​Літаратурныя сувязі Беларусі і Кітая развіваюцца і паляпшаюць творчыя адносіны паміж пісьменнікамі абедзвюх краін
2024-04-23 14:14:22

Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права адзначаецца штогод 23 красавіка. Разам са светам ушаноўваюць кнігу і ў Кітаі. Многія людзі ў розных кутках краіны, для якіх чытанне трывала ўвайшло ў паўсядзённы побыт, адзначаюць гэты дзень чытаннем любімай або актуальнай кнігі, якая знаходзіцца літаральна на пісьмовым стале,  спрычыняючыся да чароўнага свету чытання. Кнігарні ў гэты дзень, у якіх можна і пачытаць, і пагартаць часопісы і кнігі, і выпіць каву, напаўняюцца людзьмі. Выданні ў Кітаі, іх якасць і прыгажосць афармлення ўражваюць. Колькасць перакладаў твораў з замежнай літаратуры, бестсэлераў, класікі – усяго хапае і для прафесіяналаў, і для чытачоў з розным густам. Дзень кнігі дае нам магчымасць паразважаць пра супрацоўніцвта паміж літаратарамі Беларусі і Кітая. Я звярнулася з пытаннямі да пісьменнікаў Беларусі, якія прымалі ўдзел у многіх сумесных праектах.

Алесь Карлюкевіч, дырэктар -- галоўны рэдактар Выдавецкага дома "Звязда", старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі кажа, что супрацоўніцтва атрымліваецца плённае, і калегі з абедзвюх краін з задавальненнем наладжваюць кантакты і ўвасабляюць сумесныя праекты.

-- Ужо больш за дзесяць гадоў наш Выдавецкі дом "Звязда" і Саюз пісьменнікаў Беларусі супрацоўнічаюць з кітайскімі калегамі па тэме развіцця беларуска-кітайскіх літаратурных, кнігавыдавецкіх сувязяў. У 2012 годзе мы выдалі аўтарскую анталогію "Пад крыламі дракона", у якой беларускі перакладчык Мікола Мятліцкі прадставіў у сваіх перакладах на беларускую мову творчасць ста паэтаў Кітая. Наступным праектам Міколы Мятліцкага стаў выпуск кнігі                  "Пялёсткі лотаса і хрызантэмы", пад вокладкай якой знайшлося месца перакладам твораў ста паэтаў Кітая ўжо толькі XX стагоддзя. Мы выпусцілі і вялікую кнігу Ай Ціна "Гімн святлу" на беларускай мове.

Доўгі час працавалі над серыяй паэтычных зборнікаў "Светлыя знакі: паэты Кітая". Выпусцілі 14 кніг-зборнікі Ай Ціна, Ван Вэя, Ду Фу, Лі Бо, Сюй Чжымо, Ван Гачжэня і іншых аўтараў. Перакладчыкамі іх твораў на беларускую мову выступілі Алесь Бадак, Юлія Алейчанка, Навум Гальпяровіч, Рагнед Малахоўскі, Леанід Дранько-Майсюк і цэлы шэраг іншых таленавітых беларускіх паэтаў.

Нашы беларускія літаратары не аднойчы бывалі ў Кітаі - і на кніжных выставах у Пекіне, і на іншых мерапрыемствах. Я рады, што мне ўдалося пазнаёміцца з кітайскім перакладчыкам славянскіх літаратур Гаа Манам. Ён увесь час выказваў беларускаму боку парады, падказкі па арганізацыі перакладчыцкай працы.

У Мінску ў Выдавецкім доме "Звязда" выходзіць часопіс"Беларусь". На яго старонках у перакладах на кітайскую мову, якія ажыццявіў студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта кітаец Сунь Фаньці, апублікаваныя аповесць Уладзіміра Караткевіча" Дзікае паляванне караля Стаха", творы Генадзя Аўласенкі, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой.

У 2023-2024 гадах часопіс апублікаваў некалькі падборак перакладаў твораў класікаў беларускай паэзіі на кітайскую мову. Ажыццявіў пераўвасабленні вершаў Якуба Коласа, Максіма Танка, Янкі Купалы, Навума Гальпяровіча, Цёткі на кітайскую мову прафесар з Кітая Гу Юй.

У ролі рэдактара і аўтара ўступных артыкулаў да гэтых публікацый выступае літаратуразнаўца Вераніка Карлюкевіч. А зусім нядаўна часопіс "Полымя" апублікаваў артыкул Веранікі Карлюкевіч пра ўспрыманне творчасці народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна ў Кітаі ў розныя дзесяцігоддзі.

Нядаўна мы правялі ў Мінску дзве сустрэчы з кіраўніцтвам Выдавецтва на замежных мовах. Спадзяюся, што гэтыя сустрэчы дапамогуць рэалізаваць праекты па прасоўванні твораў кітайскіх аўтараў у перакладзе на беларускую мову.

