Лаа Шэ за працай у сваім кабінеце
Прыгожай раніцай 24 жніўня 1966 года на гладкім ціхамірным люстэрку возера Тайпінху лёгка калыхаюцца аркушы паперы, на якіх ужо расплылася туша апошніх іерогліфаў, напісаных адным з найвялікшых пісьменнікаў Кітая 20-га стагоддзя. У гэты ж дзень цела Лаа Шэ знаходзяць на дне возера. Праз два гады Нобелеўскі камітэт аддае найбольшую колькасць галасоў за яго кандыдатуру, але, даведаўшыся пра смерць пісьменніка, прысуджае прэстыжную прэмію японцу Кавабаці Ясунары. Гэта гісторыя стала дадатковым пацвярджэннем неацэннай ролі Лаа Шэ для кітайскай літаратуры. «Народны мастак» -- менавіта так называюць яго ў Кітаі. Сапраўды, ён выдатна ведаў жыццё і побыт кітайскага народа, а як карэнны жыхар Пекіна дасканала ведаў гэты горад і мясцовы дыялект.
Лаа Шэ належаў да кагорты пісьменнікаў, якія першымі пачалі пісаць «народнай» моваю. Яго раннія літаратурныя спробы прыпадаюць на 20-я гады мінулага стагоддзя, але шырокае прызнанне пісьменнік атрымаў у 30-я -- пасля вяртання з Вялікабрытаніі. У Оксфардзе ён, як кажуць, і сваё вывучаў і чужога не цураўся: выкладаў кітайскую мову і літаратуру, а ў вольны час чытаў заходніх пісьменнікаў. У Дыкенса ён вучыўся рэалізму, Твэн навучыў яго смяяцца, а Уэлс уводзіў у захапленне сваімі фантастычнымі раманамі і апавяданнямі. У адрозненне ад шэрагу тагачасных кітайскіх пісьменнікаў, Лаа Шэ не пайшоў па шляху простага пераймання -- ён стварыў свой арыгінальны стыль, які ўдала спалучыў "вольнасці" Захаду і традыцыі Усходу. Пацвярджэннем гэтага стаў фантастычны раман «Нататкі аб каціным горадзе» ("猫城记"), які Лаа Шэ напісаў неўзабаве пасля вяртання на радзіму.
Выданне рамана "Нататкі аб каціным горадзе" на кітайскай, англійскай і рускай мовах
(на беларускай не выдаваўся)
Гэты раман – адзін з самых яркіх прыкладаў вострай сацыяльнай сатыры ў кітайскай літаратуры: міжпланетны карабель разбіваецца на Марсе, і там герой сустракае чалавекападобных катоў, якіх аўтар надзяляе ўсімі адмоўнымі рысамі прадстаўнікоў тагачаснага кітайскага грамадства. Усё гэта было досыць рэвалюцыйным, бо іронія, сарказм і тым больш фантастычныя сюжэты не былі ўласцівымі традыцыйнай кітайскай літаратуры. Да гэтага самым доўгім у прасторы было падарожжа Сюань Цзана з Сунь Укунам -- на Захад, а вось у космас да Лаа Шэ сваіх герояў кітайскія аўтары не адпраўлялі. Пісьменнік «перасяляе» на Марс усё тагачаснае кітайскае грамадства, тады як на Зямлі ён хоча бачыць Кітай праўды і справядлівасці.
«Я заплакаў -- не ад страху, а ў памяць аб радзіме. Светлы вялікі Кітай, без жорсткасці, катаванняў, каршуноў-трупаедаў! Мабыць, мне ўжо не вярнуцца на тваю райскую зямлю і не адчуць на сабе справядлівае чалавечае жыццё. Нават калі я застануся жыць на Марсе, мяркую, найвялікшай асалодай для мяне стануць адно пакуты».
