Паміж Паўночна-Кітайскай раўнінай і сугор'ем Унутранай Манголіі ландшафт раптам прыступкамі паднімаецца ўверх. У гэтым раёне, на 41-м градусе паўночнай шыраты, сярэдняя вышыня мясцовасці складае 1500-2100 м над узроўнем мора. Башан знаходзіцца за 260 км ад Пекіна. Сюды можна дабрацца, паехаўшы на поўнач праз павет Хуайжо. Башан летам – гэта цудоўны зялёны свет. Восенню горныя схілы становяцца чырвонымі ад яркай асенняй лістоты, а зімой усё пакрыта белым снегам. Гэта самы блізкі ад Пекіна стэп, таму яго часта называюць «Сад па-за Пекінам».
Башанскія стэпы – гэта блакітнае неба, белыя аблокі, свежы вецер, ручаі, азёры, горныя вяршыні і бязмежныя прасторы. Тут паўсюль адчуваецца бурнае жыццё. Мясцовыя краявіды захапляюць усіх турыстаў. Восень уступае ў свае правы тут раней, чым у горадзе.
Башанскі стэп пачынаецца з павета Чжанбэй на захадзе і цягнецца да павета Вэйчан на ўсходзе. Тут вельмі любяць адпачываць пекінцы. Гістарычна гэтыя мясціны служылі пашай для статкаў манголаў-качэўнікаў.
Башан яшчэ называюць «Муланьвэйчан» («Мясціна для палявання»). Муланьвэйчан знаходзіцца ў павеце Вэйчан. На яго тэрыторыі раскінуўся лесапарк дзяржаўнага значэння Сайханьбо. У эпоху Цін імператарскія войскі праводзілі тут баявыя вучэнні. Як і летняя рэзідэнцыя Бішушаньчжуан, Сайханьбо быў цэнтрам палітычнага жыцця дынастыі Цін.
Для тамтэйшых мясцін характэрна вялікая розніца тэмператур раніцай і ўвечары. Калі вы вырашылі сюды прыехаць, абавязкова вазьміце цёплае адзенне, галаўны ўбор і пальчаткі, а таксама абутак, у якім будзе зручна караскацца па гарах. Прыехаць у Башан можна на цягніку або аўтобусе. Каб не ўзнікала праблем з начлегам, ехаць сюды лепш у будныя дні. -0-