На ўсёй тэрыторыі маўзалея Ханьянлін знаходзіцца каля 10 тысяч могільнікаў, дзе пахавана велізарная колькасць рытуальных статуэтак. Каля 200 пахаванняў адкрыты для агляду. У падземныя памяшканні турысты спускаюцца па дарожцы-пандусе. Там, у падземных памяшканнях, адна за другой адкрываюцца нішы, у якіх знаходзяцца пахавальныя статуэткі. Усе нішы ўладкованы з усходу на захад у выглядзе прамавугольніка глыбінёй 3 метры і шырынёй 2,4.
Багатыя знаходкі ў навакольных пахаваннях выклікалі ў археолагаў вялікую цікавасць да маўзалея. На думку спецыялістаў, каб правесці ўсе раскопкі ў маўзалеі Ханьянлін, спатрэбіцца як мінімум 150 гадоў. Каб не парушыць навакольны ландшафт, падчас раскопак былі прадпрыняты меры па ахове навакольнага асяроддзя. Музей з усімі павільёнамі знаходзіцца пад зямлёй. А на паверхні, па-ранейшаму вясной распускаюцца кветкі і растуць дрэвы.
Гуляючы па галерэі маўзалея Ханьянлін, з аднаго боку, адчуваеш яго незвычайнасць і подых гісторыі, а з іншага, знаёмішся з дасягненнямі сучаснай навукі і тэхнікі, якія дазваляюць людзям так добра захоўваць і дэманстраваць старадаўнюю культурную спадчыну. -0-