы дзяржавы. На тэрыторыі сучаснага парку Бэйхай узвялі загарадны палац Нефрытавага вострава, які служыў другой імператарскай рэзідэнцыяй. У 1166-79 гадах пры імператары дынастыі Цзінь Дадзіне пабудавалі палац Вялікага спакою і павільёны, а таксама выкапалі возера, якое папаўнялася крыніцамі з Заходніх гор. На Нефрытавы востраў завезлі вядомыя сваімі мудрагелістымі формамі камяні з возера Тайху.

Белую Дагабу на вяршыні Нефрытавага вострава пабудавалі ў 1651 годзе, на месцы былога імператарскага палаца, дзе некалі хан Хубілай прымаў Марка Пола. Шуньчжы, першы імператар дынастыі Цін, узвёў Дагабу па прапанове Далай-ламы V як сімвал сваёй прыхільнасці будызму і імкнення аб'яднаць шматнацыянальную краіну. Дагаба двойчы руйнавалася землетрасеннямі – у 1679 і ў 1976 гадах, але кожны раз яе аднаўлялі. Сёння Белая Дагаба – самае вядомае збудаванне парку Бэйхай.

Парк моцна пацярпеў ў 1900 годзе ў выніку дзеянняў Альянсу васьмі дзяржаў, а затым доўгія гады знаходзіўся ў запусценні. Да 1911 года ён быў недаступны для наведвання, бо з'яўляўся часткай імператарскіх уладанняў. Яго адкрылі для публікі толькі ў 1925 годзе. Пасля ўтварэння КНР у 1949 годзе на тэрыторыі парку былі праведзены шырокамаштабныя рэстаўрацыйныя работы.

Парк Бэйхай, якому прысвоена катэгорыя АААА, уваходзіць у пералік самых папулярных адметных мясцін Пекіна, штогод прыцягваючы мільёны кітайскіх і замежных турыстаў. Карэнныя пекінцы таксама любяць праводзіць тут час. Зараз, у час веснавога аднаўлення прыроды, парк выглядае надзвычай прыгожа. - Р -

(фота – Р.Мышкоўскі, МРК)

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040