Разнастайнасць ільвоў, прыгажосць стэлаў, гісторыя і запамінальнасць моста Марка Пола ў Пекіне
  2020-06-24 18:17:00  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Пра гэта загадкавае і незвычайнае месца на карце Пекіна я чула неаднойчы ад сваіх калег. Асабліва мяне ўразіла, што туды можна спакойна дабрацца на веласіпедзе. Нарэшце, хаця б адно гістарычнае месца кітайскай сталіцы знаходзіцца недалёка ад майго дома на захадзе горада!

На гэтым мосце на сённяшні момант я ўжо пабывала двойчы. Упершыню я патрапіла туды са сваім сябрам на веласіпедах амаль выпадкова, едучы проста на поўдзень у пошуках прыгод (аказалася на паўднёвы захад). Мост нас сустрэў вечаровым спакоем, велічнасцю і … дажджом, які ўсё больш ліў ужо як з вядра па меры таго, як мы набліжаліся дадому. Па дарозе ў майго сябра зламаўся веласіпед, які мы там жа, на шчасце, нягледзячы на праліўны дождж, пачынілі. Дадому я вярнулася цалкам мокрая з ног да галавы, і была ўдзячна, што на наступны дзень не было ніякіх прыкметаў прастуды. Уражанне ад гэтага месца было не вельмі зразумелае, адчувалася, што там незвычайна і цікава, але ўсёй прыгажосці не давялося спазнаць.

І вось зусім нядаўна я, натхнёная жаданнем прыгодаў з тым жа сваім дарагім сябрам узяла веласіпеды і зноў паехала, ужо выбіраючы дарогу і ўсвядомліваючы, куды еду. Было гэта ў сярэдзіне дня, заняло наша падарожжа прыблізна гадзіну з нечым па спякоце ў +37. Прайшоўшы ўсе супрацьэпідэмічныя кантролі, паказаўшы ўсе магчымыя коды здароўя, дакументы, што я не пакідала сталіцу некалькі месяцаў, я, нарэшце зноў стаяла на гэтай брукоўцы старога маста і назірала прыгажосць і вечнасць гэтага месца, па якім праязджалі, праходзілі сотнямі гадоў самыя розныя людзі і жывёлы. Нам пашчасціла, што людзей было не так багата, можна было спакойна паназіраць за рухам вады ракі Юндзін, якая з аднаго боку перасохла, за прыродай, за людзьмі, якія фатаграфаваліся, размаўлялі і праводзілі чароўную нядзелю разам са сваімі дзецьмі або каханымі.

 

Мост Лугоу ( Лугоўцяа卢沟桥) праз раку Юндзін – адна з пярлін гістарычнага Пекіна, бо нагадвае пра стагоддзі Шаўковага шляху, ды проста пра вечнасць і старажытнасць гэтай зямлі. Назву, па якой я даведалася пра гэты мост, даў яму венецыянец Марка Пола, які, кажуць, падарожнічаў па Кітаю і шмат пра якія цуды Азіі расказаў у сваёй роднай краіне па вяртанні. На шляху ў Ханбалык яго караван праходзіў праз пераправу на рацэ Юндзін, па мосце Лугоу. Гісторыкі распавядаюць, што менавіта яму і даў італьянскі падарожнік такую характарыстыку: "У цэлым свеце няма больш такога цудоўнага маста".

Толькі праз некалькі стагоддзяў еўрапейцы зноў здзівіліся прыгажосці гэтага цудоўнага збудавання і звязалі з ім расповед Марка Пола аб невядомых у сярэднія вякі цудах Усходу.

1  2  3  4  5  6  7  8  9  10  11  
каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040