Добрыя адносіны ў "Звязды" склаліся з другім Пекінскім універсітэтам замежных моў, дзе працуе Цэнтр даследаванняў Беларусі. Шмат для развіцця гэтых адносін рабілі і робяць прафесар Чжан Хуэйцінь, Хань Сяае, іншыя супрацоўнікі універсітэта.

"Звязда" ўдзячная за супрацоўніцтва і часопісу "Руская літаратура і мастацтва" на чале са спадарыняй Ся Чжунсянь. У гэтым часопісе апублікаваны шэраг матэрыялаў пра беларускую літаратуру, беларускіх пісьменнікаў, кнігі, якія выйшлі ў Мінску.

Паэт і журналіст Навум Гальпяровіч у Кітаі бываў некалькі разоў, давялося яму пазнаёміцца і з вядомым кітайскім перакладчыкам і мастаком Гаа Манам, праца  якога і дагэтуль прадстаўлена ў кітайскіх кнігарнях і запатрабавана ў чытачоў. Пачалася наша размова з Навумам Гальпяровічам з яго адчування мовы і меркаванняў пра пераклады і іх ролю ў культурным абмене паміж людзьмі.

-- У дзяцінстве я часта думаў: як гэта можна на іншай мове перадаць тое, што думаю і гавару я, чаму я магу чытаць і разумець думкі і пачуцці прадстаўнікоў тых народаў, мову якіх я не ведаю.

Цудоўныя перакладчыкі данеслі да мяне выдатныя творы сусветнай літаратуры, дзякуючы ім я далучыўся да духоўнага свету іншых народаў, адчуў хараство і прыгажосць мастацкага слова  майстроў прыгожага пісьменства розных краін.

З  захапленнем далучыўся  я і да кітайскай літаратуры. Вялікае ўражанне на мяне пакінула знаёмства ў Пекіне з Гаа Манам –выдатным пісьменнікам, перакладчыкам, мастаком. Да гэтага часу на ганаровым месцы ў маім рабочым кабінеце вісіць зроблены ім мой партрэт з прысвячэннем на кітайскай і рускай мовах.

Дзякуючы Алесю Карлюкевічу, які і пазнаёміў мяне завочна з Гаа Манам, я неўзабаве далучыўся да перакладу твораў кітайскіх паэтаў на беларускую мову.

Выдавецкі Дом Звязда, які ўзначальваў  Алесь Карлюкевіч, распачаў серыю паэтычных кніжак, мне прапанавалі прыняць удзел у іх стварэнні. Такім чынам, я пазнаёміўся з паэтычнымі радкамі Ду Фу, Лі Бо, Ай Ціна, Су Шы, сучасных творцаў.

Канечне, давялося карыстацца падрадкоўнікамі. Але чым больш я ўслухваўся ў гучанне кітайскай мовы, параўноўваў з тым, што перакладалі мне знаўцы, тым глыбей уваходзіў у цудоўны свет мудрасці, вобразнасці, глыбіні пачуццяў кітайскіх паэтаў, іх галасы пачалі гучаць і ў маёй душы.

Кітайская паэзія прываблівае сваёй глыбінёй, маляўнічасцю, своеасаблівым поглядам на жыццёвыя з’явы,непаўторным гучаннем, у якім жыве велічны народ, вялікая нацыя, магутная дзяржава.

Так сталася, што ўжо многія гады мяне звязваюць шчырыя стасункі з кітайскімі сябрамі.Двойчы давялося пабываць ў КНР, на  нашым радыё “Беларусь” давялося адкрывць вяшчанне на кітайскай мове.

Прыемна, што і мае вершы сталі даступны кітайскаму чытачу, дзякуючы маім сябрам-перакладчкам. Я вельмі ўдзячны выдатнаму кітайскаму перакладчыку Гу Юю, які пераўвасобіў на мове вялікага народа некалькі маіх вершаў.

Кніга, вершы і проза аб’ядноўваюць народы ў іх духоўных імкненях, бо на ўсіх мовах праўда, сумленне, патрыятызм, каханне –гэта тое, што зразумела і блізка ўсім, незалежна ад таго, дзе  жыве чалавек і на якой мове ён гаворыць.

І мае блізкія сябры і адзінамысленнікі – творцы Кітая і Мексікі, Францыі і Амерыкі, Расіі і Балгарыі, усіх краін, чыя літаратура стала мне блізкай, дзякуючы перакладам, выдаўцам, што дапамаглі чытачам атрымаць цудоўныя ўзоры сусветнай літаратуры.

Вольга Гальпяровіч

Наша политика конфиденциальности и использования cookie-файлов

Посещая наш сайт, Вы соглашаетесь на использование наших cookie-файлов и принимаете нашу политику конфиденциальности. Вы можете изменить настройки использование cookie-файлов в Вашем браузере.
Я согласен(-сна)