Год Жоўтай Свінні
  2019-01-28 18:04:40  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Свіння ўступае ў свае правы 5 лютага. Год абяцае быць спрыяльным, удалым, шчаслівым і асаблівым для кожнага. Свіння – пазітыўная і аптымістычная жывёла, якая ў любой сітуацыі знаходзіць свае плюсы. Яна таксама спагадная, заўсёды гатова дапамагчы, абараніць слабага і падтрымаць моцнага. У новым годзе Свінні астролагі абяцаюць шмат вяселляў і нараджэння дзяцей, а адзінокія людзі сустрэнуць сваю палавінку.

Традыцыйнае кітайскае свята Вясны (Новы год па месячным календары) – найважнейшае для кітайцаў свята. Аднак іх год адрозніваецца ад агульнапрынятага ў свеце. Звычайны год азначае, што зямны шар зрабіў адзін абарот вакол Сонца. У старажытным аграрным Кітаі за стандарт часу бралі вегетацыйны перыяд ураджаю і выспяванне сельгаскультур, таму для кітайцаў пачатак года павінен азначаць, што надыходзіць вясна і ўсё ажывае. У Кітаі пражывае 56 народнасцей. Навагоднія святы, якія спраўляюцца нацыянальнымі меншасцямі, па часе супадаюць альбо блізкія да свята Вясны тытульнай нацыі. Адны святочныя абрады нацыянальных меншасцей маюць шмат агульнага са звычаямі ханьцаў, іншыя – адрозніваюцца.

Жыхары Паднябеснай сустракаюць свой Новы год маштабнымі фестывалямі і кірмашамі. У гэты перыяд яны імкнуцца ўшанаваць сваіх продкаў. Кітайскі Новы год адзначае значная частка насельніцтва Усходу. Новы год – дзяржаўнае свята ў мацерыковым Кітаі, у Сянгане, на Тайване, у Аамэне, Сінгапуры, Інданэзіі, Тайландзе, на Маўрыкіі, Філіпінах, у Малазіі. На перыяд урачыстасцей урадавыя ўстановы, універсітэты, школы, шматлікія кампаніі зачыняюцца, а розныя выставы і гандлёвыя цэнтры, наадварот, гасцінна расчыняюць свае дзверы. Напрыклад, за тры дні да пачатку свята ў Гуанчжоу пачынаецца штогадовы кветкавы кірмаш у гонар вясны. У Сінгапуры кітайскія рамеснікі ў святочныя дні ладзяць кірмаш дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На выставе прадстаўлены вырабы з фарфору і нефрыту і многае іншае.

Традыцыі святкавання Новага года па месячным календары

З хаты выкідаецца ўсё старое і непатрэбнае, каб саступіць месца новаму ў наступным годзе. Дзверы і вокны ўпрыгожваюцца. Нацыянальныя звычаі мясцовага насельніцтва маюць на ўвазе ўз'яднанне ўсёй сям'і за сталом вечарам напярэдадні свята. Сваякі накрываюць стол і абменьваюцца падарункамі. Кітайцы святкуюць Новы год 15 дзён. Кожны дзень мае асаблівае значэнне, якое залежыць ад мясцовых традыцый. На Новы год прынята дарыць у чырвоных канвертах грошы, а таксама прысмакі і садавіну.

Распарадак мерапрыемстваў такі: кітайскі Новы год-2019 пачнецца афіцыйна апоўначы. Наступленне ўрачыстай даты адзначаюць надзвычай гучна: феерверкамі і спальваннем петардаў.

Навагоднія феерверкі чакаюць свайго часу

На другі дзень наведваюць сваіх бацькоў, а таксама сяброў, з якімі даўно не бачыліся. Трэці дзень у народзе чамусьці лічыцца няўдалым для віншаванняў, таму варта заставацца дома. На чацвёрты дзень буйныя карпарацыі і ўвогуле бізнес вяртаюцца ў працоўнае рэчышча. Пяты і шосты дні прысвечаны малітвам аб багацці. Сёмы дзень азначае момант з'яўлення чалавека на свет. З гэтай нагоды кітайцы ідуць у рэстараны і замаўляюць салату з сырой рыбай юшэн. На восьмы-дзясяты дзень навагоднія канікулы кітайцаў завяршаюцца, і ўсе вяртаюцца на працу. Свабодныя ад спраў шчасліўчыкі вячэраюць у сямейным коле, моляцца, запальваюць феерверкі і пахошчы. Дзявяты дзень афіцыйна лічыцца пачаткам Новага года па месячным календары. На стол ставяць садавіну, чай, смажаную свініну.

На пятнаццаты дзень прыпадае Свята ліхтароў -- вельмі прыгожае свята са сваімі глыбокімі традыцыямі, вартае асобнай размовы. У Сінгапуры і Малазіі ў гэты перыяд адзначаюць рамантычнае свята кахання.

Шчаслівага вам Новага года!

(Р.Мышкоўскі, МРК-анлайн на беларускай, Медыякарпарацыя Кітая)

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040