3 ліпеня – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Інтэрв'ю з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў КНР Анатолем Тозікам з нагоды дзяржаўнага свята.
  2010-07-12 10:51:49  cri  [  Паслаць сябру ] [  Распячатаць ]    [ шрыфт : A A A ]  

3 ліпеня Беларусь урачыста адзначае сваё галоўнае свята – Дзень Незалежнасці. 66 гадоў таму беларуская зямля была вызвалена ад фашысцкай акупацыі. З тых часоў гэта дата – святая для кожнага беларуса. Паказальным з'яўляецца тое, што ў Беларусі Дзень Незалежнасці – гэта менавіта дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які звязвае святыя для кожнага паняцці – Свабоду і Незалежнасць.

Традыцыйна ў гэты дзень беларусы прымаюць гасцей з розных краін. З нагоды дзяржаўнага свята 1 чэрвеня ў Пекіне амбасада Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Анатолем Тозікам арганізавала ўрачысты прыём з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных і грамадскіх структур Кітая, дыпламатычных місій, а таксама з удзелам тых нямногіх беларусаў, якія жывуць або працуюць сёння ў кітайскай сталіцы.

Дарэчы, Анатоль Тозік нядаўна вярнуўся з Мінска. Паводле яго слоў, Беларусь сваё галоўнае свята традыцыйна будзе адзначаць маштабна.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у КНР А.Тозік

А.Тозік: - Я быў у Мінску ў сувязі з вялікай нарадай, якая праходзіла ў Прэзідэнта па ўсім комплексе адносін з Кітаем. Гэтыя адносіны для нас сёння маюць стратэгічнае значэнне, і яны былі ўсебакова і падрабязна абмеркаваны ў кіраўніка дзяржавы. У Мінску адбылося таксама пасяджэнне міжурадавай Камісіі па гандлёва-эканамічных адносінах з Кітаем. У яе рабоце брала ўдзел вялікая афіцыйная дэлегацыя дзяржаўных структур і дзелавых колаў Кітая – усяго больш за 50 чалавек. Таму мая камандзіроўка ў Мінск была звязана менавіта з дзвюма гэтымі падзеямі. І я думаю, што вынікам нарады ў Прэзідэнта будзе тое, што 2010 год, на мой погляд, стане лёсавызначальным у нашым эканамічным і інвестыцыйна-крэдытным супрацоўніцтве з Кітаем. Мы пачнём рэалізацыю цэлага шэрагу буйных і важных для нашай эканомікі праектаў сумесна з кітайскімі кампаніямі пры крэдытнай падтрымцы кітайскага ўрада і кітайскіх банкаў.

Што ж тычыцца нашага асноўнага дзяржаўнага свята, то вы ведаеце, што яно ў нашай краіне заўсёды святкуецца шчыра, таму што Дзень незалежнасці – тая дата, калі 66 гадоў таму беларуская зямля была вызвалена ад фашысцкай акупацыі. І гэты дзень для кожнага беларуса – святы. Знаходзячыся ў Мінску, я бачыў, што і кіраўніцтва краіны, і звычайныя грамадзяне рыхтуюцца да гэтага дня. Свята пройдзе ўрачыста, як і ў мінулыя гады.

А.Тозік і карэспандэнт Беларускай службы МРК Р.Мышкоўскі падчас інтэрв'ю

Кар: - Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь, я так думаю, будзе адзначацца ў любой краіне, дзе ёсць беларусы. А нашых суайчыннікаў за мяжой – каля трох мільёнаў. Гэта амаль трэцяя частка нашай краіны. У Кітаі як гэты дзень праходзіць?

А.Тозік: - Ну, у Кітаі вельмі мала беларусаў. Гэта, фактычна, толькі супрацоўнікі амбасады, супрацоўнікі нашых прадстаўніцтваў, студэнты і магістранты, якія навучаюцца ў кітайскіх ВНУ, і тыя нямногія беларусы, якія жывуць у Кітаі, ажаніўшыся тут. Усе мы будзем сустракаць Дзень незалежнасці разам. Сёлета, як і ў мінулыя гады, мы правялі вялікі афіцыйны прыём у адной з найпрыгажэйшых гасцініц Пекіна. Туды былі запрошаны прадстаўнікі дзяржаўных структур Кітая, вядучых карпарацый і кампаній, якія актыўна супрацоўнічаюць з беларускімі партнёрамі, журналісты. Безумоўна, на прыёме былі і беларусы, якія працуюць на Міжнародным радыё Кітая і Цэнтральным тэлебачанні краіны. Дарэчы, гэта вельмі добра, што там ёсць нашы спецыялісты. Памочнік кіраўніка МЗС КНР Чэнь Гапін выступіў з прыгожай і змястоўнай прамовай. І пра наша свята мы пастараліся максімальна расказаць ў кітайскіх СМІ. Вось так тут, у Пекіне, яно і прайшло. Натуральна, што і ў амбасадзе мы асобна нашым калектывам яго адзначылі, як звычайна беларусы ўмеюць адзначаць дарагую сэрцу падзею.

Кар: - Анатоль Афанасьевіч, на Ваш погляд, ці трэба сёння папулярызаваць Беларусь у Кітаі? Ці шмат ведаюць кітайцы пра нашу краіну?

