Чжунцюцзе называюць яшчэ Святам ураджаю, бо па часе ён супадае з заканчэннем уборачных работ. Гэта свята называюць таксама Святам багіні Месяца. Старажытныя народы, якія пражывалі ў раёнах са спякотным кліматам, асабліва ўшаноўвалі Месяц. У народзе бытуе легенда, звязаная з гэтым святам.
У спрадвечны час на небе з'явіліся дзесяць сонцаў. З-за страшнай засухі вымерлі ўсе пасевы, жыццё народа стала невыносным. Жыў у тыя часы на свеце герой па імені І, ён валодаў неверагоднай сілай. І падняўся на вяршыню гары Куньлунь, нацягнуў цеціву, запусціў стрэлы ў дзевяць сонцаў, і яны ўпалі. Ён загадаў сонцу, што засталося, своечасова ўзыходзіць і апускацца. Стралок І, чый гераічны ўчынак прынёс людзям вялікае шчасце, заслужыў павагу і любоў народа. Многія прыхільнікі І пайшлі да яго ў вучні, адным з іх быў чалавек па імені Пэнмэн. І меў прыгожую жонку Чан Э. Аднойчы ён адправіўся на гару Куньлунь, каб наведаць там свайго сябра. На шляху ён сустрэў нябесную ўладарку Сіванму. Яна падарыла І эліксір неўміручасці і сказала, што, выпіўшы яго, І можа тут жа падняцца на неба і атрымаць вечнае жыццё. Але І не захацеў пакідаць любімую Чан Э, таму ён аддаў эліксір неўміручасці на захаванне жонцы. Пэнмэн выпадкова ўбачыў, як Чан Э хавала напой у скрыначку для каштоўнасцяў.
Аднойчы, калі І не было дома, Пэнмэн прыйшоў да Чан Э. Пагражаючы мячом, ён стаў патрабаваць ад Чан Э эліксір вечнага жыцця. Чан Э разумела, што яна не саперніца Пэнмэну. Таму ёй не заставалася нічога іншага, як самой праглынуць эліксір. Тут сталі адбывацца цуды. Чан Э адарвалася ад зямлі, вылецела праз акно і паляцела на Месяц. Пэнмэн уцёк ні з чым.
Стралок І быў забіты горам, калі ён даведаўся аб здарэнні. Узіраючыся ў начное неба, ён клікаў сваю каханую. Раптам ён са здзіўленнем заўважыў, што ў гэтую ноч Месяц быў асабліва ясны і светлы, і на ім прамільгнуў цень, падобны на Чан Э. І з усяе сілы памчаўся за Месяцам, але, як ён не стараўся, не мог яго дагнаць.
Кожны дзень ён сумаваў па жонцы. Стралок І загадаў усталяваць у садзе, у якім любіла гуляць Чан Э, столік для курыльніцы, паставіць на яго любімыя жонкай прысмакі і садавіну ў якасці ахвярапрынашэння. Даведаўшыся, што Чан Э трапіла на Месяц і набыла вечнае жыццё, людзі адзін за адным сталі ўсталёўваць у вячэрнія гадзіны пад Месяцам курыльніцы і прасіць Чан Э аб шчасці і дабрабыце. З тых часоў у народзе распаўсюдзіўся звычай у дзень Сярэдзіны восені пакланяцца Месяцу.-0-