Сваю порцыю сатыры атрымліваюць усе без выключэння прадстаўнікі кацінага грамадства. Звычайныя каты не працуюць, а думаюць толькі пра тое, як падмануць сабе падобных, каб атрымаць дозу опіуму дурнап'янавага дрэва; інтэлігенцыя за "нацыянальныя прэстыжы" -- так называецца валюта кацінай краіны -- прадае замежнікам скарбы нацыянальнага музея, а вярхі ўлады ва ўмовах знешняй агрэсіі нават не спрабуюць абараняцца і толькі спрачаюцца аб тым, хто першым здасць горад ворагу, каб застацца жывым і атрымаць ўплывовае месца пры новай уладзе.
«Тры стагоддзі таму дурнап'янавыя дрэвы вырошчвалі паўсюль, але чым больш людзі ўжывалі іх лісце, тым больш гультаяватымі яны рабіліся. Дайшло да таго, што няма каму было саджаць нават новыя дрэвы. І вось, як на ліха, аднойчы здарылася наймацнейшая паводка, якая змыла незлічоную колькасць дурнап'янавых дрэў. Без іншай ежы жыхары краіны яшчэ абышліся б, а без млоснага лісця зніклі ўсялякія раскошы, таму ў краіне хутка распаўсюдзіўся бандытызм. Была прынята вялікая колькасць судовых спраў, і ўрад выдаў яшчэ адзін надзвычай гуманны ўказ: крадзеж дурнап'янавага лісця для асабістых патрэб не лічыцца злачынствам».
Зрэшты Лаа Шэ меў для свайго народа не толькі словы з'едлівага сарказму. Іншыя творы аўтара сведчаць пра яго глыбокае спачуванне лёсу бедных людзей. Сам Лаа Шэ, сапраўднае імя якога Шу Цінчунь, быў таксама простага паходжання. Нарадзіўся ён у сям'і маньчжурскага ахоўніка імператарскага палаца, які загінуў, абараняючы Пекін падчас штурму горада Альянсам васьмі дзяржаў у 1900 годзе. Пасля смерці мужа, каб пракарміць сям'ю, маці была вымушана працаваць прачкаю. Уласныя дзіцячыя перажыванні пакінулі найбольш моцны адбітак на творчасці Лаа Шэ, таму бедныя і гаротныя суайчыннікі -- героі пераважнай большасці яго твораў. Адным з лепшых такіх твораў лічыцца апавяданне «Серп месяца» ("月牙儿"). Гэта споведзь дзяўчыны, якую невыносная рэчаіснасць прымушае гандляваць сабой, каб не памерці з голаду. Ад такога лёсу яе нават не зберагла пачатковая адукацыя, якую ёй удалося атрымаць дзякуючы неверагоднай ахвяры яе маці. У тагачасным Кітаі ў жанчыны амаль не было магчымасці знайсці прымяненне атрыманым ведам. У гэтым творы Лаа Шэ ўдала спалучае традыцыйную кітайскую вобразнасць і еўрапейскі рэалізм. Месяц -- папулярны сімвал кітайскай літаратурнай і філасофскай традыцыі. Гэта сімвал тугі па родных людзях і па радзіме, а яшчэ -- сімвал жаночага (цёмнага) пачатку «інь». Для гераіні Лаа Шэ толькі серп месяца зрэдку асвятляе непраглядную цемру яе горкіх дзён.
«Калі я ўпершыню ўбачыла серп месяца, ён быў халодны. На душы ў мяне тады было сумна, а яго слабыя залацістыя прамяні зіхацелі ў маіх слязах. Мне было ўсяго сем гадоў: малое дзяўчо ў чырвонай ватоўцы і шапачцы, якую спляла мама, сіняй, у дробныя кветачкі, -- я памятаю гэта. Прытуліўшыся да вушака, я глядзела на месячны серп».
Вокладка зборніка апавяданняў Лаа Шэ, якія ў розныя часы выходзілі пад назвай "Серп месяца" (на беларускай мове не выдаваўся)
У лютым 2019 года Кітай урачыста адзначць 120-гадовы юбілей з дня нараджэння гэтага адметнага майстра культуры 20-га стагоддзя.
(Р.Мышкоўскі, МРК-анлайн на беларускай мове)