24 лютага ў амбасадзе Францыі ў КНР малады рэжысёр Ван Сяошуай быў удастоены высокай французскай узнагароды: ён стаў кавалерам Ордэна мастацтваў і літаратуры. Ордэн Ван Сяошуаю ўручыў амбасадар Францыі ў Кітаі Эрвэ Ладсу (Herve Ladsous). Следам за Чжан Імоў, Цзян Вэнем, Цзя Чжанкэ, Ван Сяошуай стаў наступным рэжысёрам кантынэнтальнай часткі Кітаю, які атрымаў гэты ордэн.
Ван Сяошуай - рэжысёр некамерцыйных аўтарскіх фільмаў, які працуе ў мацерыковай частцы Кітаю. У 1989 годзе ён скончыў рэжысёрскі факультэт Пекінскага кінаінстытуту. У 2001 годзе яго фільм «Пекінскі ровар» ( «Beijing Bicycle») на 51-м Берлінскім міжнародным фестывалі заваяваў Гран-пры журы - прыз "Сярэбраны мядзведзь". У 2005 годзе праца «Шанхайскія мары» ( «Shanghai Dreams») атрымала прыз журы 58-га Канскага кінафестывалю. У 2008 годзе яго стужка «Вера ў каханне» ( «In Love We Trust») стала лаўрэатам прэміі "Сярэбраны мядзведзь" за лепшы сцэнарый на 58-м Берлінале.
Ордэн мастацтваў і літаратуры Францыі заснаваны ў 1957 годзе і прысуджаецца «асобам, якія вызначыліся сваімі дасягненнямі ў мастацкай ці літаратурнай вобласці або ўкладам, які яны ўнеслі ў распаўсюд мастацтва і літаратуры ў Францыі і ў свеце». Рашэнне аб узнагароджанні прымае міністр культуры і камунікацый Францыі пры садзейнічанні спецыяльнага камітэту.