Беларускі павільён на ЭКСПА
  2010-04-28 16:29:19  cri  [  Паслаць сябру ] [  Распячатаць ]    [ шрыфт : A A A ]  

Беларускі павільён ужо гатовы да Сусветнай універсальнай выставы. Цяпер заканчваецца мантаж, дадаюцца апошнія штрыхі, якія дазволяць Беларусі годна выглядаць у атачэнні іншых дзяржаў Еўропы.

"Агульная плошча павільёна – каля тысячы кв. метраў», -- расказвае Валянціна Ціонская – галоўны архітэктар дызайн-цэнтра інстытута «Мінскграмадзянпраект». Менавіта на яго базе была створана творчая група, у якую ўвайшлі вядомыя дызайнеры, што намагаюцца перадаць нацыянальны каларыт Беларусі і пры гэтым адлюстраваць галоўную, урбаністычную тэму выставы.

Слоган Беларусі на выставе - "Горад-скарб", як скарбніца нацыянальных культурных каштоўнасцяў, дасягненняў навукі, творчасці, вытворчасці. «Наша задача - паказаць свету, што мы людзі адкрытыя, адукаваныя, інтэлектуальныя, культурныя, схільныя да самаіроніі, жывём у цэнтры Еўропы, і ўсё ў нас добра», -- патлумачыла Валянціна Ціонская. З улікам гэтага на фасадзе будынка з'явіліся малюнкі, што адлюстроўваюць гарадское жыццё на працягу чатырох пораў года. Дамы, вуліцы, гараджане і іх верныя спадарожнікі – хатнія жывёлы. Не вядома, ці можна будзе апазнаць тых людзей, «хто гуляе» па фасадзе беларускага павільёна, а вось некаторыя архітэктурныя аб'екты сапраўды адпавядаюць арыгіналам. Сярод іх – дзве вежы, што сустракаюць усіх каля мінскага чыгуначанага вакзала.

Павільён знаёміць з духоўнымі і прыроднымі багаццямі Беларусі. Ёсць экспазіцыя палотнаў вядомых беларускіх мастакоў. Побач – работы пачаткоўцаў. І паўсюль – розныя колеры, розныя вобразы.

"У каларыце інтэр'ера – шмат зялёнага, --- працягвае Валянціна Ціонская завочную экскурсію, – дэкаратыўныя насценныя элементы імітуюць нашы пагоркі, лясы, палі". Колападобная пляцоўка ў цэнтры сімвалізуе старадаўняе паселішча ля вады. Наша краіна знаходзіцца на перакрыжаванні многіх шляхоў. Таму ў спецыяльных нішах павільёна размясціліся «скарбы», што пакінулі на тэрыторыі Беларусі прадстаўнікі розных народаў, - сляды гандлёвых і культурных сувязяў нашых продкаў.

На чатырох вялікіх маніторах будуць паказваць фільм пра Беларусь – выбітных людзей, гістарычныя аб'екты, памятныя падзеі. А на малых экранах мяркуецца дэманстраваць фільмы аб шасці буйных беларускіх гарадах, абласных цэнтрах і аб шасці малых гарадах, якія маюць унікальную культурную каштоўнасць.

Усё гэта будзе адбывацца пад блакітным небам на роўнядзі чыстай вады, па-майстэрску створанай дызайнерамі. Менавіта чыстая вада і паветра становяцца галоўнымі каштоўнасцямі беларускай нацыі. Жыццё ў горадзе ў цесным кантакце з прыродай, у звыклым ландшафце, у атмасферы сваёй культуры – наша ўвасабленне тэмы міжнароднай выставы «Лепшы горад – лепшае жыццё».

Выставачная прастора павільёна зойме плошчу каля 600 квадратных метраў, таксама ў ім размесцяцца іншыя зоны, у прыватнасці, VIP- зала і сувенірная крама.

Па матэрыялах беларускай прэсы.

Спасылкі па тэме
Каментаваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040