Жанчыны гатовыя развівацца і мяняць свет да лепшага: Запіскі з першага Жаночага форуму краін уздоўж Шаўковага шляху
  2016-09-28 16:18:39  cri  [  Паслаць сябру ] [  Раздрукаваць ]    [ шрыфт : A A A ]  

З 19 па 20 верасня ў горадзе Урумчы – сталіцы Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна прайшоў першы Жаночы форум краін ўздоўж Шаўковага шляху. Яго ініцыятарам выступіла Федэрацыя жанчын Сіньцзяна, якую падтрымалі мясцовыя ўлады і Усекітайская федэрацыя жанчын. 19 краін-удзельніц, афіцыйныя асобы, паважаныя госці прыехалі, каб падзяліцца сваім поглядам на праблему роўнасці жанчын ва ўсіх сферах дзейнасці. Тэма форуму "Магчымасці і выклікі ў працаўладкаванні і прадпрымальніцтве жанчын" выклікала цікавасць і вялікую дыскусію. Намеснік старшыні Нацыянальнага сходу Рэспублікі Арменія Эрмінэ Нагдалян, віцэ-прэзідэнт Усекітайскай Федэрацыі жанчын Цзяа Ян, кіраўнік Камітэта жанчын і сям'і пры ўрадзе Таджыкістана Ідыгул Касімзада і некаторыя іншыя выступоўцы звярталі ўвагу на факты змяненняў адносін да жанчыны ў грамадстве і ўдзелу прадстаўніц прыгожага полу ў такіх сферах, як палітыка, бізнес, эканоміка. Дакладчыкі прыводзілі канкрэтныя прыклады, як развіваецца сітуацыя ў Кыргызстане, Казахстане, Расіі, Таджыкістане, Зімбабвэ, Іране, Тайландзе, Кітаі, Пакістане, Бангладэш. Многія пагаджаліся, што жанчына павінна трымаць лёс ва ўласных руках, быць больш адукаванай, дзелавой, актыўнай. Змяняючыся і развіваючыся, жанчына здольная рабіць свет лепшым, прынамсі, да гэтага імкнуцца ўсе ўдзельніцы форуму, пра гэта яны адкрыта казалі са сцэны.

Адукацыя, падтрымка прадпрымальніцкай дзейнасці жанчын, магчымасці інтэрнэту ў развіцці як бізнесу, так і прафесійнага росту – гэта новыя гарызонты для жанчын усяго свету. Пра цікавыя дзяржаўныя і прыватныя праграмы падтрымкі жанчын распавялі ўдзельніцы з Кыргызстана і Казахстана. Кадзіша Аспанава, член Нацыянальнага камітэта па справах жанчын, сям'і і дэмаграфічнага становішча Казахстана распавяла, што жанчын-палітыкаў у яе краіне становіцца ўсё больш. Яны прымаюць актыўны ўдзел у заканатворчай і выканальніцкай дзейнасці. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы Казахстана быў прыняты План дзеянняў за перыяд да 2016 года па прасоўванні жанчын на ўзровень прыняцця рашэнняў з ліку найбольш падрыхтаваных жанчын. Актыўна ў гэтым накірунку працуюць і палітычныя партыі, і няўрадавыя арганізацыі. У Кыргызстане, па словах Дагдуркул Кендзірбаевай – выканаўчага дырэктара Міжнароднага грамадскага фонду Розы Атунбаевай, пытанні гендэрнай роўнасці паўстаюць вельмі востра. У сем'ях, дзе кіраўніком прызнаецца жанчына, узровень беднасці вышэй на 12%, чым у сем'ях, якія ўзначальвае мужчына. Кыргызская Рэспубліка ў 2012 годзе ўпершыню ў Цэнтральнай Азіі прыняла доўгатэрміновы дакумент – Нацыянальную стратэгію па дасягненні гендэрнай роўнасці да 2020 года, дзе вызначаны такія прыярытэты развіцця як жанчыны ў эканоміцы, адукацыя для дзяўчынак і жанчын, доступ да правасуддзя і палітычнае раўнапраўе.

Многія ўдзельніцы форуму дзяліліся асабістым вопытам прасоўвання бізнесу, падтрымкі прадпрымальніцтва і навучання сваіх калегаў. Запомнілася выступленне Выканаўчага дырэктара Сіньцзянскай карпарацыі Huimin E-Commerce Чжаа Суфэй, якая расказала, як з дапамогай інтэрнэту рэзка памяняла сваё жыццё, паехала вучыцца ў Сінгапур, працягвала павышаць сваю адукацыю і стала ствараць і развіваць уласны бізнэс ўжо ў Кітаі.

Падводзячы вынік форуму, можна сказаць, што галоўная яго мэта – сабраць жанчын з краін уздоўж Шаўковага шляху, абмяняцца думкамі і намеціць працу на будучыню – дасягнута. Сустрэча адбылася, а галоўнае, ганаровыя госці, якія выступалі, удзельніцы секцый пазнаёміліся адна з адной, абмяняліся кантактамі і знайшлі шлях адна да адной ад Еўропы да Азіі, ад Азіі да Афрыкі. Жанчыны прыйшлі да высновы, што праблемы і пытанні, якія даводзіцца вырашаць сучаснаму чалавеку, – вельмі падобныя, нягледзячы на розніцу ў развіцці краін. І жанчына-маці, якая клапоціцца пра будучыню сваіх дзяцей, жанчына – частка грамадзянскай супольнасці, жанчына-прадпрымальнік проста абавязана адыгрываць актыўную ролю, прымаючы выклікі і пагрозы сучаснага жыцця па-свойму, выкарыстоўваючы свой талент, мудрасць, жаноцкасць і дабрыню, змяняючы свет да лепшага.

Вольга Гальпяровіч,

Беларуская служба МРК

каменціраваць
Міністэрства абароны Кітая правяло ўрачысты прыём з нагоды 92-й гадавіны НВАК
Паездка Лі Кэцяна ва Узбекістан і Тайланд умацуе сувязі і супрацоўніцтва паміж краінамі ШАС і ва Усходняй Азіі
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040