А.Тозік: - Абавязкова трэба. Нягледзячы на сумесныя намаганні, і ў Кітаі сёння вельмі мала ведаюць пра Беларусь, і ў Беларусі, на жаль, вельмі мала ведаюць пра сучасны Кітай. Кітайцам трэба больш распавядаць пра нашу краіну, пра ўзаемавыгаднасць нашага супрацоўніцтва. Мы сёння маем усе падставы працаваць з Кітаем на роўных. Нягледзячы на рознасць эканамічных патэнцыялаў, мы, я перакананы, патрэбныя адзін аднаму. Мы аб'ектыўна зацікаўленыя і ў палітычным, і ў гандлёвым, і ў крэдытна-інвестыцыйным супрацоўніцтве. Сёння мы важныя для Кітая як еўрапейская «пляцоўка», як краіна, што выключна добра ставіцца да Кітая, да кітайскіх грамадзян, як краіна, якая гатова прадаставіць максімальна спрыяльныя ўмовы для кітайскіх кампаній, інвестыцый, кітайскага бізнесу. А нам Кітай патрэбны і важны як краіна, якая імкліва развіваецца і ўжо па многіх напрамках выйшла на перадавыя сусветныя рубяжы, напрыклад, у галіне тэхналогій, абсталявання, і якая сёння можа і гатова падзяліцца сваімі дасягненнямі з Беларуссю.

Кар: - Я, са свайго боку, хацеў бы адзначыць перспектыўнае развіццё адносін з Кітаем у галіне культуры і ўвогуле ў гуманітарнай сферы ...

А.Тозік: - І гэта сапраўды так. Напрыклад, штогод па чарзе праводзяцца Дні культуры Беларусі ў Кітаі і Дні культуры Кітая ў Беларусі. У гэтых мерапрыемствах, як правіла, бярэ ўдзел вялікая колькасць людзей. З задавальненнем магу адзначыць, што апошнія гады актыўна развіваецца навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. І тут я адзначыў бы намаганні Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Не так даўно яны ўдзельнічалі ў выставе навукова-тэхнічных дасягненняў у Харбіне. Мы стварылі там сумесны беларуска-кітайскі інавацыйны цэнтр, некаторыя цікавыя праекты ўжо рэалізуюцца. І гэта радуе. Думаю, што ў бліжэйшы час мы створым некалькі сумесных прадпрыемстваў у Кітаі па ўкараненні нашых навукова-тэхнічных дасягненняў і выпуску прадукцыі.

Яшчэ я лічу, што нам трэба надаваць больш увагі Рэспубліканскаму інстытуту кітаязнаўства. На жаль, ён створаны толькі тры гады таму і вельмі павольна набірае абароты, хаця мы задумвалі яго як буйны цэнтр па вывучэнні Кітая і аказанні метадычнай дапамогі па ўсіх напрамках двухбаковых адносін. Нядрэнна было б стварыць яшчэ адзін-два такія інстытуты. Гэта, напрыклад, можна зрабіць у БНТУ, там у нас сёння добры цэнтр па супрацоўніцтве з Кітаем, асабліва ў тэхнічных галінах. І кіраўніцтва ўніверсітэта зацікаўлена ў гэтым. У Гродне станоўча развіваецца тэндэнцыя вывучэння Кітая – там таксама можна стварыць падобны цэнтр. У некаторых еўрапейскіх краінах існуе па некалькі Інстытутаў Канфуцыя. Калі ёсць добрая база і жаданне двух бакоў, то можна некалькі такіх устаноў стварыць і ў нас.

Кар: - Анатоль Афанасьевіч, 3 ліпеня Беларусь адзначае галоўнае сваё дзяржаўнае свята – Дзень незалежнасці. Знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад Радзімы, што б Вы маглі пажадаць беларусам?

А.Тозік: - Вядома, я рады, што маю магчымасць адсюль, з далёкага Пекіна, павіншаваць ўсіх грамадзян Беларусі з гэтым вялікім для ўсіх нас святам. Я пяты год маю гонар прадстаўляць сваю родную Беларусь у вялікім Кітаі. І многае, вядома, з гэтых пазіцый бачыцца некалькі інакш, чым знутры краіны. Я хачу з перакананнем сказаць, што адсюль Беларусь бачыцца як прыгожая, самадастатковая еўрапейская дзяржава, якая ўпэўнена глядзіць у будучыню, стварае максімальна камфортныя ўмовы для жыцця людзей, карыстаецца вялікай павагай у суседзяў. І я шчыра хачу пажадаць, каб рух па шляху будаўніцтва сучаснай, незалежнай, прыгожай Беларусі працягваўся, і каб людзі адчувалі сябе максімальна камфортна ў нашай зялёнай, утульнай Беларусі і ганарыліся, што лёс даў ім магчымасць жыць у такой краіне.

Раман Мышкоўскі, Беларуская служба МРК

Спасылкі па тэме
Каментаваць
   Выбраць перадачы:
фотаздымкі
Самае чытанае
StopPlay
© China Radio International.CRI. All Rights Reserved.
16A Shijingshan Road, Beijing, China. 100040