Старшыня КНР Сі Цзіньпін правёў перамовы з прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласам Мадурам. Кіраўнікі дзвюх дзяржаў абмяняліся думкамі наконт двухбаковых адносін і іншых пытанняў, што ўяўляюць узаемную цікавасць. Яны прыйшлі да адзінага пункту гледжання ў тым, што кітайска-венесуэльскія адносіны неабходна прасунуць на ўзровень ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і пашырыць сферы супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.
Сі Цзіньпін вылучыў з гэтай нагоды прапанову з чатырох пунктаў. Кіраўнікі дзвюх дзяржаў павінны падтрымліваць пастаянныя кантакты, а іх ўрады, партыі і заканадаўчыя органы павінны інтэнсіфікаваць абмены, актывізаваць стратэгічнае планаванне, паглыбляць палітычны ўзаемадавер, а таксама падтрымліваць адно аднаго ў пытаннях, якія тычацца карэнных інтарэсаў.
Абапіраючыся на прынцыпы прагматычнасці, эфектыўнасці і паступовасці важна садзейнічаць узаемавыгаднаму супрацоўніцтву і аб'яднанню інтарэсаў, а таксама выбраўшы галоўным накірункам фінансы і інвестыцыі, а галоўным курсам - энергетыку, развіваць усебаковае супрацоўніцтва.
Неабходна пашыраць кантакты, і з нагоды 40-годдзя стварэння дыпламатычных адносін, прасоўваць супрацоўніцтва ў галіне культуры, адукацыі, турызму і прэсы.
Варта надаваць увагу агульнай абстаноўцы. Кітаю трэба планаваць і развіваць кітайска-венесуэльскія адносіны ў рамках адносін з краінамі Лацінскай Амерыкі ў цэлым. Краінам таксама варта скаардынаваць свае пазіцыі ў міжнародных справах і ўзмацніць голас дзяржаў, якія развіваюцца, садзейнічаючы больш справядліваму і рацыянальнаму развіццю міжнароднага парадку.
Н. Мадура, у сваю чаргу, звярнуў увагу на тое, што Венесуэла і Кітай падтрымліваюць моцны палітычны ўзаемадавер і падобныя пазіцыі па мностве важных міжнародных пытанняў. Паводле яго слоў, Венесуэла ўпэўнена ў тым, што Кітай абавязкова адыграе яшчэ больш важную ролю ў справах міру і развіцця ўсяго свету.
Н. Мадура ўхваліў 4 прапановы Сі Цзіньпіна і адзначыў, што яго краіна вітае павелічэнне інвестыцый кітайскіх прадпрымальнікаў у венесуэльскую эканоміку.
Бакі таксама абмеркавалі актуальныя міжнародныя пытанні. Пасля перамоў кіраўнікі дзвюх дзяржаў сумесна сустрэліся з журналістамі. - 0 -